РЫГОР ШАЦЬКО ЗАПРАШАЕ НА ЮБІЛЕЙНЫ СПЕКТАКЛЬ!

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, вядучы майстар коласаўскай сцэны Рыгор Іванавіч Шацько нарадзіўся ў невялічкім пасёлку Ракаў, што на Міншчыне. З яго дзедам быў знаёмы сам народны паэт Беларусі Якуб Колас. У яго творчай спадчыне нават ёсць радкі, прысвечаныя сустрэчам з ім:

А Шацька мёдам пачастуе
І чарку поўную налье…

16 красавіка Рыгор Іванавіч Шацько адзначае 60-гадовы юбілей. А 14 красавіка, на вялікай сцэне адбудзецца прэм’ерны паказ спектакля «Бальніца на краі свету», прымеркаваны да гэтай круглай даты. Запрашаем!

Невыпадкова жыццёвы лёс звязаў Рыгора Іванавіча з Коласаўскім тэатрам... А ў спектаклі «Зямля» паводле творчасці народнага песняра Рыгор Шацько выйшаў у вобразе самога Якуба Коласа.

Першае знаёмства з Коласаўскім тэатрам адбылося яшчэ пад час вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, калі студэнты другога курса – вучні выдатнага педагога А.Бутакова – прыехалі ў Віцебск, каб паказацца перад мастацкім кіраўніцтвам. Рыгор Шацько тады з задавальненнем іграў у чэхаўскай «Прапанове». А пазней, у 1984-м, ён трапіў у Коласаўскі тэатр і застаўся тут на ўсё жыццё.

Першай буйной роляй стаў Аляксандр Залатнікоў у спектаклі «Ах, які пасаж!” паводле рускіх класічных вадэвіляў. Шацько іграў маладога хлопца, што цягаецца за кожнай спадніцай. А сцэнічны партнёр Уладзімір Куляшоў іграў яго бацьку-выхавацеля. Кожнае з’яўленне гэтай пары выклікала дружны смех у глядзельнай зале.

Потым з’явіліся новыя цікавыя ролі – Тэзей у «Сёмым подзвігу Геракла» М.Рошчына, Тыбальт з «Рамэо і Джульеты» У.Шэкспіра, Ніл у «Мяшчанах» М.Горкага, Дзмітрый з «Плюшавай малпачкі ў дзіцячым ложку» М.Яблонскай. З кожнай новай работай Шацько даказваў, што валодае ўніверсальнай акцёрскай прыродай і паступова падыходзіў да самых яскравых, знакавых сваіх работ, якімі сталі Астраў у «Дзядзі Вані» А.Чэхава, Элхонен-Гурмізах з «Тайбелэ і яе дэмана», Журдэн са «Здурнелага Журдэна» М.Булгакава, Піліп з «Пакрыўджаных» Л.Родзевіча… Рыгор Іванавіч мог узбуйніць ролю да такога маштабу, што менавіта яна аказвалася ў цэнтры спектакля. У спектаклі «Дзядзя Ваня» ён стварыў характар сапраўднай моцнай асобы. Яго доктар выпраменьваў надзвычайны магнетызм, які прыцягваў да сябе такіх розных жанчын, як Соня і Алена Андрэеўна. Артыст дакладна перадаваў сусветны сум Астрава, які сам сябе свядома асуджаў на адзіноту.

Калі ж казаць пра эпізоды (іх таксама было багата ў яго творчай біяграфіі), то і яны аказваліся запамінальнымі. Возьмем хаця б яго Камісара са спектакля «Шагал…Шагал…» па п’есе У.Драздова. У выкананні Рыгора Іванавіч гэта нават не асобна ўзяты, нават вельмі агідны чалавек, а абагульнены тып, увасабленне той савецкай сістэмы, што нішчыла ўсё, што не ўкладалася ў пэўныя ідэалагічныя догмы.

З 1997 па 2012 год Рыгор Іванавіч Шацько працаваў на пасадзе дырэктара тэатра, клапаціўся пра павышэнне творчага патэнцыялу трупы, рост аўтарытэту тэатра ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі. Па яго ініцыятыве на акцёрскім аддзяленні Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў завочна рыхтаваліся спецыялісты для работы ў тэатры імя Якуба Коласа. Да сённяшняга часу пошуку маладых талентаў садзейнічаюць сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр», якія пачалі праводзіцца на базе тэатра з 1997 года пры ўдзеле дырэктара.

За актыўную дзейнасць па развіцці фестывальнага руху і арганізацыі зарубежных гастроляў ён ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «За развіццё міжнародных культурных сувязяў» (2002).

За апошнія тэатральныя сезоны ў рэпертуары артыста з’явіліся новыя работы. У спектаклі «Да трэціх пеўняў» паводле аповесці Васіля Шукшына ён выконвае адразу тры ролі: Ільі Мурамца, Стражніка і Першай галавы Гарыныча. Асабліва ж яму ўдаецца вобраз Змея, дакладней, яго часткі. Першая галава – самая важная, яна верхаводзіць іншымі, нездарма ж носіць маршальскую папаху – знак асаблівага першынства. Сентыментальная, слязлівая, неабыякавая да рамансаў, яна ніяк не можа зразумець дзёрзкасці простага мужыка. У вобразе Актаўё, бацькі Фінэі з класічнай камедыі Лопэ дэ Вегі «Дурнічка» Рыгор Шацько тонка даносіць закладзеныя аўтарам гумар і іронію. Дзякуючы вялікаму акцёрскаму досведу, артыст быццам вядзе за сабой маладых выканаўцаў, ствараючы вакол сябе шырокае энергетычнае поле. А старадаўнія паэтычныя радкі з яго вуснаў гучаць вельмі арганічна.

У апошняй прэм’еры тэатра – драматычнай камедыі сучаснага балгарскага драматурга Хрысты Бойчава «Бальніца на краі свету» – заслужаны артыст стварыў вобраз Дзеда. Грунтоўны, мажнога целаскладу, ён умацоўвае іншых хворых сваёй упэўненасцю, бездакорнай логікай і матывацыяй. У палаце ён аўтарытэт. Разам з тым вобраз асацыюецца і з горкаўскім Лукой з класічнай п’есы «На дне».

Квіткі на спектакль «Бальніца на краі свету» можна набыць
у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце КВІТКІ.БАЙ.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X