ПРЭМ'ЕРА!!! НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ – «БЕЛЫ АНЁЛ З ЧОРНЫМІ КРЫЛАМІ»

Коласаўскі тэатр пачынае свой юбілейны год прэм’ерай спектакля «Белы анёл з чорнымі крыламі» – па п’есе беларускага драматурга Дзіяны Балыка. З яе творчасцю віцебскі глядач ужо знаёмы па спектаклю коласаўцаў «Псіхааналітык для псіхааналітыка». І вось – другая сустрэча з таленавітай аўтаркай, якая не саромеецца няёмкіх тэм, балючых пытанняў, разглядае іх у нязвыклым ракурсе.
Тэма новай пастаноўкі блізкая кожнаму – адзінота чалавека ў шалёным і страшэнна халодным свеце, дзе часцяком нават самым блізкім людзям няма да цябе аніякае справы. Жанравы ракурс, погляд на праблему выбраны рэжысёрам, заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкім кіраўніком коласаўскага тэатра Валерыем Анісенкам – востра псіхалагічная драма з акрэсленым сацыяльным падтэкстам. І адрасаваны спектакль найперш маладому гледачу.
Маладая паэтка Ніна яшчэ не вызначылася ні ў прафесіі, ні ў каханні. Яна проста хоча адчуваць жыццё напоўніцу, казаць сваю праўду, быць асобай… І тут – моцнае выпрабаванне: станоўчы вынік аналізу на ВІЧ-інфекцыю. Другі станоўчы вынік аналізу на ВІЧ-інфекцыю. Шок! І няма каму падтрымаць… Як самастойна вызваліцца ад цяжару ўнутранага болю, як знайсці выйсце з тупіка цёмных эмоцый? Пакаштаваць «экстэзі», ЛСД ці спайс? Парэзаць вены? А можа, доктар здольны стаць выратавальнікам, расказаць, што такое дабро і любоў…
А яшчэ Ніне пастаянна сніцца белы анёл з чорнымі крыламі. Але што гэта за сімвал – дапамога вышніх сіл ці папярэджанне пра хуткі скон?
Гераіня патрапіла ў клетку адзіноты, заблыталася ў ланцугах непаразумення і няўпэўненасці. Яна крычыць ад безвыходнасці і шукае дапамогі. Ці зможа дакрычацца?
Сцэнаграфію, касцюмы і відэарад прыдумаў мастак Андрэй Жыгур, музыку і музычнае афармленне падабраў Аляксандр Крыштафовіч, пластыку стварыла Дзіяна Юрчанка.
У спектаклі занятыя: Святлана Сухадолава (Ніна Віч), Галіна Букаціна і Алена Шарэпчанка (Вольга, маці Ніны), Георгій Лойка і Юрась Цвірка (Вадзім, айчым Ніны), Анастасія Рэўчанка (Аркадзія, зводная сястра Ніны), заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова і Тамара Скварцова, Валянціна Багданава (Бабуля Ніны), Арцём Блахін (Пашка, бойфрэнд Ніны), Яўген Бераснеў (Самойлаў, доктар), Юлія Крашэўская (Анжаліка, медсястра) і іншыя.
Прэм’ерныя паказы спектакля «Белы анёл з чорнымі крыламі» адбудуцца
16 і 17 студзеня а 18-й гадзіне.
Чакаем вас у тэатры! Сачыце за афішай!
Любіце Коласаўскі тэатр, як ён любіць вас!
Добавить комментарий