ПРАЕКТ АНДРЭЯ ЖЫГУРА «МЕТРО» – АДЗІН З ПЕРАМОЖЦАЎ РЭСПУБЛІКАНСКАГА КОНКУРСУ РЭЖЫСЁРСКІХ ЭКСПЛІКАЦЫЙ

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прыняў удзел у Рэспубліканскім конкурсе рэжысёрскіх эксплікацый. Вынікі падведзены.
У лістападзе ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь адбыўся другі этап конкурсу, дзе праекты рэжысёраў разглядаліся ў форме вочнай адкрытай абароны. Ацэньвала эксплікацыі моцнае прафесійнае журы: дацэнт факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат мастацтвазнаўства, тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў; дэкан тэатральнага факультэта, прафесар, заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Мішчанчук; мастацкі кіраўнік тэатра імя М. Горкага, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчык; кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, рэжысёр Таццяна Траяновіч; рэжысёр-пастаноўшчык, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі Аляксей Ляляўскі.
Адным з 10-ці пераможцаў конкурсу стаў Андрэй Жыгур, які прадстаўляў ад імя Коласаўскага тэатра праект «Метро» па п’есе беларускага драматурга Аляксандра Савухі. Жанр п’есы вызначаны як цёмная камедыя са святлом у канцы тунэля. Праблема самапазнання, выбару, разважанне аб належным уласным шляху. Не ўсё можна купіць за грошы, а за свае ўчынкі рана ці позна прыйдзецца адказваць — менавіта на гэтыя тэмы Андрэй Жыгур хоча паразважаць з гледачом у сваёй пастаноўцы. Прэм’ера спектакля запланаваная на камернай сцэне тэатра восенню 2020 года, на пачатку 95-га сезона.
На сёння Андрэй Жыгур – малады перспектыўны тэатральны сцэнограф. Ён скончыў мастацка-графічны факультэт (2005) і магістратуру (2006) Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава, аспірантуру Беларускай дзяржакадэміі мастацтваў (2010), курсы дадатковай прафесійнай адукацыі Вышэйшай школы сцэнічных мастацтваў (г.Масква, 2019), майстэрня народнага артыста Расіі Канстанціна Райкіна. З восені 2019 года навучаецца ў Вышэйшай школе сцэнічных мастацтваў на спецыяльнасці «Рэжысура тэатра», майстар курса – Канстанцін Райкін.
З 2006 года Андрэй Жыгур працуе мастаком у тэатры імя Якуба Коласа. У якасці мастака-пастаноўшчыка стварыў сцэнічнае афармленне і эскізы касцюмаў больш за 20 спектакляў. На сцэне тэатра імя Якуба Коласа – «Леанарда ?» Э.Флізара (пастаноўка А.Марчанкі), «In-side-Out» – эксперымент па п’есе Э.Уолша «Дублін, які засмоктвае цябе» (пастаноўка Т.Навумавай (Германія), «Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі В.Анісенкі, спектакль – удзельнік Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі, 2014), «Гэта ўсё яна» А.Іванова (пастаноўка А.Марчанкі), «Белы анёл з чорнымі крыламі» Д.Балыка (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі В.Анісенкі), «Цень думкі нашай» Ф.Аляхновіча (пастаноўка Н.Обухавай, спектакль – удзельнік беларускага шоўкейса на фестывалі «TEART-2017»), «Матылёк... Матылёк...» А.Нікалаі (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі В.Анісенкі), монаспектакль Зінаіды Гурбо «Незагойная рана», «Глыток чужога віскі» Л.Агулянскага (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі В.Анісенкі), «Смешныя людзі» паводле А.Чэхава (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Ю.Пахомава), «Яшчэ раз пра каханне» паводле В.Шукшына (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Ю.Пахомава).
У Цэнтры візуальных і выканаўчых мастацтваў «АртКорпорейшн» (Мінск) – «Опіум» В.Каралёва (пастаноўка А.Марчанкі, спектакль – удзельнік беларускага шоўкейса на фестывалі «TEART-2017»), «Аnti[gone]». (пастаноўка А.Марчанкі, спектакль – удзельнік беларускага шоўкейса на фестывалі «TEART-2017»), «С училища» А.Іванова (пастаноўка А.Марчанкі, спектакль – удзельнік беларускага шоўкейса на фестывалі «TEART-2018»).
У Гомельскім абласным драматычным тэатры – «Деревья умирают стоя» А.Касоны і «Уваскрэсенне Лазара» Г.Ганчарова (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі В.Анісенкі).
У Мінскім абласным драматычным тэатры – «Время секонд-хенд» С.Алексіевіч, «Любовь.Собака@.Точка.Ru» і «Дирижёр» Л.Агулянскага (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі В.Анісенкі).
У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі – «Это всё она» А.Іванова (пастаноўка М.Дабраўлянскай (Польшча), спектакль – удзельнік беларускага шоўкейса на фестывалі «TEART-2017»).
У межах тэатральнай лабараторыі «Telpa Daugavpils» – сцэнаграфія да спектакля «Крики чаек» А.Іванова.
З 2017 года ўваходзіць у склад Беларускага саюза мастакоў у секцыі тэатральных мастакоў. Прадстаўляў Беларусь на II і III Міжнародных маладзёжных тэатральных форумах краін СНД, Балтыі і Грузіі ў 2016 годзе (Мінск) і 2018 годзе (Ерэван).
Выдадзены аўтарскія тэатральныя плакаты да спектакляў рэпертуару Коласаўскага тэатра – «Дадому», «Ветрагоны», «Кракаўскі студэнт», «Макбет», «Пахавайце мяне за плінтусам», «Ліфт», «Рамэа і Джульета», «Гэта ўсё яна», «Што баліць», «Я вольны!», «Дажыць да прэм'еры», «Песні ваўка», «Глыток чужога віскі», «Смешныя людзі», а таксама рэпертуараў іншых тэатраў – «Время секонд-хенд», «Гэта ўсё яна», «Дирижёр», «Уваскрэсенне Лазара», «С училища»…
Драматург Аляксандр Савуха нарадзіўся ў 1988 г. у Мінску. У 2011 г. скончыў факультэт транспартных камунікацый Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Будаўніцтва аўтамабільных дарог». З 2012 г. працуе выкладчыкам у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.
Сумесна са студэнтамі з 2006 г. займаецца тэатральнымі пастаноўкамі і здымкамі мастацкага кіно па ўласных сцэнарыях. У 2017 г. п'еса Аляксандра «Едва уловимые мстители…» увайшла ў шорт-ліст конкурсу-фестывалю маладой драматургіі «Любимовка» (Масква), у 2018 г. п'еса «…И листья вернутся к корням» увайшла ў шорт-ліст конкурсу-фестивалю сучаснай беларускай драматургіі «WriteBox».
Добавить комментарий