ПРА ВЫНІКІ «ШКОЛЬНАГА ТЭАТРА-26»

 

17 і 18 красавіка ў Віцебску, на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, адбыўся заключны этап гарадскога конкурсу драматычных калектываў устаноў сярэдняй і дадатковай адукацыі «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр-26». У ім узялі ўдзел творчыя каманды, якія сталі пераможцамі раённых адборачных этапаў, што праходзілі ў сакавіку. Патрапіць у фінал змаглі 12 тэатральных калектываў.

Значную частку конкурсных работ склалі так званыя аўтарскія спектаклі. Гэта значыць, што, пачынаючы ад літаратурнай асновы, яны нарадзіліся ў саміх калектывах. Такім чынам, часцей кіраўнікі (а бывае, што і самі ўдзельнікі) школьных тэатраў з’явіліся не толькі рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі, мастакамі-сцэнографамі, харэографамі, аўтарамі музычнага афармлення, але і выступілі ў якасці драматургаў. І гэта ў іх атрымалася. Сярод творцаў аўтараў – Таццяна Леаненкава (тэатральны калектыў «Амплуа» СШ №28), Уладзіслава Цвікі (узорная тэатральная студыя «Дарослыя дзеці» гімназіі №8), Канстанцін Ганчароў («Тэатр цудаў» СШ №12) і Ульяна Цвікі  – удзельніца тэатральнага калектыву СШ №7.

Апрача таго, у конкурснай афішы былі і нацыянальныя класікі (Янка Купала, Францішак Аляхновіч) і сучасныя беларускія аўтары – Людміла Рублеўская, Улада Альхоўская, Кацярына Чэкатоўская, Ігар Ів.

На другі дзень, перад узнагароджаннем, адбылася яшчэ гасцявая праграма. Калектыў «Тэатр цудаў» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі , якім кіруе Канстанцін Ганчароў, паказаў даволі незвычайны, можна сказаць, авангардны па форме спектакль «Дзіўныя людзі» Ігара Іва. У склад калектыву ўваходзяць не толькі школьнікі, але і навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў.

 

Другой работай, прадстаўленай на гасцявой праграме, была камедыя І.Ільфа і Я.Пятрова «Моцнае пачуццё» паводле п'есы А.Чэхава «Вяселле». Яе выконвалі таксама навучэнцы выпускога курса каледжа культуры і мастацтваў (кіраўнік курса Аляксандр Маханькоў). Дарэчы, сярод удзельнікаў спектакля можна было пазнаць і артыстаў-коласаўцаў, якія ўжо даўно сумяшчаюць вучобу з творчай працай у нашым тэатры - Іллю Блыкіна, Максіма Ратомскага, Рамана Волата і Дзмітрыя Філімоненкава.

 

Журы, у склад якога ўвайшлі рэжысёр-пастаноўшчык Коласаўскага тэатра Андрэй Жыгур (старшыня), вядучы рэдактар тэатра Алесь Замкоўскі, вядучы майстар коласаўскай сцэны, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Таццяна Ліхачова, выкладчык Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Алесь Маханькоў і метадыст Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Святлана Краўчанка імкнулася адзначыць многія знакавыя творчыя работы на конкурсе, таму дыпломаў было шмат.

Дыплом глядацкіх сімпатый атрымаў тэатральны калектыў сярэдняй школы №40 за спектакль «У лясным гушчары». Яго кіраўнік Аксана Ключко адзначаная за лепшую работу мастака-пастаноўшчыка па касцюмах. Соф’я Зайцава, выканальніца галоўнай ролі Дзяўчынкі, атрымала Дыплом за лепшы дэбют. А Дана Косач, якая іграла Бабу Ягу, – дыплом «За яскравае акцёрскае  выкананне».

 

За лепшае музычнае афармленне ўзнагароджаная Ульяна Цвікі  – яе аўтарскі спектакль «Яблыня і чалавек» (СШ №7, кіраўнік Таццяна Сушко), а выканаўца ролі Маленькага хлопчыка Максім Караткевіч адзначаны за яскравае выкананне ролі.

 

Такім жа дыпломам узнагароджаная Аліна Ільінчык за ролю Алі ў спектаклі «Аватары» тэатра «Арлекін» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік Юрый Іваноўскі). А яе калега па сцэне Марыя Вінаградава  адзначаная дыпломам за лепшы дэбют – за ролю Ціны-цян.

 

У спектаклі «Паўлінка» Янкі Купалы дыпломы за лепшую мужчынскую і жаночую ролі другога плану атрымалі артысты студыі тэатра «Роздум» гімназіі №4 – Аляксандр Ермачэнка (Адольф Быкоўскі) і Вікторыя Рымдзёнак (Паўлінка) адпаведна. А Вольга Карпіцкая і Зміцер Вішнеўскі ўзнагароджаны дыпломамі «За яскравае музычнае выкананне» за цудоўную ігру на цымбалах.

 

У спектаклі «Бракаваная» тэатральнага калектыву «Амплуа» СШ №28 дыплом за лепшую жаночую ролю другога плану атрымала Аліна Ляшко за ролю Сонечкі. А Соф’я Кавалеўская ўзнагароджаная дыпломам «За яскравае акцёрскае выкананне».

 

А вось прызавыя месцы на фестывалі размеркаваны наступным чынам.

III месца падзялілі тэатральныя калектывы «Прэм’ера і К» гімназіі №1 імя Ж.І.Алфёрава (кіраўнік Таццяна Быкава) і сярэдняй школы №24 імя М.Ф.Маскаева (кіраўнік Жанна Палякова).

Першы паказаў спектакль «Блог» па містычнай трагікамедыі Улады Альхоўскай «Гэта іншае». Героі – сучасная моладзь, якая захапляецца інтэрнэтам, сядзіць у гаджэтах, трапляе ў экстрэмальную сітуацыю, якая прымушае па-іншаму ацаніць і падзеі далёкага мінулага – Вялікай Айчыннай вайны, і духоўнае напаўненне свайго жыцця, крытычна паглядзець на свае ўчынкі. Юныя артысткі Арына Жданко, Кіра Краснова і Анастасія Барсукова былі ўзнагароджаныя дыпломамі «За яскравае акцёрскае выкананне».

 

Тэатральны калектыў сярэдняй школы №24 паказаў п’есу-казку «Янук, рыцар Мятлушкі» Людмілы Рублеўскай. Гэты матэрыял дастаткова апрабіраваны і нават ставіўся на коласаўскай сцэне. Журы годна ацаніла і майстэрства выканаўцаў, і рэжысёрскую фантазію, якая адлюстравался, у прыватнасці, у сукенках начніц. Сямён Рак, выканаўца ролі Кадука, узнагароджаны Дыпломам за лепшую мужчынскую ролю другога плану. А Дар’я Фрадкіна – дыпломам за яскравае выкананне за ролю Мятлушкі.

 

II месца таксама падзялілі між сабой дзве творчыя каманды – узорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (спектакль «Апошні сняданак» па п’есе К.Чэкатоўскай, кіраўнік Наталля Шлімакова) і ўзорная тэатральная студыя гімназіі №8 «Дарослыя дзеці» (спектакль «Чмо плюшавае..?», кіраўнік Уладзіслава Цвікі). На чале абодвух тэатраў – вопытныя рэжысёры, і таму журы і глядач чакаў яскравых, моцных пастановак. Чаканні спраўдзіліся. Абедзве работы закранаюць вострую сацыяльную праблематыку.

Спектакль «Апошні сняданак» пра тое, як дзве юныя гераіні, якія жывуць у сям'і з бацькам-алкаголікам, спрабуюць справіцца з гэтай праблемай. Што адчувае дзіця, якое расце ў сям'і, дзе адзін з бацькоў – алкаголік? Як спрабуе спраўляцца з гэтай бядой? Дзе шукае падтрымку і ці ўдаецца яму знайсці выйсце з такой сітуацыі? Ці магчыма вырашыць праблему самастойна, без удзелу дарослых?

 

За яскравае выкананне ўзнагароджаныя Дар’я Лукашэнка, Эліна Зерніна і Карына Багданёнак. Багдан Гарохаў за вобраз Віктара названы лепшым выканаўцам галоўнай мужчынскай ролі. Кіраўнік калектыву Наталля Шлімакова прызнана лепшым рэжысёрам конкурсу.

 

Работа студыі «Дарослыя дзеці» закранае іншую вострую тэму – наркаманіі ў падлеткавым асяроддзі. Кіраўнік Уладзіслава Цвікі даўно займаецца дакументальным тэатрам на іншай пляцоўцы, і гэта, відаць, пэўным чынам паўплывала на стварэнне гэтай пастаноўкі. У цэнтры сюжэту – дзве сястры, адна з іх – поўнасцю станоўчая дзяўчынка Маша (Ксенія Рэут), другая, Паліна (Дар’я Спінава), з пэўнымі схільнасцямі, займаецца не толькі ўжываннем наркотыкаў, але і іх распаўсюдам. У выніку драматычнай гісторыі няпростых стасункаў Машы з аднакласнікамі Паліна схіляе сваю сястру да ўжывання наркотыка. Ці застаецца Маша жывой ці памірае, застаецца невядомым. Аўтар пастаноўкі ставіць не кропку, а хутчэй пытальнік.

 

Дыпломам за яскравае выкананне ўзнагароджаная Ксенія Рэут. Дар’я Спінава прызнаная лепшай выканальніцай галоўнай жаночай ролі. Дыпломам за лепшую работу мастака-пастаноўшчыка па сцэнаграфіі адзначана Надзея Бараноўская. А сам спектакль «Чмо плюшавае..?» названы лепшым спектаклем для юнацтва.

 

I месца падзялілі тэатральны калектыў гімназіі №2 (кіраўнік Ульяна Ацясава) за спектакль «Хоба» па п’есе В.Маслюка і тэатр «Эцюд» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік Наталля Ганчарова) за спектакль «Маці, не бядуй…» па п’есе Ігара Іва.

У першай пастаноўцы паказаны вобраз пісьменніка, які збег ад сваёй прагнай да матэрыяльных выгодаў жонкі і такіх жа дзяцей кудысьці ў лясную пушчу, у гушчар, дзе ўдалечыні ад людзей збудаваў жытло. І вось нечакана лёс у вобразе ваўка Хобы падносіць яму падарунак – змерзлага хлопчыка-падлетка, які робіцца добрым анёлам-ахоўнікам героя. Ён спрабуе дапамагчы новаяўленаму бацьку пазбавіцца ад надакучлівых дамаганняў сваіх учэпістых родзічаў, якія ўяўна дэманструюць мужу і бацьку сваю любоў.

 

За яскравае выкананне ўзнагароджаная Ганна Бурдо – за ролю Таі. За лепшы дэбют адзначаны Марк Скрыннікаў – за ролю Вані. Лепшым выканаўцам галоўнай мужчынскай ролі прызнаны Іван Ляхоўскі за ролю «Ён». Сам спектакль атрымаў яшчэ і спецыяльны прыз Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

 

Другі спектакль – «Маці, не бядуй...» распавядае пра трагічнае каханне савецкай медсястры і палоннага нямецкага салдата ў апошнія дні Вялікай Айчыннай. Звышпільнасць вайсковага атачэння прыводзіць у выніку да пакарання смерцю абодвух маладых людзей.

 

За яскравае выкананне ўзнагароджаныя Адэліна Казлова і Іван Зіміраў. Надзея Гольцава прызнана лепшай выканальніцай галоўнай жаночай ролі – за вобраз Каці. Акрамя таго, спектакль «Маці, не бядуй...» названы лепшым увасабленнем п’есы на грамадзянска-патрыятычную тэматыку.

 

Галоўны прыз фестывалю - Гран-пры - дастаўся тэатральнаму гуртку «Тэатр цудаў» сярэдняй школы №12 імя Л.Філіпенкі, які паказаў спектакль «Зязюля» па п’есе Ігара Іва (псеўданім кіраўніка калектыву Канстанціна Ганчарова).

 

У цэнтры - звычайная сям’я, чальцы якой ніяк не могуць паразумецца адно з адным. І прычына ўся ў вельмі дзіўных паводзінах, спосабу існавання жонкі і маці, якая занята толькі сама сабой. Яна знаходзіцца ў нейкім сваім свеце мрояў і фантазій. Відаць, гэта сапраўды творчая натура. Але разам з гэтым адметным успрыманнем свету і мастацтва яна разбурае  сям’ю сваёй няўважлівасцю і эгацэнтрызмам. П’еса па сваёй атмасферы, праблематыцы нагадвае некаторыя чэхаўскія і горакаўскія п’есы. А спектакль па свайму стылю чымсьці падобны да леташняй пастаноўкі Канстанціна Ганчарова, якая таксама, дарэчы, атрымала галоўны прыз конкурсу «Школьны тэатр».

 

Віншуем пераможцаў і жадаем ім далейшага творчага росту!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X