ПЕРШЫ ТЭАТРАЛЬНЫ МЕСЯЦ ЗІМЫ. ЧАКАЕМ НА СНЕЖАНЬСКІХ СПЕКТАКЛЯХ!

 

Зусім хутка пачнецца каляндарная зіма. І тэатр імя Якуба Коласа запрашае сваіх гледачоў на спектаклі ў снежні! Спачатку раскажам пра вячэрнія спектаклі.

1 снежня, нядзеля (18:00), - гастролі артыстаў тэатра і кіно (Масква, Расія). Навагодняя рамантычная камедыя на 2-е дзеі «НОВОГОДНЕЕ ЧУДО В БОЛЬШОМ ГОРОДЕ» па п’есе Ірыны Ярмаковай.

 

Філолаг, эксперт па рускіх народных паданнях і міфах, жыве сваім спакойным звычайным жыццём, у якім усё раскладзена па палічках: жаніх, дысертацыя, тэлевізар, халадзільнік... Усё як ва ўсіх – нудна і штодзённа. Ні прыгод, ні жаночага шчасця. Але жыццё прымае зусім нечаканы зварот, калі на парозе зяўляецца нечаканы госць з гаваркім прозвішчам Аляксей Паповіч. Шэраг вясёлых і чароўных падзей прапануе гераіні перагледзець планы на сваё жыццё і не здзейсніць галоўнай памылкі – «выйсці за нялюбага».

Узроставае абмежаванне - 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

7 і 8 снежня - гастролі Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра імя М.Галубовіча.

7 снежня, субота (18:00), - монаспектакль «СПАСТИ КАМЕР-ЮНКЕРА ПУШКИНА» (Гісторыя няспраўджанага подзвігу) па п’есе Міхаіла Хейфеца.

 

Хлопчык Міша Пітунін не вызначаецца адменнымі талентамі. Акрамя аднаго – уменне трапляць у пераплёты. Рос Міша ў савецкія гады, калі адукацыя будавалася на ўдзёўбванні і навязванні. У выніку Міша яшчэ ў дзіцячым садзе прасякнуў глыбокай нянавісцю да класіка літаратуры Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, які здаваўся хлопчыку віной усіх бедаў. Гледачы пражывуць этапы яго сталення, убачаць, як паступова яго стаўленне да паэта змяняецца. Вобраз Пушкіна ў спектаклі метафарычны. Спектакль пралье святло на цікавыя дэталі асабістага жыцця тых, хто атачаў Пушкіна, – Жоржа Дантэса, Луі Гекерна, Наталіі Ганчаровай. І, магчыма, апынецца, што паэта можна было б выратаваць.

Узроставае абмежаванне - 18+. Спектакль ідзе на рускай мове.

8 снежня, нядзеля (18:00), - трагікамедыя «ПОСЛЕДНЯЯ ЛЮБОВЬ ДЕДА МОРОЗА» па п’есе Дар’і Верасовай.

 

Чаго толькі не здараецца пад Новы Год… Жыла сабе жанчына – шчасліва, ды не так, каб вельмі шчасліва. І раптам пад Новы Год сустрэла сваё першае каханне… у абліччы Дзеда Марозу, які ад фірмы на заказ са святам віншуе. Вось і атрымлівае папулярны навагодні персанаж яшчэ адзін заказ на навагодняе віншаванне – толькі віншаваць яму даводзіцца не дзіцё, а сталую жанчыну, Снягурку, так бы мовіць. І не схавацца ад сябе і ад кахання ў замкнёнай кватэры, да таго ж, ключ ад якой, дзіўным чынам губляецца.

Узроставае абмежаванне - 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

13 снежня, пятніца (19:00), - трагічная балада пра прынца Дацкага на 2-е дзеі «ГАМЛЕТ» па п’есе Уільяма Шэкспіра.

 

Неверагодна напружаная па сюжэце гісторыя пра маладога прынца Дацкага, які помсціць за смерць бацькі. Ён жадае справядлівасці – ад дзядзькі Клаўдзія, сённяшняга караля, і ад маці Гертруды, якая стала жонкай Клаўдзія, праз два месяцы пасля забойства мужа, бацькі Гамлета. Спектакль задае пытанні, на якія гледачы могуць самі знайсці адказы. Ці сапраўды Гамлет кахае Афелію? Магчыма, здань бацькі прынца – толькі правакатар свайго сына? Гамлет насамрэч звар’яцеў ці з’яўляецца ўдалым маніпулятарам сітуацыі, каб паспяхова ажыццявіць план помсты?

Працягласць спектакля – 2 гадзіны 30 хвілін з антрактам. Узроставае абмежаванне - 16+.

14 снежня, субота (18:00), - дэтэктыў сямейных адносін на 2-е дзеі «ВОСЕМ ЗАКАХАНЫХ ЖАНЧЫН» па п’есе Рабэра Тама «Восем жанчын».

 

Вось яна, мара кожнага (ну, амаль кожнага) мужчыны: калі вакол восем жанчын, і ўсе цябе любяць. Што можа быць лепей? Пачуваеш сябе на сёмым небе ад шчасця. Вядома, у глыбіні душы разумееш, што любоў іх не цалкам бескарыслівая, але ці бывае на свеце абсалютна бескарыслівая любоў? Жонка, яе сястра, цешча, дзве дачкі, дзве служанкі і родная сястра ахвяры – адносіны паміж імі вельмі і вельмі заблытаныя. Зайздрасць, рэўнасць, старыя крыўды – усяго тут намяшана. Але хто ж з гэтых улюбёных жанчын забіў беднага тату? І галоўнае – навошта?..

Працягласць спектакля - 2 гадзіны з антрактам. Узроставае абмежаванне - 16+.

17 снежня, аўторак (19:00), - рамантычная камедыя на 2-е дзеі «САМАЯ ЖАДАНАЯ» па п’есе Сяргея Гіргеля «Самая-самая» паводле французскай драматургіі.

 

Немалады пісьменнік, кінасцэнарыст Мацье шукае сюжэт для новага фільма. І адначасова спадзяецца знайсці шлях да сэрца Раксаны, ягонай натхняльніцы. Мацье прыдумляе для каханай усё новыя прыгоды. На гэты раз ён запрашае Дэвіда – забяспечанага, але вельмі цынічнага юнака, які спрабуе купіць пачуцці жанчыны за немалыя грошы. Адбываецца неверагоднае: у сэрцы Дэвіда нараджаецца сапраўднае каханне да Раксаны. Каму ж з дваіх мужчын гераіня аддасць перавагу?

Працягласць спектакля – 2 гадзіны з антрактам. Узроставае абмежаванне - 12+.

20 снежня, пятніца (19:00), - камедыя на 2-е дзеі «МАЯ ЖОНКА - ПАДМАНШЧЫЦА» па п’есе Маргарэт Мэё і Морыса Энэкена.

 

Уільям Гарысан – добры, надзейны муж, які марыць займець дзіця. І самы вялікі ягоны недахоп – нястрымнае пачуццё рэўнасці. Ягоная жонка Кэці думае толькі пра забавы і бесклапотнае жыццё і аднойчы ўтойвае ад мужа, што снедала ў рэстаране з сябрам сям’і Джымі Скотам. Уільям мог бы не заўважыць такую дробязь, але ж Кэці хлусіць яму пастаянна. Пасля чарговага скандалу муж сыходзіць з дому. Каб вярнуць каханага, Кэці вырашаецца на грандыёзны падман, падказаны сяброўкай Мэджы Скот.

Працягласць спектакля - 2 гадзіны з антрактам. Узроставае абмежаванне - 12+.

26 снежня, чацвер (19:00), - меладрама на 2-е дзеі «ГІСТОРЫЯ КАХАННЯ» паводле аднайменнай аповесці Эрыка Сігала.

 

У цэнтры падзей – кранальнае і трагічнае каханне Олівера Бэрэта да Джэніфер Кавілеры. Ён – паспяховы студэнт з Гарварда, будучы юрыст, імкнецца пазбавіцца ад уплыву бацькі-мільянера і стаць самастойным. Яна – дачка беднага італьянскага эмігранта, таленавітая перспектыўная навучэнка музычнага каледжа, разумная, наравістая. На жаль, на іх шляху ўзнікае шмат перашкод: і нязгода заможнага бацькі Олівера на шлюб закаханых, і далейшыя матэрыяльныя нястачы... Але самае моцнае выпрабаванне лёсу чакала іх наперадзе...

Працягласць спектакля – 1 гадзіна 40 хвілін з антрактам. Узроставае абмежаванне - 16+.

І які снежань без навагодняга спектакля. У гэтым годзе артысты тэатр імя Якуба Коласа раскажуць юным гледачам і іх бацькам чароўную казку «БЕЛАСНЕЖКА І СЕМ ГНОМАЎ» паводле братоў Грым.

Прынцэса-сірата Беласнежка вырасла і стала добрай, клапатлівай дзяўчынай, чым вельмі не задаволеная яе мачаха-каралева. Яна хоча быць адзінай кіраўніцай навакольных прастораў. Але Прынц, якога каралева ўзяла ў палон, не расказвае, як атрымаць прыхільнасць, павагу жывёл і раслін. А тут яшчэ і чароўнае люстэрка пастаянна нагадвае, што Беласнежка стала самай прыгожай на свеце. Каралева загадвае знішчыць падчарку. Але ў яе атрымліваецца схавацца ў доміку лясных жыхароў – братоў-гномаў. Калі хочаце даведацца, хто і як выратуе Беласнежку ад пераследу злой мачахі-каралевы – прыходзьце ў тэатр імя Якуба Коласа на дзіцячы спектакль. Скажам па сакрэце, што дабро ў любым выпадку пераможа зло, а ў сэрцах запануюць пачуцці сяброўства і любові.

Паказы спектакля «Беласнежка і сем гномаў» адбудуцца

21 снежня, субота, - 11:00, 14:30, 17:30
22 снежня, нядзеля, - 11:00, 14:30, 17:30
25 снежня серада, - 11:00, 14:30, 17:30
27 снежня, пятніца, - 18:00
28 снежня, субота, - 11:00, 17:30
29 снежня, нядзеля, - 11:00, 17:30

Пасля кожнага паказу юных гледачоў і іх бацькоў чакае навагодняе прадстаўленне каля ёлкі!

Узроставае абмежаванне - 0+.

Квіткі на ўсе спектаклі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).
Рэжым работы касы:
аўторак-пятніца - з 12:30 да 19:30
субота-нядзеля - з 12:30 да 18:30
Выходны - панядзелак.

 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

X