ПАДАРУНАК ЛЁСУ. ВЯДУЧАМУ МАЙСТРУ КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЫ ЗІНАІДЗЕ ГУРБО – 75!

5 ліпеня актрыса, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнагатэатра імя Якуба Коласа Зінаіда Гурбо адзначае свой юбілей – 75-я ўгодкі з дня нараджэння.

Удалы пачатак

Адной з годных прадстаўніц старэйшага пакалення коласаўцаў Зінаіда Міхайлаўнай давялося працаваць поруч з такімі карыфеямі тэатра, як народныя артысты СССР Аляксандр Ільінскі і Фёдар Шмакаў, народныя артысты Беларусі Цімох Сяргейчык, Анатоль Шэлег, Іосіф Матусевіч, Уладзімір Куляшоў, Галіна Маркіна і многімі іншымі. Таму размеркаванне ў Беларускі драматычны тэатр імя Якуба Коласа пасля заканчэння ў 1965 годзе Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (дарэчы, выпускніца акцёрскага аддзялення сама выбрала Віцебск) яна лічыць падарункам лёсу.

Зрэшты, і раней Зінаідзе Гурбо добра пашанцавала, калі яна вытрымала вялікі конкурс і трапіла на курс выдатнага майстра, народнага артыста БССР Дзмітрыя Арлова. Для простай вясковай дзяўчыны са Случчыны, якая ніколі ў жыцці не бывала ў тэатры, гэта здалося нечаканасцю і сапраўдным шчасцем. Вучылася будучая актрыса разам з заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі, колішнім мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра Валерыем Анісенкам, знакамітым коласаўцам, заслужаным артыстам Беларусі Баляславам Сяўко, вядомымі сталічнымі артыстамі Святланай Некіпелавай, Юліяй Палосінай, Леанідам Улашчанкам.

Першыя ролі і першыя поспехі

Першай вялікай роляй на коласаўскай сцэне стала нямецкая дзяўчына Брунгільда ў антыфашысцкім спектаклі «Гарачае лета ў Берліне» паводле папулярнага ў тыя часы рамана аўстралійскай пісьменніцы Д.К’юсак. Пазней былі Зося Савіч з «Сэрца на далоні» І.Шамякіна і Калугіна ў «Саслужыўцах» Э.Брагінскага і Э.Разанава (апошнія дзве ролі Зінаіда Міхайлаўна іграла на пару з народнай артысткай Беларусі Галінай Маркінай).

У спектаклі «Кастусь Каліноўскі» па п’есе У.Караткевіча Зінаіда Гурбо ўвасабляла вобраз Беларусі. У пралогу трагедыі на сцэну выходзіла жанчына ў чорным і звярталася да гледача з палымяным маналогам, напоўненым глыбокім унутраным болем. Гэта быў вобраз-знак, вобраз-сімвал. Яе з’яўленне ў спектаклі выразна падкрэслівала яго жанравую своеасаблівасць і надавала твору касмічны маштаб, філасофска-абагульнены змест.

Іграла жанчын «з норавам»

Па сваіх акцёрскіх дадзеных – строгай постаці, выразнаму, багатаму па тэмбры голасу, Зінаіда Гурбо – тыповая «сацыяльная гераіня». Мабыць, таму ёй давялося сыграць шмат моцных, валявых жанчын, як кажуць, «з норавам». Глядач «з вопытам», пэўна, добра памятае яе фанабэрыстую, ганарлівую Ірэну з «Брыльянта» Е.Пшэздзецкага; строгую бескампрамісную Галю (старшую дачку Калабка) з «Трыбунала» А.Макаёнка; жыццёва мудрую, але духоўна абмежаваную Маці ў адной з навел спектакля «Такое дзіўнае каханне»; мужную, высакародную лэдзі Глостэр з «Генры VI» У.Шэкспіра; разбэшчаную Наталі з «Кахання па перапісцы» Л.Вашко.

 

Але іншым разам у гэтых жаночых гісторыях прасочвалася журботная нота, калі актрыса праз вонкавую зацятасць, стрыманасць, валявую моц, самадастатковасць магла паказаць безабароннасць, неўладкаванасць, прагу да простага сямейнага шчасця сваіх гераінь. Такой была яе Агюстына з дэтэктыва Рабэра Тама «Восем жанчын закаханых» – недарэчная, смешная, але кранальная ў сваім амаль дзіцячым эгаізме, Гіза з «Метамарфоз кахання» Іштвана Эркеня, якая з’ехала з радзімы, але ў сытай, забяспечанай Германіі так і не змагла знайсці сапраўднага шчасця, душэўнага дабрабыту. Такая ж і Піскунова (драматург Алена Папова нават не ўзнагародзіла яе імем, каб падкрэсліць характар) у «Маленькім свеце» – параўнальна нядаўняя работа актрысы. «Свабодная ільвіца», яна дэкларуе сваю незалежнасць, дэманструе браваду, але прагне зусім іншага – кахання, душэўнай прыхільнасці да блізкага чалавека. І з’яўленне ў спектаклі маладога юнака Артура, які, быццам анёлак з нябёсаў, апынуўся ў асяроддзі адзінокіх жанчын, раскрывае і яе сапраўдную сутнасць.

   

Вобразы ўсяго жыцця

Роля Бернарды Альбы ў сумесным беларуска-балгарскім праекце «Дом Бернарды Альбы» – мабыць, той вобраз, да якога актрыса рушыла ўсё жыццё. І гэтую прапанову мастацкага кіраўніка тэатра, а потым працу па ўвасабленню складанага матэрыялу таксама можна лічыць падарункам лёсу. Спектакль атрымаўся цікавым. Гэта не зусім традыцыйнае прачытанне вядомай драмы Федэрыка Гарсія Лоркі. Ён ішоў на амаль пустой сцэне, і гэта вымагала ад артыстаў асаблівай аддачы, канцэнтрацыі ўсіх унутраных магчымасцей, умелага размеркавання сіл, эмоцый, энергіі. Па задуме рэжысёраў Ёрдана Славейкава і Дзмітра Дзмітрава некалі магутнай Бернардзе ўсё менш удаецца трымаць пад сваёй уладай яе жытло. Сюжэт спектакля – паступовы злом пэўнага парадку рэчаў, які трымаецца на сляпой уладзе, на бязвольным падпарадкаванні ёй. Немінучы крах такога парадку ўжо першапачаткова закладзены ў яго заснавальніцы – гаспадыні дома, дзе пануе цемра і страх, адсутнасць кахання і спагады, спачування да блізкіх людзей.

   

У 2016 годзе актрыса падрыхтавала самастойную работу – монаспектакль «Незагойная рана», які пазней увайшоў у рэпертуар тэатра. Спектакль складаецца з трох навел. Першая з іх – «Незагойная рана» па апавяданню народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Страшная трагедыя народа тут падаецца праз прызму ўспрымання простай вясковай кабеты Тэклі, якая страціла свайго сына-салдата, і ніяк не можа змірыць сваю свядомасць з гэтай самай цяжкай для яе стратай. Падзеі другой сцэнічнай навелы – «Memento mori» – па аднайменным аповедзе Янкі Брыля. Герой яе – просты пячнік, які адмаўляецца прыняць ад ката ў падарунак жыццё і ідзе на смерць разам са сваімі аднавяскоўцамі. Кульмінацыйны момант спектакля – дыялог зондэрфюрэра з печніком. Актрысе выдатна атрымалася перадаць супрацьстаянне двух характараў, а праз іх – дзвюх сістэм, адной, заснаванай на маральных, духоўных каштоўнасцях, і другой – антычалавечай. Завяршае спектакль трэцяя навела – па «Баладзе смяротнікаў» яшчэ аднаго выбітнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Гэта свайго споведзь і разам з тым абвінавачванне вязняў лагера смерці.

Нягледзячы на тое, што на сцэне толькі адна актрыса, Зінаіда Гурбо трымае, зараджае сваёй энергетыкай, эмацыйнай напругай глядзельную залу, не пакідае ўражанне, што за адной фігурай, за адной абагульненай выявай узнікаюць многія іншыя, чые лёсы, чые душы, сэрцы спапяліла вайна.

У снежні мінулага года монаспектакль «Незагойная рана» прыняў удзел у Міжнародным тэатральным фестывалі «Театральное вече», прысвечаным 75-годдзю вызвалення Вялікага Ноўгарада (Расія) ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Работа актрысы атрымала самую высокую ацэнку крытыкаў і гледачоў.

У апошнія сезоны Зінаіда Міхайлаўна сыграла некалькі роляў у дзіцячых спектаклях. Гэта Баба Яга ў казцы «Дзівосы ў навагоднім лесе» Дз.Галубецкага, Барабуля – «Вядзьмарка і Дыназаўрык» А.Якімовіча, Мыш з «Прыгод Дзюймовачкі» П.Ісайкіна, фея Дажджу - «Агнявы Леў» А.Кружнова.

   

У дарослым рэпертуары актрысе давялося сустрэцца з горкаўскім вобразам нянькі Фядоссі ў «Апошніх». У спектаклі коласаўцаў яна больш маўчыць, але ў гэтым маўчанні і нешматлікіх рэпліках адчуваюцца і яе пачуццё ўласнай віны, і боль за блізкіх ёй людзей – Якава, Любові і дзяцей – Веры і Пятра. Апошняя па часе роля актрыса – Сэлія ў меладраме «Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва» па п’есе Франсуазы Саган. Яна таксама з нешматслоўных. У гэтым складанасць вобраза, які патрабуе ад выканаўцы вельмі праўдзівага і дакладнага сцэнічнага існавання.

 

У акцёрскай прафесіі і ў службовых абавязках памочніка рэжысёра Зінаідзе Міхайлаўне дапамаглі высокія чалавечыя якасці. Перш за ўсё гэта сапраўдная інтэлігентнасць, тактоўнасць, стрыманасць, добрыя ўважлівыя адносіны да калег у спалучэнні з пачуццём уласнай годнасці.

У гэты святочны дзень тэатр віншуе Зінаіду Міхайлаўну з юбілеем
і жадае ёй моцнага здароўя, трываласці духу, творчага натхнення
і яшчэ новых яскравых роляў!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X