«О БЕЛАРУСЬ, ТЫ СЭРЦА І ДУША!». ЮБІЛЕЙНАЕ КОЛАСАЎСКАЕ СВЯТА

 

3-4 лістапада з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа ў Мінску і на радзіме песняра, на Стаўбцоўшчыне, праходзілі святочныя ўрачыстасці. Ад імя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў святкаваннях прымалі ўдзел вядучы майстра сцэны, уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан і літаратурны рэдактар, тэатразнаўца Юрый Іваноўскі.

 

Святы адкрыліся 3 лістапада на плошчы, што носіць імя славутага паэта, з ускладання кветак ля яго помніка. Тут прысутнічалі сотні шчырых улюбёнцаў у коласава слова, адданых яго прыхільнікаў. Гэта былі людзі самых розных пакаленняў, як сталага веку, так і моладзь, і юныя чытачы. Прысутнічалі прадстаўнікі дэпутацкага корпусу, урада, вядомыя пісьменнікі… Выступленні афіцыйных асоб спалучаліся з мастацкай часткай: дыктар Беларускага радыё і рэжысёр многіх радыёспектакляў, вядомы чытальнік Алег Вінярскі чытаў неўміручыя коласавы радкі. Дзяржаўны народны хор Рэспублікі Беларусь спяваў песні на вершы класіка.

 

Адкрыў свята Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч: «Дзейнасць Якуба Коласа высока ацэнена нашчадкамі. Імем Коласа названы вуліцы, плошчы, школы і бібліятэкі. У сталіцы і на малой радзіме Песняра шматлікіх наведвальнікаў сустракаюць музеі. Творчасць Якуба Коласа ўвасоблена ў музычным, тэатральным, кінематаграфічным мастацтве. І сёння зычнае слова класіка гучыць у шматлікіх краінах свету, а яго творы перакладзены на больш чым 40 замежных моў».

 

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч адзначыў, што творы класіка, яго вершы і публіцыстыка – гэта грунт жыцця, радасці і трываласці: «Прыхінуўшыся да яго літаратурных скарбаў, мы становімся багацейшымі шматкроць. Сёння час, калі сацыяльныя сеткі выводзяць нас у іншыя прасторы, магчыма, касмічныя, безумоўна недасягальныя яшчэ дзесяцігоддзі назад. І мне бачыцца, што велічыня такіх мастакоў слова і найперш народнага песняра Якуба Коласа, гэта трывалая нітачка нашай сувязі ў стагоддзях, у часе, у прасторы».

 

Адным з галоўных месцаў, дзе захавалася не толькі спадчына паэта, але і ягоны дух, з’яўляецца Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Падчас цырымоніі дырэктар музея Ірына Мацяс выказала падзяку ўсім, хто дапамагаў ствараць юбілейны год у гонар песняра: «Класікі жывуць вечна ў сваіх творах, і калі мы будзем іх перачытваць, яны будуць  жыць у нашых сэрцах, дапамогуць развіць беларускую культуру і нашу родную Беларусь».

А потым настаў самы хвалюючы час, калі сотні кветак ад прысутных леглі на коласаўскі пастамент.

Неўзабаве, праз дзве гадзіны свята перанеслася на радзіму Якуба Коласа, на Стаўбцоўшчыну. У самім раённым цэнтры на Цэнтральнай вуліцы адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка народнаму Песняру.

Скульптура ўвасабляе паэта ў народным, вясковым адзенні. Ён быццам прысеў адпачыць на хвілінку, а на яго твары можна заўважыць усмешку. На яго ладонях аркушы паперы, якія злятаюць з рук песняра, быццам птушкі, злятаюць у свет, да людзей.

 

Пасля правядзення рэспубліканскага конкурсу эскізных праектаў, на які прадставілі каля 20 работ, былі вызначаны аўтары помніка. Над рэалізацыяй творчага праекта працаваў творчы калектыў у складзе скульптараў: заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага мастака Івана Міско, Сяргея Логвіна, Уладзіміра Піпіна, а таксама архітэктараў Уладзіміра Архангельскага і Аляксандра Кобрусева.

 

На адкрыцці выступілі першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын. Ім жа, а таксама вучням навучальных устаноў раёна было даручана адкрыць помнік.

А потым шматлікія госці, запрошаныя на святочныя ўрачыстасці, адправіліся па коласаўскіх мясцінах. Яны наведалі сядзібы філіяла «Мікалаеўшчына» Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея народнага Песняра.

Пачалі з Акінчыц. Гэта свяшчэннае месца, дзе нарадзіўся будучы народны паэт. Вось што ён пісаў у сваёй аўтабіяграфіі: «Нарадзіўся я ў 1882 годзе 22 кастрычніка (па старому стылю) ва ўрочышчы Акінчыцы, недалёка ад сяла Мікалаеўшчына (зараз Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). Бацькі мае – Міхаіл Казіміравіч і Ганна Юр’еўна Міцкевічы – былі малазямельныя сяляне. У Акінчыцах бацька служыў лесніком у князя Радзівіла – польскага магната».

 

Сустракалі гасцей юныя артысты. Яны паказалі інсцэніроўку ўрыўка «Раніца ў нядзельку» з паэмы «Новая зямля». Тут жа разгарнулася выстава-продаж вырабаў народнай вытворчасці. А ў хаце гаспадыня частавала шматлікіх гасцей клёцкамі, блінамі, шкваркамі і іншымі смачнымі стравамі. Настрой у наведнікаў адразу добра падняўся.

Усё тут як у звычайнай сялянскай хаце, маленькай, сціплай: стол, засланы абрусам, побач, на відным месцы – пасажная скрыня, лава. І галоўнае ў хаце, без чаго не абысціся сялянскай сям’і – печ, прытулак старых і малых. Ля печы – кадзежка на рашчынку цеста, гаршкі і іншыя прылады гаспадыні.

Маці Якуба Коласа была добрай гаспадыняй, рукадзельніцай. Таму ў хаце – прасніца, маткі кужэльных і канапляных нітак, мярэжаны ручнік, сувоі палатна, строі, світка на сцяне, недавязаныя шкарпэткі з прутком у клубку, вытканы паясок-спавівач.

Наступным прыпынкам на доўгім святочным шляху стаў маёнтак Альбуць. Тут паэт жыў з васьмігадовага ўзросту, а коласава сям’я на працягу чатырнаццаці гадоў.

 

У Альбуці Кастусь навучыўся чытаць, адсюль хадзіў у народнае вучылішча ў вёску Мікалаеўшчыну, менавіта тут ён напісаў свой першы верш. Адсюль паехаў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, сюды ўлетку вяртаўся з Палесся ўжо маладым настаўнікам, Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам. Гэтыя мясціны паэт уславіў у многіх творах, напрыклад, у паэме «Новая зямля» Альбуць апісана як Парэчча.

Тут таксама гасцей сустракалі калектывы народнай творчасці, народныя майстры прадставілі выставу вырабаў з саломкі.

Трэцім пунктам гэтай невялікай вандроўкі стала Смольня. У 1910 годзе, праз 8 гадоў пасля смерці Міхала, Міцкевічы нарэшце набылі сваю хату ў Смольні. У ёй жылі маці Ганна Юр’еўна (тут і закончыла свой век у 1929 годзе), дзядзька Антось (памёр у 1918 годзе), сёстры паэта Міхаліна, Алена, Марыя, браты Уладзя, Міхась і Іосіф.

 

Калі будавалася хата, Якуб Колас сядзеў у мінскай турме, і толькі 19 верасня 1911 года прыехаў сюды ўпершыню. Беднай і запусцелай здалася паэту Смольня. Каб хоць крыху зрабіць яе ўтульнай, Якуб Колас пасадзіў на сядзібе дрэвы. Ліпы, пасаджаныя ў яго першы прыезд, растуць і сёння на мемарыяльнай сядзібе. Пад гэтымі ліпамі сядзелі маладыя Якуб Колас і Янка Купала у час першай сустрэчы летам 1912 года. Дарэчы, вядомы беларускі паэт Алесь Камароўскі, былы супрацоўнік філіяла, прыгадаў гэтыя старонкі з жыцця народных песняроў. Тут жа, на ганку, выступіў узорны ансамбль «Берагіня» Стаўбцоўскай школы мастацтваў. Усе добра ведаюць песню Лучанка на верш «Мой родны кут» з паэмы «Новая зямля». Але ёсць і іншыя ўрыўкі з гэтага бессмяротнага твора, менш вядомыя, але таксама пакладзеныя на музыку. З імі якраз і пазнаёмілі гледачоў самадзейныя артысты. Кіраўнік народнага літаратурнага тэатра Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя М.Танка «Жывое слова» Алеся Сівохіна прачытала вершы Рабіндраната Тагора ў перакладзе на родную мову Якуба Коласа, потым праспявала песні на вершы беларускіх паэтаў. Госці свята змаглі адчуць сапраўднае задавальненне ад выканання ўрыўка з паэмы «Сымон-музыка» – «Песні аб званох» артыстам-чытальнікам (дарэчы, у мінулым, у юнацкія гады ён працаваў у Коласаўскім тэатры) Алегам Вінярскім.

А ўвечары гасцей ужо чакалі на ўрачыстым канцэрце, прысвечаным юбілею народнага паэта ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яго адкрыў міністр культуры Анатоль Маркевіч. У канцэртнай праграме гучалі творы на вершы народных песняроў Якуба Коласа і Янкі Купалы на музыку Ігара Лучанка, Алега Молчана, Алены Атрашкевіч, Міколы Равенскага, Уладзіміра Мулявіна ды іншых выдатных кампазітараў. А выканалі іх Дзяржаўны акадэмічны аркестр народных інструментаў імя Жыновіча, Дзяржаўны акадэмічны камерны хор Рэспублікі Беларусь і яго салісты.

4 лістапада юбілейныя ўрачыстасці працягваліся ў памяшканні Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску. Раніцай усіх прыхільнікаў коласаўскай творчасці запрасілі на XXXVI навуковую канферэнцыю «Каласавіны». Яе адкрыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада.

 

На пленарным пасяджэнні выступілі вядомыя даследчыкі коласаўскай паэзіі: галоўны захавальнік фондаў музея Якуба Коласа, праўнучка паэта Васіліна Міцкевіч. Яна спыніла ўвагу на інскрыптах (асабістых надпісах) Якуба Коласа на кнігах, выяўленых у межах праекта «Ад усяго сэрца, ад усёй душы».

Кандыдат філалагічных навук Анатоль Трафімчык прапанаваў вынік свайго цікавага эксперыменту – параўнальны аналіз паэмы «Новая зямля» з іншымі энцыклапедычнымі помнікамі сусветнай літаратуры, такімі, як эпас «Манас», паэмай «Яўген Анегін», трагедыяй «Фаўст» і іншымі з дапамогай арыфметычных паказальнікаў (аб’ём усяго твора і асобна канчатковага яго варыянту, колькасць радкоў, вершаваны памер і г.д.).

Прафесар, доктар гістарычных навук Эмануіл Іофэ распавёў пра стасункі Якуба Коласа і вядомага беларускага навукоўца, першага рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіміра Пічэты.

 

Наступныя пасяджэнні адбываліся ў секцыях. Асабліва тут можна адзначыць тры выступленні, прысвечаныя пастаноўкам п’ес Якуба Коласа пераважна на коласаўскай сцэне. Так, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Алена Жасткова прапанавала прысутным тэму «Драматургічная спадчына Якуба Коласа на сцэне БДТ-2». Аспірант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дар’я Мардань выступіла з дакладам «Семантыка элементаў народнай культуры ў спектаклі «Сымон-музыка» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа» (мелася на ўвазе апошняя пастаноўка твора Міхасём Краснабаевым). А супрацоўніца архіва кіна- і фотадакументаў Марыя Раманава пазнаёміла з цікавымі фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць гісторыю стварэння спектакляў па творах Якуба Коласа «Вайна вайне», «У пушчах Палесся», «Навальніца будзе». Мы даведаліся, што цікавасць народнага Песняра да тэатра ўзнікла не на пустым месцы. Яшчэ навучаючыся ў настаўніцкай семінарыі, будучы паэт сам спрычыніўся да многіх пастановак, якія там рыхтаваліся, паказваліся і яму вельмі захацелася з цягам часу паспрабаваць сябе ў якасці драматурга.

 

Наступнай падзеяй стала адкрыццё экспазіцыі, аснову якой стварылі ілюстрацыі вядомых беларускіх мастакоў да твораў Якуба Коласа. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягнулі інскрыпты паэта на розных кнігах, падараваныя знаёмым, сябрам, калегам па творчасці.

Завяршыла ўрачыстыя мерапрыемствы пастаноўка народнага тэатра «Жывое слова» па матывах старонак з трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

Юрый Іваноўскі.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           

               

 

X