НОВЫ ПРАЕКТ КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА – СЦЭНІЧНАЯ АНЛАЙН-ЧЫТКА П'ЕСЫ «МЕТРО»

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прапануе сваім гледачам новы праект. Гэта анлайн-чытка п’есы сучаснага беларускага драматурга Аляксандра Савухі «Метро».  

Анлайн-чытка адбудзецца 27 мая, а 19-й гадзіне, у суполцы «Коласаўскі тэатр» УКантакце.

Рэжысёр праекту – мастак коласаўскага тэатра Андрэй Жыгур. У мінулым годзе ён стаў адным з пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу рэжысёрскіх эксплікацый, які праводзіўся Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Ён і прадставіў на суд аўтарытэтнага журы эскіз будучай пастаноўкі п’есы «Метро».

Жанр твора вызначаны як цёмная камедыя са святлом у канцы тунэля. У яе аснове праблема самапазнання, выбару, разважанне пра належны ўласны шлях. Не ўсё можна купіць за грошы, а за свае ўчынкі рана ці позна прыйдзецца адказваць — менавіта на гэтыя тэмы Андрэй Жыгур хоча паразважаць з гледачом у сваёй пастаноўцы. Прэм’ера спектакля запланаваная на камернай сцэне тэатра восенню 2020 года, на пачатку 95-га сезона. А пакуль гледачоў чакае сустрэча з героямі будучага спектакля ў фармаце анлайн-чыткі.

Сюжэт п’есы «Метро» сцісла можна перадаць так. Паспяховы і досыць амбіцыйны, ганарысты бізнесовец Дзіма пасля сваёй клінічнай смерці (ён недарэчна гіне ў метро) трапляе ў нейкі вялікі падземны горад, адкуль дарэмна шукае выйсце. Не адразу ён можа зразумець, што гэты дзіўны мегаполіс ёсць нішто іншае, як пекла. Бо вельмі  ўжо яно падобнае на тую іерархічную сістэму ўзаемаадносін паміж людзьмі, што існуе і «наверсе». Шлях «наверх», сустрэчы з насельнікамі «метро»-пекла (некаторыя з іх аказваюцца яго добрымі знаёмымі) прыводзяць героя да пераацэнкі жыццёвых, маральных, духоўных каштоўнасцяў.  Ён пачынае разумець, што жыў не так, рабіў не тое. Адкрыты фінал усяляе надзею на тое, што ў героя з'явіцца магчымасць узяць рэванш.

Можна адзначыць некаторую рэмінісцэнцыю, якая прасочваецца ў п’есе: дзевяць колаў пекла ў «Боскай камедыі» падобныя на будову метро, выяву якога малюе драматург. Бізнесовец Дзіма – гэта, вядома, не Дантэ і не здань Вяргілія, але грахі чалавечыя, вар'іруючыся ў розныя часы, па сутнасці сваёй застаюцца нязменнымі.

Андрэй Жыгур – малады перспектыўны тэатральны сцэнограф. Скончыў мастацка-графічны факультэт (2005) і магістратуру (2006) Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава, аспірантуру Беларускай дзяржакадэміі мастацтваў (2010), курсы дадатковай прафесійнай адукацыі Вышэйшай школы сцэнічных мастацтваў (Расія, Масква, 2019), майстэрня народнага артыста Расіі Канстанціна Райкіна. З восені 2019 года навучаецца ў Вышэйшай школе сцэнічных мастацтваў на спецыяльнасці «Рэжысура тэатра», майстар курса – Канстанцін Райкін.

З 2006 года Андрэй Жыгур працуе мастаком у тэатры імя Якуба Коласа. У якасці мастака-пастаноўшчыка стварыў сцэнічнае афармленне і эскізы касцюмаў больш за 20 спектакляў.

З 2017 года ўваходзіць у склад Беларускага саюза мастакоў у секцыі тэатральных мастакоў. Прадстаўляў Беларусь на II і III Міжнародных маладзёжных тэатральных форумах краін СНД, Балтыі і Грузіі ў 2016 годзе (Мінск) і 2018 годзе (Ерэван).

Аўтар п'есы Аляксандр Савуха жыве і працуе ў Мінску. У 2011 годзе скончыў факультэт транспартавых камунікацый Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Будаванне аўтамабільных дарог». З 2012 года там жа працуе выкладчыкам. Яго п'есы адзначаны на буйных драматургічных фестывалях. Так, у 2017 годзе п'еса «Ледзь улоўныя мсціўцы…» увайшла ў шорт-ліст конкурсу маладой драматургіі «Любімаўка» (Масква), у 2018 годзе п'еса «…І лісце вернецца да каранёў» увайшла ў шорт-ліст конкурсу-фестывалю сучаснай беларускай драматургіі «WriteBox». П'еса «Метро» была асобна адзначана на конкурсе п'ес для драматычнага тэатра «Сomedy.by», які праводзіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі супольна з Цэнтрам беларускай драматургіі. 

У анлайн-чытцы п’есы «Метро» возьмуць удзел артысты-коласаўцы Анжаліка Баркоўская, Арцём Герак, Уладзіслаў Жураўлёў, Дзмітрый Каваленка, Аляксандр Казлоў, Пятро Ламан, Георгій Лойка.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X