МІКАЛАЙ ЦІШАЧКІН СТАРАЎСЯ БЫЦЬ ВАРТЫМ ЗАСНАВАЛЬНІКАЎ КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА

 

«У мастацтве нельга тлець, толькі агонь можа запальваць творчыя душы». Гэты запавет свайго педагога Любові Іванаўны Мазалеўскай, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кіраўніка акцёрскага курса ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, адной з заснавальніц Коласаўскага тэатра, Мікалай Цішачкін запомніў на ўсё жыццё. А яно было надзвычай насычанае, хоць і кароткае: артыст загінуў пад коламі аўтамабіля, вяртаючыся пасля спектакля, ва ўзросце 55 гадоў. Жыццё Цішачкіна звязана было ад пачатку да апошняга дня з Віцебскам. Тут прайшлі яго дзіцячыя, юнацкія і сталыя гады.

 

Дзяцінства

У Коласаўскі тэатр ён быў улюбёны яшчэ з дзяцінства. Пачынаючы з 8-мі год стаў яго актыўным гледачом, не прапускаў ніводнай прэм’еры. Аляксандр Ільінскі, Цімох Сяргейчык, Анатоль Шэлег былі яго любімымі артыстамі. Потым яны стануць для Мікалая Пятровіча сцэнічнымі партнёрамі. Хлопчык запісваецца ў студыю пры Віцебскім абласным палацы піянераў, якой таксама кіруе артыст-коласавец І.Ганусевіч.

Уявіце сабе. Пачатак 1950-х. На сцэне Палаца піянераў ідзе дзіцячы спектакль. Юныя гледачы пакутуюць разам з негрыцёнкам па мянушцы Сняжок, кіпяць абурэннем супраць расістаў, спачуваюць дырэктару школы Томпсану. Вось гэтым героем і быў 15-гадовы Коля Цішачкін. Імя выканаўцы, нібы рэха, паўтарался ў шматгалосым шэпце дзявочай часткі залы. А хлопчыкі зайздросцілі Колю гэтак жа, як ён сам артыстам Коласаўскага тэатра.

Кіраўнік піянерскага тэатра адгаворваў юнака ад акцёрскай кар’еры.Скептычна ўсміхаліся сябры: ну як жа, конкурс на акцёрскі – пяцьдзесят чалавек на месца. Пярэчылі бацькі. Толькі дарма. Не адступіўся. Коля Цішачкін бачыў сябе ў будучым толькі на прафесійнай сцэне. Што ж датычыцца піянерскага тэатра, то неўзабаве ён сам стане яго кіраўніком.

Галоўны настаўнік

У чым яму па-сапраўднаму пашанцавала, дык гэта ў тым, што давялося працаваць з Аляксандрам Канстанцінавічам Ільінскім. Вось як успамінаў сам акцёр: «Было гэта ў першы мой год пасля інстытута. Зрабіў усяго некалькі эпізодаў у нашым тэатры. І тут нечакана Ільінскі запрашае мяне сыграць дэ ля Катары ў «Забаўным выпадку» Гальдоні. Аляксандр Канстанцінавіч абнаўляў тады некалькі спектакляў, пастаўленых пад час вайны, у эвакуацыі. Можна ўявіць сабе радасць учарашняга студэнта, якому славуты Ільінскі прапануе буйную работу ў сваім спектаклі. Ён кінуў мяне ў гэту ролю, як малога ў рэчку, каб навучыўся плаваць. Больш як дзвесце разоў я выходзіў разам з Ільінскім у «Забаўным выпадку». Ён увёў мяне ў той час і ў іншыя абноўленыя спектаклі – «Вясельнае падарожжа» (вадэвіль Уладзіміра Дыхавічнага), «Мінулася кату масленіца» Аляксандра Астроўскага, і там даў вялікія ролі, бо лічыў, што вопыт да акцёра прыходзіць толькі ў складанай рабоце. Вучыў і выхоўваў не столькі тлумачэннямі, колькі паказам. Дасць толькі рысачку, нейкі рух, дэталь паводзін – і ўсё зразумела».

Шкаляр. «Несцерка».

З пашанай гаварыў Мікалай Пятровіч і пра іншых сваіх настаўнікаў і разам з тым калег па рабоце – народных артыстаў БССР Цімоха Сяргейчыка, Анатоля Труса, Анатоля Шэлега. Яшчэ хлопчыкам бачыў іх у славутым спектаклі «Несцерка». А праз некалькі год яму самому давядзецца выступаць у гэтай пастаноўцы. Менавіта да яго пяройдзе роля шкаляра Самахвальскага, якую ён будзе іграць цягам многіх гадоў.

 

Цішачкін знайшоў абсалютна свой малюнак, як знешні, так і ўнутраны.Надзьмутая постаць шкаляра з крывымі нагамі, пісклявым голасам, апантанага жаданнем стаць каралём і ажаніцца з Настачкай дапамагла яму замацавацца ў трупе і стаць папулярным сярод віцебскіх гледачоў. Пасля заўчаснай смерці артыста змянілася некалькі выканаўцаў гэтай ролі, але перасягнуць знакамітага папярэдніка пакуль не ўдалося нікому. Работа Мікалая Пятровіча была эталонам, узорам.

Гледачы і крытыкі таго часу задаваліся пытаннем: а ў чым жа адметнасць яго творчай асобы? Што яго адрознівала ад іншых майстроў коласаўскай сцэны? Несумненна, Мікалай Цішачкін валодаў камедыйным дарам. Але поруч з ім на сцэне працавалі іншыя камедыянты – магутны гратэскава-характарны Іосіф Матусевіч, яркі тэмпераментна-цыркавы Георгій Дубаў. Чым жа адрозніваўся Мікалай Пятровіч? Мяккасцю, пяшчотай, крохкасцю, тонкасцю. Нават адмоўныя персанажы ў яго выкананні выклікалі нейкі жаль, спачуванне, магчыма, тугу па няўдаламу жыццю, па няспраўджанаму шчасцю.Такім быў яго Самахвальскі. У многіх гледачоў ён насамрэч сваёй нягегласцю, няўдаласцю выклікаў шкадаванне. Хіба вінаваты Шкаляр у тым, што кахае Насту і што хоча стаць польскім каралём? Ці варта яго за гэта так жостка караць? Станіслаўскі сказаў, што акцёр, ужываючыся ў вобраз, павінен стаць адвакатам сваёй ролі. У Цішачкіна гэта добра атрымлівалася.

Дакрананне да класікі

Мікалай Пятровіч за творчае жыццё стварыў нямала вобразаў у рускай і сусветнай класіцы. Апрача ўжо названых дэбютных роляў, гэта Епіходаў у «Вішнёвым садзе» А.Чэхава (1981), сіньёр Ламбардзі ў «Слузе двух гаспадароў» К.Гальдоні (1969), Паручнік з «Дам і гусараў» А.Фрэдры (1965), Міларад Цвіёвіч з «Доктара філасофіі» Б.Нушыча (1972), Фларэнсіа з «Рабы свайго каханага» Лопэ дэ Вегі (1974), Жорж Дзюваль, бацька Армана з «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына (1980), Генры VI з аднайменнай трагедыі У.Шэкспіра (1989)…

  

Камедыя Гальдоні «Слуга двух гаспадароў» адкрыла новыя грані камедыйнага даравання Цішачкіна, які іграў разам з Георгіем Дубавым у цудоўным дуэце «двух старых».

 

Роля доктара Ламбардзі была невялікай: ён з’яўляўся на сцэне тры разы, ды і то ненадоўга. Але характар яго быў настолькі яркі, надзелены такімі вострымі і псіхалагічна дакладнымі рысамі, што сіньёр Ламбардзі станавіўся адной з галоўных фігур спектакля. Кожны яго выхад на сцэну суправаджаўся смехам, кожны сыход – апладысментамі. Блазенскі выгляд выжыўшага з розуму вучонага, надтрэснуты старэчы голас, камічная важнасць вымаўлення лацінскіх мудрасцей, дваранская фанабэрыстасць у спалучэнні з дзяцінлівасцю – усе гэтыя рысы былі дакладна акрэслены акцёрам.

Міларад у «Доктары філасофіі» – гэта цэнтральная постаць, вакол якой канцэнтруецца дзея ўсёй камедыі. Ён атрымлівае дыплом галавой Веліміра і рукамі бацькі.

 

Хлопец чытае філасофскі трактат, каб закахаць у сябе дачку міністра. Але сам Міларад у спектаклі толькі ў адным месцы паказваў некаторую зацікаўленасць, калі па сваёй ініцыятыве хацеў узяць чарку з-пад ног святога Себасцьяна. У астатнім – абсалютная абыякавасць да запалу блізкіх і знаёмых.

Асобны раздзел у гэтай галерэі роляў займаюць горкаўскія вобразы – Румін з «Дачнікаў» (1964) і Міхаіл у «Зыкавых» (1968), якія акцёр стварыў на пачатку свайго творчага шляху – у 60-я гады. На той час гэтыя вобразы ацэньваліся як адназначна адмоўныя. Але ўсё насамрэч не так проста, засведчылі б мы зараз.

Адвакат Румін безадказна закаханы ў Варвару Міхайлаўну, замужнюю даму, жонку адваката Басава. Галоўная адметнасць Руміна ў тым, што ён не прымае коснасці і нецярплівасці станоўчых герояў, якія адстойваюць неабходнасць барацьбы. У сцэне з Варварай Міхайлаўнай і Мар'яй Львоўнай у першай дзеі ён спрачаецца наконт права чалавека жадаць падману, ілюзіі. Румін лічыць, што такое права ёсць, і гатоў яго бараніць. Ён настойвае на тым, што чалавек, бачыўшы вакол сябе бруд, брыдоту, грубіянства і паскудства, не можа знішчыць супярэчнасці жыцця, не можа выгнаць з яе зло і бруд, але павінен хаця б мець права адвярнуцца і не глядзець штогадзіны і штохвіліны на гэту сумную карціну. «Я толькі супраць гэтых… агаленняў… гэтых неразумных, непатрэбных спроб сарваць з жыцця прыгожыя адзенні паэзіі, якая хавае яе грубыя, часта выродлівыя формы… Трэба ўпрыгожваць жыццё! Трэба падрыхтаваць для яе новыя адзенні, перш як скінуць старыя…» І далей: «Чалавек хоча забыцця, адпачынку… міру хоча чалавек!».

У спектаклі «Зыкавы» Мікалай Цішачкін іграў ролю Міхаіла, сына Анціпы. Хворы і вытанчаны, ён вабіць да сябе Паўлу, сваю маладую мачаху ўяўнай рамантыкай п’янага і блазнаватага жыцця. Ён той, каму няма чаго губляць. Матыў «апошняга» артыст зрабіў лейтматывам вобраза Міхаіла. І гэта было зусім па-горкаўску. Натура парадаксальная, багатая, бязвольны і разумна-іранічны, спустошаны і саркастычны, Міхаіл не выкрываўся акцёрам, а падаваўся як жыццёвая вяха ў гісторыі людзей, асуджаных гісторыяй.

Толькі аднойчы пашанцавала акцёру сустрэцца на сцэне з вялікай літаратурай у асобе Фёдара Дастаеўскага. У 1973 годзе галоўны рэжысёр тэатра Сямён Казіміроўскі ставіць інсцэніроўку яго рамана «Уніжаныя і зняважаныя».

 

Мікалай Цішачкін стварыў вобраз Івана Пятровіча, літаратара, па сутнасці, аднаго з галоўных герояў. Выканаўцу прыйшлося нялёгка, бо ён сумясціў у сабе і адну з дзеючых асоб, і расказчыка-вядучага. Але ж яны вельмі розныя, што дало падставу крытыкам папракнуць акцёра ў супярэчлівасці яго работы. Калі сам Іван Пятровіч не проста добры і сумленны, але і займае вельмі актыўную жыццёвую пазіцыю, хоча дапамагчы, выратаваць некаторых герояў, то аўтар – гэта больш сузіральнік, які вымушаны паглядаць на падзеі збоку.

У спектаклі Ігара Баярынцава «Ах, які пасаж!» (1985) паводле рускіх класічных вадэвіляў (дакладней, у першай яго частцы «Аз і Ферт») Мікалай Цішачкін іграе ролю памешчыка Мардашова.

Асаблівасць акцёра палягала ў тым, што ён мог давесці ігру да фарса, не паглыбляючыся ў характар. Што ж атрымалася ў гэтым спектаклі? Калі артыст не кідаўся ў фарс адразу з першага кроку, ён дасягаў цікавага выніку. Тое, што паказаваў Цішачкін, было насычаным і займальным. Багаты дурань, упарты, гатовы маліцца на свае неразумныя прынцыпы (знайсці дачцэ жаніха, чыё прозвішча пачыналася на літару «ферт») і якому нічога нельга даказаць. Мардашоў у Цішачкіна быў не толькі смешны. Ён у яго вырастаў нават у нейкі слуп грамадства. І акцёр рабіў ролю тонкай, з гумарам едкім і калючым.

Сустрэча з Макаёнкам

Этапнай работай у творчай біяграфіі Мікалая Пятровіча стаў вобраз Таты ў спектаклі «Зацюканы апостал» (1971) па п’есе Андрэя Макаёнка. Па сведчанню крытыкаў, Цішачкін не пайшоў следам за папярэднімі выканаўцамі гэтай ролі ў іншых тэатрах, дзе ігралі Тату як нахабніка, ілгуна, прыстасаванца – такім быў Аўгуст Мілаванаў у купалаўцаў. Коласавец знайшоў абсалютна сваё, адметнае прачытанне гэтага вобраза, а значыць, і ўсёй п’есы. Разам з рэжысёрам спектакля Аляксандрам Смеляковым артыст пайшоў у глыбіню характару, знайшоў яго сацыяльныя вытокі.

 

У кватэры, дзе ён жыве, тры паверхі. Ён уладкаваўся на трэцім. Побач з багамі – Будай і Хрыстом. Калі ў чалавека два багі, то зразумела, што ён моліцца на трэцяга. Побач з кніжнымі паліцамі, якія раней, відаць, вабілі яго, як зараз вабяць Сына. У першай палове спектакля ён адсюль будзе весці ўсе размовы. У Макаёнка ў яго няма імя – проста Тата. Тата-чыноўнік, вобраз абагульнены. Артыст змог раскрыць біяграфію чалавека, паказаць тую дарогу, ідучы па якой, Тата страчваў індывідуальныя рысы. Дзякуючы другому плану, які ўвесь час нёс акцёр, глядач уяўляў, як яго накіроўвалі, загартоўвалі, стрыглі пад адзін грабенчык, пакуль ён не зрабіўся адным з многіх. І цяпер можна стаць сведкам апошніх успышак, калі слабое адчуванне, што ён ледзь-ледзь асоба, страчваецца Татам. Ну што ж, здаецца, цяпер, калі ён зрабіўся пасрэднасцю, выпрабаванні для яго скончыліся. Тата – фасаваны, стандартны тавар. З такіх, як ён , можна будаваць грамадства, дзяржаву. Але лёс падкідвае яму ўсё новыя выпрабаванні. А як ты будзеш паводзіць сябе, здзекуецца ён, калі на тваім шляху ўзнікла новая жанчына? Для іншых выканаўцаў ролі гэта было зусім натуральна. Але для Таты-Цішачкіна і жанчына не ў радасць. Навошта яна яму – патрабавальная, бессаромная, што цягне з яго грошы і прымушае «насіць» іншы твар.Усё гэта глядач зразумее з тэлефоннай размовы, якую вядзе герой з нябачнай каханкай: «Птушачка… рыбка японская… Вустрычка французская…»

За кожным словам – здзіўленне (няўжо я такі брыдотнік?), іранічная ўсмешка (божачка, як яна нічога не разумее?), асуджэнне (нельга, нельга так!) і апраўданне (усе так робяць, усе такія, а я што?).Тата гаворыць, быццам прыслухоўваецца да сябе, быццам хоча і не можа знайсці штосьці ў сабе. Так, не можа. Бо набліжаецца апошні маналог – апраўданне сябе, які ён будзе гаварыць з першага паверху. Ён будзе кідаць сыну, які заняў яго пазіцыю на трэцім паверсе, словы жорсткія, страшныя. Першы раз за ўвесь спектакль Тата закрычыць: «Мая хлусня мяне корміць! Яна і цябе корміць. Яна ўсіх нас корміць! А паспрабаваў бы я гаварыць праўду, мяне б даўно выкінулі вон».

Пасля гэтых слоў Сын кінецца з трэцяга паверха, каб скончыць жыццё самагубствам. І ў гэтыя імгненні Тата апошні раз здолее пракруціць у сваёй свядомасці сваё жыццё. Яшчэ адзін раз ён дазволіць сабе быць чалавекам.

Менавіта пасля гастроляў у Маскве ў 1976 годзе, дзе артыст выступіў у чатырох спектаклях («Зацюканы апостал», «Укралі кодэкс», «Энергічныя людзі» і «Шахматы») яму было прысвоена званне «Заслужаны артыст БССР».

Вобразы махляроў і прайдзісветаў

Мікалай Цішачкін стварыў цэлы шэраг вобразаў разнастайных махляроў і прайдзісветаў. Найбольш значныя з іх – Жора Сыч у камедыі Алеся Петрашкевіча «Укралі кодэкс» (1976) і Чарнявы ў аповесці для тэатра Васіля Шукшына «Энергічныя людзі».

Сюжэт першага твора просты. Жора Сыч мае вялікую кватэру, якую робіць сродкам нажывы. Пры дапамозе домаўправа Кузьміча (Ф.Шмакаў) ён прапісвае ў сябе людзей, за што бярэ з іх хабар. Але камедыя не мела б такой вастрыні, калі б Петрашкевіч абмежаваўся толькі гэтай калізіяй. Ён паказвае, як у пастку Сыча трапляюць і сумленныя людзі, чый нязначны на перш погляд кампраміс спрыяе яго махінацыям. Мікалай Цішачкін стварыў тып сучаснага мешчаніна, разумнага, прадпрымальнага, які здольны выявіць слабыя бакі ў характары чалавека і падпарадкаваць іх сваёй волі. Ён зняважліва і пагардліва ставіцца да Кузьміча, разыгрывае з сябе простага хлопца перад членамі будаўнічай брыгады, выстаўляецца інтэлігентам-апекуном маладых талентаў, калі рабочыя ідуць на хітрыкі і знаёмяць яго з Максімам (П.Ламан) і Зойкай (С.Акружная) як з прадстаўнікамі творчай моладзі. Разам з тым Цішачкін дакладна выявіў небяспеку, што хавалася за прывабным абліччам героя.

Звычайна артыст не абмяжоўваўся адной фарбай, не ішоў лёгкім шляхам, нават паказваючы поўных нягоднікаў. Тыя, хто бачыў спектакль «Энергічныя людзі», пастаўлены Валерыем Мазынскім па п’есе В.Шукшына ў 1975 годзе, памятаюць Чарнявага ў выкананні М.Цішачкіна. Пачвара і баязліўца, нахабнік і «рэжысёр» інтрыг. Як тут дакладна была вывераная ступень гратэску, бязлітаснае выкрыццё зла і ў той жа час абмаляваны канкрэтны чалавечы характар.

Альбо Лакей у «Шахматах» С.Граховяка (1976). Тэатразнаўцы ў Маскве пад час гастроляў коласаўцаў высока ацанілі гэтую работу артыста – драпежнага хамелеона, які мяняе аблічча не столькі для самаабароны, колькі для таго, каб спрытней укусіць. І ўкус гэты часцей за ўсё смяротны.

Вобразы інтэлігентаў і дзівакоў

Сама індывідуальнасць акцёра, яго знешнія і ўнутраныя дадзеныя, вострая характарнасць спрыяла прызначэнню яго на ролі інтэлігентаў і дзівакоў – людзей, што не ўпісваліся ў агульнае асяроддзе, выбіваліся з яго, не адпавядалі пэўным стэрэатыпам. Такія яго Епіходаў з «Вішнёвага саду» А.Чэхава (1981), Іпаліт (п’еса «Аднойчы ў навагоднюю ноч» Э.Брагінскага і Э.Разанава, па якой будзе пастаўлены фільм «Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай», 1970), Броннікаў з камедыі У.Аро «Пяць рамансаў у старым доме» (1982), Эмберфі з «Тэлевізійных перашкод» К.Сакані (1979), Давід з «Маленькіх радасцей жывых» А.Паповай (1990), Джордж з «Любоўнікаў з Каліфорніі» Б.Слэйда (1991).

 

Сцэнічнай партнёркай Цішачкіна ў спектаклі «Любоўнікі з Каліфорніі» стала народная артыстка Беларусі Святлана Акружная (Дорыс). Спектакль распачынаўся з таго, што мы бачылі саміх акцёраў (ці мо’ брадвейскіх зорак, што разыграюць гэтую гісторыю) ля грыміравальных столікаў. Такім чынам, рэжысёр прапануе выканаўцам некаторае раздваенне на артыстаў і герояў, якіх яны прадстаўляюць і не толькі. А хутчэй за ўсё, пераўвасабляюцца, непадробна перадаючы ўсе нюансы іх перажыванняў.

…Яны сустрэліся спачатку ў рэстаране, а потым у гатэльным пакоі. Джордж і Дорыс знайшлі адно аднаго, калі ім было няпроста. Ён зусім не супермэн, яна хоць з трыма дзецьмі і неблагім мужам, але без самой сябе ў душы. Яны маладыя, але ўжо страцілі сябе.У першым эпізодзе ён крыху збянтэжаны, але шчаслівы не менш за Дорыс… Праз пяць год яны зноў сустрэліся.Але яны ўжо іншыя. Яна пад уплывам Джорджа ператварылася ў жанчыну, здольную задумацца над сабой. І Джордж – упэўнены ў сабе мужчына, куды падзеліся ўсе яго комплексы… Гратэск, блізкі індывідуальнасці Цішачкіна, робіць яго цэнтрам трэцяга эпізоду. Яны зноў раскладваюць пасьянс «мужчына-жанчына», але ў іншай манеры. Ён нецярпліва чакае спаткання, прадчуваючы асалоду імгнення.А яна прыязджае цяжарнай. Цішачкін даводзіў эпізод да фарса, не саступаючы ў вульгарнасці, не робячы ніводнага двухсэнсоўнага руху.І раптам сцэна выбухае катарсісным момантам: Джордж прымае ў Дорыс роды. Колер, святло, жаночы крык на ўсё горла – і мужчынскія рукі з тонкімі пальцамі, якія ўзляцелі нібыта перад магутным акордам…

Фінальная сцэна ў спектаклі была самай лірычнай, але з гаркаватай танальнасцю. Героі пражылі доўгае жыццё. Джордж застаўся адзін. І цяпер ён бы хацеў звязаць сваё жыццё з каханай. Сівы, пажылы мужчына, у доўгім старым паліто. Ціхі і стомлены, ён – на мяжы трагічнай сентыментальнасці, калі пачуццё ўзвышанае і нацятае, нібы павуцінка.

Мікалай Пятровіч выдатна выконваў эпізадычныя ролі. Так, у «Клапе» У.Маякоўскага ён выходзіў то ў вобразе п’яніцы, то свецкага льва, то эксцэнтрычнай бабулі, выклікаючы дружны смех глядзельнай залы.

У жыцці Мікалай Пятровіч Цішачкін быў чалавекам вясёлым, шчырым, таварыскім, надзеленым непаўторным пачуццём гумару, высокаадукаваным. Вышэйшай асалодай у сваёй творчасці артыст лічыў прыемную рэакцыю залы. Ён шанаваў гледача. А глядач непадзельна і ўдзячна аддаваў яму свае сімпатыі.

Мікалай Пятровіч, віцябчанін ад нараджэння і да скону, заўсёды свята зберагаў у сваім сэрцы памяць пра вялікіх заснавальнікаў Коласаўскага тэатра. Ён стараўся быць вартым іх. І калі жыве сёння ў гмаху над Дзвіной дух таго тэатра, заснаванага яго карыфеямі, то ў гэтым ёсць заслуга і яго, Мікалая Пятровіча Цішачкіна.

Віцебскі паэт Анатоль Канапелькі прысвяціў свайму сябру Мікалаю Цішачкіну верш, напісаўшы яго пасля такой недарэчнай гібелі артыста.

Адыходзяць сябры,
Адыходзяць
Імгненна і недарэчна.
Адыходзяць сябры
Ў Вечнасць.
Адыходзяць сябры
На ўзлёце
У бязмежна далёкую далеч.
Сэрца ў жалобе рыдае
У неверагоднай сумоце.
Заклятая доля горкая.
Цяжка яе зразумець:
Чалавек нараджаецца Зоркаю,
Каб нечакана згарэць.
Няма на зямлі справядлівасці.
Скажыце, а праўда дзе?..
Найлепшыя з людзей
У жыццёвай згараюць імклівасці.
Нястрымны лунае Дух
Любові, Дабра, Натхнення…
Адыходзіць у Вечнасць Друг.
У Вечнасці – Узнясенне.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X