МАЙСКІЯ СУСТРЭЧЫ З ТЭАТРАМ імя МАКСІМА ГОРКАГА

23-24 мая на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудуцца гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага (г.Мінск).
Гэта адзін з вядучых і найбольш знакамітых творчых калектываў нашай рэспублікі, мае багатую творчую гісторыю і традыцыі. На сённяшні дзень яго ўзначальвае мастацкі кіраўнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчык. У склад трупы ўваходзіць плеяда выдатных майстроў, сярод якіх: народныя артысты Беларусі Вольга Клебановіч, Бэла Масумян, Аляксандр Ткачонак, заслужаныя артысты рэспублікі Людміла Былінская, Эдуард Гарачы, Ганна Маланкіна, Андрэй Душачкін, Сяргей Чэкерэс, Вольга Лясная, Аляксандр Суцкавер. Многія з іх вядомыя вам па кіно.
23 мая, 19.00 14+ Дэвід У.Крыстнэр СПЯКОТНЫЯ МАМАЧКІ Камедыя на 2-е дзеі Дзвюм галоўным гераіням спектакля — маме Чэрыл і маме Клодыі — за 60, але здавацца яны не маюць намеру, бо ўпэўненыя, што «і ў шэсцьдзесят пяць гадоў жанчына павінна скарыстаць усе свае рэсурсы». Дэн і Эбі, іхнія дзеці, — закаханая, паспяховая і шчаслівая ва ўсіх сэнсах сямейная пара. У іх ёсць расквітнелы бізнес; дзеці вучацца ў элітнай школе; наладжаны камфортны побыт; дом — поўная чаша. Жыві, ды цешся. Яны і цешыліся. Пакуль у іх доме не з’явіліся цешча і свякроў. Спектакль расказвае, што кожны мае права на сваё жыццё ў любым узросце, на свой светапогляд, на ўчынкі, на каханне. Але ў стасунках з блізкімі людзьмі без кампрамісаў і саступак не абысціся. Галоўныя ролі іграюць зоркі айчыннай сцэны, народныя артысткі Беларусі Вольга Клебановіч і Бэла Масумян. Пастаноўка мастацкага кіраўніка тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргея Кавальчыка. Спектакль ідзе на рускай мове. |
24 мая, 19.00 12+ Сомэрсэт Моэм КОЛА КАХАННЯ Лірычная камедыя на 2-е дзеі Што гэта за штука такая – каханне? Спачатку змагаюцца з ім, потым ваююць за яго, потым цешацца ім… А што далей? Паступовае працверажэнне? Уцёкі ад плётак, няпрошанай спагады, дакучлівых парад? Немінучае астуджэнне пачуццяў? Ці можна вучыцца на чужым досведзе? Ці, закахаўшыся, мы не чуем нічога, апроч уласнага сэрца, якое ўпарта кліча нас насустрач толькі нашым радасцям, нягодам і памылкам? Вечнае каханне – яно існуе? Неверагоднае спляценне пачуццяў, у якім пераблыталіся запал, шляхетнасць, жыццёвы досвед, палкасць юнацкасці, скептыцызм, прагматызм і непараўнальны англійскі гумар! У галоўных ролях занятыя непараўнальная прыма горкаўскага тэатра, народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч і вельмі годны яе сцэнічны партнёр, народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак. Паставіў спектакль запрошаны народны артыст Рэспублікі Паўночная Асеція-Аланія Мадэст Абрамаў. Спектакль ідзе на рускай мове. |
Чакаем вас у тэатры!
Добавить комментарий