ЛІСТАПАД – ЧАС СУСТРЭЧЫ З ЦУДОЎНЫМ

 

Лістапад – канец восені. І зазвычай - вельмі прыгожы час, услаўлены паэтамі і іншымі творцамі. Коласаўскі тэатр запрашае гледачоў у глядзельныя залы, каб яны змаглі атрымаць не меншую асалоду ад сустрэч з цудоўным мастацтвам.

Адкрывае месяц 1 лістапада (19:00) прэм’ера – жыццёвая меладрама «САНЯ, ВАНЯ, З ІМІ РЫМАС» вядомага расійскага драматурга Уладзіміра Гуркіна, аўтара такіх знакамітых п’ес, якія прынеслі яму ў свой час вядомасць, як «Прыбайкальская кадрыля» і «Каханне і галубы», дзякуючы, найперш, іх экранізацыям.

 

Лёсы трох сясцёр з далёкай уральскай вёскі пераплеценыя паміж сабой. Яны разам працуюць, выхоўваюць дзяцей, жартуюць і спяваюць бяседныя песні... Спадзяюцца, што навала Вялікай Айчыннай вайны не кране іх... Бяда прыходзіць нечакана, калі на Івана (Раман Волат / Цімур Жусупаў), мужа Аляксандры (Святлана Сухадолава / Вікторыя Шамардзіна), і на Пятра (Уладзіслаў Жураўлёў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка), мужа Соф’і (Анжаліка Баркоўская / Ніна Обухава), піша данос разбэшчаны старшыня калгаса. Папярэджвае пра гэта мясцовы міліцыянер Рымас Паціс (Вадзім Асвяцінскі / Дзмітрый Каваленка / уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан). Кармільцам толькі адна дарога – на фронт дабравольцамі, каб там бараніць сваіх каханых і родных…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62- 63-87) альбо на сайце kvitki.by.

4 лістапада (12:00) запрашаем юных гледачоў на камерную сцэну паглядзець казку-гульню «ЯК ВОЎК МАМАЙ БЫЎ» па п’есе Васіля Ткачова.

 

Вы думаеце, што ўжо ведаеце сюжэт гэтай казкі дзякуючы вядомаму мультфільму пра тое, як Воўк (Аляксей Анісеня / Уладзіслаў Жураўлёў / Цімур Жусупаў) спачатку знайшоў Цяля (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў / Максім Ратомскі) сабе на здабычу, а потым стаў для яго самым блізкім і шчырым абаронцам?! Але не спяшайцеся з высновамі! Справа ў тым, што беларускі драматург Васіль Ткачоў прыдумаў сваю гісторыю і ўвёў у казку новых герояў. І кожны з іх – са сваім адметным і вельмі яскравым характарам: какетлівая Лісачка (Вольга Куляшова / Таццяна Рогат / Вікторыя Шамардзіна), заўсёды ласы на смачную ежу Дзік (Юрась Цвірка) і надзвычай чуллівая Козачка (Наталля Аладка / Валянціна Багданава / Ніна Обухава). Разам з маленькімі гледачамі яны ствараюць сваю казку. І якой яна атрымаецца ў выніку, залежыць ад вас!

Узроставае абмежаванне – 0+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62- 63-87) альбо на сайце kvitki.by.

4 лістапада (18:00) запрашаем вас паглядзець сатырычную гісторыю «ВЫТАНЧАНЫ ПАДМАН» па п’есе Мікалая Гогаля «Гульцы».

 

Карцёжнікі Суцяшальны (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў), Швохнеў (Вадзім Асвяцінскі / Максім Ратомскі) і Кругель (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) віртуозна ашукваюць і абкрадаюць заезджага шулера Іхарава (Цімур Жусупаў / Дзмітрый Каваленка). Пры першым знаёмстве яны робяць выгляд, быццам бы не ведаюць пра здольнасці Іхарава, які спрактыкавана валодае картамі і мае крапавую, шулерскую калоду. Ён жа мэтанакіравана сядае гуляць з імі, бо чуткі пра майстэрства і ўменні гэтай кампаніі даўно ходзяць па свеце. Жадаючы пераплюнуць вялікіх знаўцаў сваёй справы, Іхараў сам трапляе ў складаную сітуацыю, у сетку вытанчанага падману.

Узроставае абмежаванне –16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

5 лістапада (18:00) – прэм’ерны паказ драмы Аляксея Дударава «ВЫБАР».

 

На вучэннях вадзіцель танка, радавы Мікалай Шабуня (Аляксей Анісеня / Антон Бараноўскі) рэзка збочвае з дарогі, бо нечакана перад машынай невядома адкуль аказваецца хлопчык. Шабуня і яго таварышы – радавы Андрэй Крынкін (Ілля Блыкін / Дзмітрый Філімоненкаў) і сяржант Сямён Дробаў (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў) – ляцяць з абрыву... І гэта толькі пачатак спектакля.

Аляксей Дудараў, разам з ім пастановачная група і артысты спектакля, пачынаюць шукаць, усведамляць сапраўднае «я» герояў. Для гэтага «пракручваюць» стужку часу, вяртаюць іх не толькі ў асабістае мінулае, але і ў жывое жыццё, і ў мінулае нашай краіны. Вяртаюць, каб зразумець, ці быў высакародны ўчынак Шабуні гуманным подзвігам, ці можна параўнаць яго з патрыятычным гераізмам воінаў Вялікай Айчыннай вайны, беларускіх партызан, адказных перад сваімі бацькамі і дзецьмі...

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

8 лістапада (19:00) вы зможаце паглядзець спектакль «СМЕШНЫЯ ЛЮДЗІ», пастаўлены па аднаактовых п’есах-жартах Антона Чэхава.

Гісторыі спектакля – быццам спісаныя з жыцця класікам прозы і драматургіі Антонам Чэхавым. Прасякнутыя тонкай іроніяй і знаходлівым гумарам, яны захапляюць лёгкасцю сюжэта і вытанчанасцю вобразаў. Героі Чэхава – звычайныя людзі, якія ў прапанаваных абставінах выглядаюць смешнымі, чуллівымі, кранальнымі.

 

У п’есе «Пра шкоду тытуню» Іван Нюхін (уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук), сапраўдны муж сваёй жонкі, шукае любую магчымасць, каб у сваіх лекцыях расказаць пра пакуты сямейнага жыцця. У «Юбілеі» пакуль старшыня кіраўніцтва Андрэй Андрэевіч Шыпучын (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) з хваляваннем чакае ўрачыстасці – бухгалтар Кузьма Мікалаевіч Хірын (Яўген Бераснеў), займаецца складанай штодзённай працай. Але ці магчыма па-сапраўднаму засяродзіцца на справе, калі перад вачыма пастаянна мітусяцца то жонка начальніка Таццяна Аляксееўна (Наталля Аладка / Алена Шарэпчанка), то дакучлівыя наведвальнікі з прашэннямі кшталту Настассі Фёдараўны Мярчуткінай (Раіса Грыбовіч), то службоўцы з паперкамі і віншаваннямі?!.. У «Прапанове» памешчык Іван Васільевіч Ломаў (Цімур Жусупаў) прыходзіць да свайго суседа Сцяпана Сцяпанавіча Чубукова (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў), каб зрабіць прапанову ягонай дачцэ Наталлі Сцяпанаўне (Вікторыя Шамардзіна). І ўсё магло б вырашыцца паспяхова, калі б не да смешнага бессэнсоўная прынцыповасць у меркаваннях усіх трох герояў, прыперчаная спрэчнымі пытаннямі маёмасці і сабакаводства.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) альбо на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

9-10 лістапада на коласаўскай сцэне гастролі Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

9 лістапада (19:00) вы зможаце ўбачыць класічную камедыю Аляксандра Астроўскага «ПРАВДА – ХОРОШО, А СЧАСТЬЕ ЛУЧШЕ».

 

Бязмежная ўлада Маўры Тарасаўны! Пажылая мільянерка, паўнапраўная царыца свайго маёнтка. Слугі ідуць услед за ёй па пятах, каб дагадзіць гаспадыні, а сын забаўляе яе сваімі недарэчнымі эканамічнымі пражэктамі. Толькі юная Паліксена пярэчыць волі сваёй дэспатычнай бабулі. Пакахала яна звычайнага аканома, у якога, апроч беднаты, адна нястача – праўду, нават самую непрыемную, усім у твар кажа. Падзеі п'есы Астроўскага перанесены рэжысёрам Міхаілам Бехцеравым у сучаснасць. Вядомыя дэкарацыі багатага маёнтка, насычанае дынамічнае дзеянне і, вядома, адказ на пытанне: як стаць шчаслівым?

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайце kvitki.by.

10 лістапада (19:00) запрашаем паглядзець камедыю-фарс сучаснага расійскага драматурга Аляксандра Кароўкіна «ОТЧАЯННЫЕ ТЁТКИ».

 

Цяжка жывецца дзвюм немаладым сёстрам у наш час! Навакол махляры, аферысты і шалапутныя сваячкі! Ніяк не пакінуць цётачак у спакоі! Нехта точыць зубы на іх даўнейшую хату, нехта хоча стрэсці з іх грошай, каб паправіць сваю кар'еру, а нехта і зусім хаваецца ў іх ад паліцыі. Але гэтым цёткам пальца ў рот не кладзі — яны сапраўды адчайныя кабеты.

Спектакль пастаўлены ў лепшых традыцыях камедыі становішчаў. Дзіўныя, смешныя і недарэчныя сітуацыі ідуць адна за адной, прымушаючы герояў вынаходзіць усё новыя і новыя спосабы выкручвацца з найскладаных калізій. І далёка не ўсе могуць выйсці з перапляцення пацешных інтрыг жывымі.

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайце kvitki.by.

Для юных гледачоў у гэтыя ж дні будзе паказаны музычны спектакль «ЦАРЕВНА-ЛЯГУШКА» па п’есе Уладзіміра Ілюхова.

 

Задумаў Кашчэй адпомсціць Васілісе Прыгожай за тое, што яна яму адмовіла. Ператварыў падступны злыдзень першую красуню царства-дзяржавы ў звычайную жабу. Але нават у гэтым абліччы любаснае сэрца Івана-царэвіча пазнае сваю нарачоную. А адданыя, добрыя і адважныя таварышы дапамогуць яму адшукаць кашчэеву смерць, нягледзячы на ўсялякія перашкоды і небяспекі.

Народная казка, расказаная на новы лад, пакажа прыклад сапраўднага сяброўства і спадабаецца не толькі дзецям, але і іх бацькам. Бо вас чакаюць чараўніцтва, завадныя песні, мноства сцэнічных эфектаў, перамога дабра над злом і, вядома ж, шчаслівы фінал.

Узроставае абмежаванне – 6+. Спектакль ідзе на рускай мове.

11 лістапада (18:00) запрашаем вас на драматычную камедыю «ШЛЮБ ПА-ІТАЛЬЯНСКУ» па п’есе выдатнага італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа «Філумена Мартурана».

 

Багаты неапалітанскі прадпрымальнік дон Даменіка Сарыяна (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) ужо чвэрць стагоддзя жыве пад адным дахам з Філуменай Мартуранай (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна), сваёй фактычнай жонкай, але так і не бярэцца з ёй шлюбам. І здавалася б, у гэтым ужо няма сэнсу, пакуль лавеласу Даменіка не прыходзіць у галаву афіцыйна ажаніцца з маладзенькай Дзіянай. Гэтая навіна – сапраўдны выклік для Філумены, гатовай змагацца за свой статус і правы. Тым больш у яе на руках моцны козыр: Даменіка – бацька аднаго з трох сыноў Філумены. Вось толькі якога менавіта?

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

12 лістапада (18:00) вы зможаце паглядець прэм’ру камедыі «ФАНЦІКІ» па п’есе вядомага брытанскага драматурга Рэя Куні «Смешныя грошы».

 

Сціплы англійскі бухгалтар Генры Перкінс (Яўген Бераснеў / Цімур Жусупаў) памылкова ў свой дзень нараджэння прыносіць дадому чамаданчык з каласальнай сумай грошай. Бедны клерк зусім шалее ад захаплення такім багаццем – і вырашае ўзяць рэванш за шэрае існаванне на адну зарплату, збегчы з жонкай (Ульяна Ацясава) на край свету, каб жыць выключна ў сваё задавальненне. Вось толькі калі так было, каб атрымлівалася тое, чаго нам хочацца? Перашкаджаюць сябры (Антон Бараноўскі / Дзмітрый Каваленка, Таццяна Рогат / Вікторыя Шамардзіна), паліцэйскія (Максім Ратомскі / Уладзіслаў Жураўлёў, Аляксей Анісеня / Ілля Блыкін), таксіст (Юрась Цвірка) і нават наёмны забойца. А прага грошай змяняе свядомасць – і героі грэбуюць каханнем, сяброўствам, гонарам і абавязкам. Як жа нованароджанаму багацею і ўсім навокал не аслепнуць ад «ззяння золата» і захаваць хаця б крыху сумлення?!

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

17 лістапада (19:00) на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі артыстаў тэатра і кіно Расіі. Яны пакажуць спектакль «Я ТЕБЯ НИКОМУ НЕ ОТДАМ» па камедыі вядомага расійскага драматурга Мікалая Каляды «Курыца».

У правінцыйным гарадку кіпяць жарсці мацней, чым у сталіцы. Прыма мясцовага тэатра даведваецца, што яе муж, адміністратар тэатра, здраджавае ёй з маладой актрысай. Яна мае намер рашуча разабрацца са спакусніцай. Але справа прымае нечаканы паварот.

Захапляльны сюжэт бытавых пакут з непрадказальным фіналам.

Гэта пацешная п'еса Мікалая Каляды, у якой гледачам прапануецца проста расслабіцца і пасмяяцца ад душы. Можа, толькі ў фінале маленькі сум паўстане ў душы ў кожнага, але ж на тое і існуе тэатр. А ўжо зарад бадзёрасці, весялосці і добрага настрою вам будзе забяспечаны.

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайце kvitki.by.

18 лістапада (18:00) запрашаем вас на камерную сцэну паглядзець цёмную гісторыю са святлом у канцы тунэля «МЕТРО» па п’есе Аляксандра Савухі.

 

Паспяховы, перспектыўны бізнесмен Дзмітрый Сяргеевіч, ці проста Дзіма (Дзмітрый Каваленка), вымушаны ехаць на чарговую важную сустрэчу ў метро. Для яго гэта нязручна, нязвыкла і нават агідна. Ён лічыць, што варта аддзяліць паспяховых, паважаных людзей ад нулёў, біямасы. У выніку нейкай недарэчнасці, спрабуючы выйсці з вагона, Дзіма трапляе ў іншую, паралельную рэальнасць…

 Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайце kvitki.by.

21 лістапада (19:00) у дзень заснавання Коласаўскага тэатра запрашаем вас паглядзець камедыю Віталя Вольскага «НЕСЦЕРКА». Гэта візітная картка нашага творчага калектыву.

 

Бедны, але сумленны і працавіты хлопец Юрась кахае Насту (Ульяна Ацясава), дачку ганчара Мацея (уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук). Дзяўчына адказвае юнаку ўзаемнасцю. Але маці Насты, строгая і ўладарная кабета Мальвіна (Раіса Грыбовіч) прыгледзела для яе іншага жаніха – недарэчнага, смешнага і дурнаватага кар’ерыста – Шкаляра (Яўген Бераснеў). І тут на дапамогу маладым з’яўляецца Несцерка (уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан). Нямала перашкод яму давядзецца пераадолець: абхітрыць пана (уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка), перамагчы ў дыспуце Шкаляра, ашукаць Суддзю (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў), «адправіць» жаніха-прайдзісвета ў «замежныя краіны» і ўрэшце схіліць непахісную Мальвіну да шлюбу Насты з Юрасём.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

25 лістапада (18:00) запрашаем вас паглядзець трагіфарс «ДЗЯДЗЕЧКАЎ СОН» паводле аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага.

 

Мар’я Маскалёва (Наталля Аладка / Алена Шарэпчанка) імкнецца вырвацца з шэрага жыцця ў правінцыйным гарадку, трапіць у далёкую прывабную сталіцу і адначасова хоча ўладкаваць выгаднае замужжа для сваёй вытанчанай дачкі Зіны (Дар’я Французава). Нечакана ў горадзе з'яўляецца багаты і ўплывовы Князь (народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка). Толькі ж вельмі шаноўнага ўзросту! Акрамя таго, на руку і сэрца Зіны прэтэндуе малады, але зусім не паспяховы Павел Мазглякоў (Аляксей Анісеня / Антон Бараноўскі). Маскалёва зробіць усё магчымае, каб выйграць латарэю лёсу і атрымаць шчаслівы квіток у новае жыццё. Але ці атрымаецца?

Узроствае абмежаванне– 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайце kvitki.by.

26 лістапада (18:00) на вялікай сцэне – спектакль «ГІСТОРЫЯ КАХАННЯ» па аднайменнай аповесці Эрыка Сігала.

 

У цэнтры падзей – кранальнае і трагічнае каханне Олівера Барэта (Дзмітрый Каваленка) да Джэніфер Кавілеры (Дар’я Французава). Ён – паспяховы студэнт з Гарварда, будучы юрыст, імкнецца пазбавіцца ад уплыву бацькі-мільянера (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) і стаць самастойным. Яна – дачка беднага італьянскага эмігранта (уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка), таленавітая перспектыўная навучэнка музычнага каледжа, разумная, наравістая. На жаль, на іх шляху ўзнікае шмат перашкод: і нязгода заможнага бацькі Олівера на шлюб закаханых, і далейшыя матэрыяльныя нястачы... Але самае моцнае выпрабаванне лёсу чакала іх наперадзе...

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

28 лістапада (19:00) на камернай сцэне вы зможаце ўбачыць трагікамедыю Дональда Лі Коўбэрна «ГУЛЬНЯ Ў ДЖЫН».

 

Уэлер Марцін (уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан) – у мінулым паспяховы бізнесмен, якому здрадзілі партнёры. Фонсія Дорсі (Анжаліка Баркоўская) – супрацоўніца жыллёвай канторы без сярэдняй адукацыі. Яны выпадкова сустракаюцца, знаёмяцца і бавяць час за гульнёй у карты. У двух супрацьлеглых па характары людзей – усё ў мінулым, і аб’ядноўвае іх толькі адсутнасць будучыні. У нейкі момант няхітрая забава гульнёй у джын, простыя лекі ад маркоты робяцца для іх сэнсам і нават метафарай жыцця.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81), на сайце kvitki.by.

Чакаем вас у тэатры!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X