ЛЕАНІД ТРУШКО: «Я НА ЛЁС НЕ НАРАКАЮ…»

 

Леанід Ігнатавіч Трушко – адзін з майстроў коласаўскай сцэны, якога добра ведалі віцебскія гледачы 60-90-х гадоў мінулага стагоддзя. Яркая знешняя фактура, выдатныя тыпажныя дадзеныя, а яшчэ добрая арганіка дапамаглі яму стаць адным з вядучых акцёраў трупы. Прытым, што ён не атрымаў якой-небудзь тэатральнай адукацыі, гэтак жа, як і яго калега Яўген Шыпіла, быў вельмі таленавітым самародкам. Сыграў Леанід Ігнатавіч на коласаўскай сцэне каля 100 роляў, і гэта за 33 гады творчай працы. Былі і камедыйныя, і трагедыйныя, і вострахарактарныя вобразы. Маючы тыпаж сацыяльнага героя, шмат пераіграў розных партыйцаў, чэкістаў, камандзіраў... 4 лютага 2023 года народнаму артысту Беларусі магло б споўніцца 85...

 

Апладзіравала сама Фурцава

Нарадзіўся Леанід Трушко ў 1938 годзе ў Оршы, там жа прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Тэатрам захапіўся і пачаў сур’ёзна займацца даволі позна, у дваццаць тры гады, ужо пасля службы ў войску. Пачаў стала займацца і іграць у народным тэатры Аршанскага ільнокамбіната. На той час самадзейныя артысты рыхтавалі тэатральную ленініяну – спектаклі «Крамлёўскія куранты», «Трэцюю, патэтычную» Мікалая Пагодзіна і «Шостае ліпеня» Міхаіла Шатрова. У першым з іх ролю матроса Рыбакова выконваў Леанід Трушко. Спектакль меў поспех, быў адзначаны ганаровым дыпломам і паказаны ў Маскве на сцэне Крамлёўскага палаца. Там прысутнічалі члены ўрада, у прыватнасці міністр культуры СССР Кацярына Фурцава. Спектакль атрымаў добрыя водгукі.

І тут Леаніда нечакана пацягнула ў рэжысуру. На сцэне народнага тэатра ён паставіў спектакль «На паўночны захад ад Берліна». І надумаў паступаць на рэжысёрскі факультэт Шчукінскага вучылішча ў Маскве. На адным курсе з ім, па ўспамінах артыста, вучыўся сам Мікіта Міхалкоў. Праўда, доўга Леанід там не вытрымаў, збег на Радзіму. І тут яго заўважыў рэжысёр Коласаўскага тэатра Віктар Каралько. Ён і запрасіў маладога самадзейнага артыста ў нашу трупу, спярша ў дапаможны акцёрскі склад. Зрэшты, вельмі хутка Трушко перавялі ў асноўны склад трупы.

Першыя ролі ў Коласаўскім

Леанід Трушко адразу ж атрымаў невялікую ролю ў «Шостым ліпені» Шатрова, потым быў Шохін у «Зыкавых» Горкага, Мікіта ва «Уладзе цемры» Талстога. І як кажуць, пайшло-паехала. На ролі Трушко шанцавала. Станоўча ставілася крытыка. З ім працавалі такія знакамітасці, як народныя артысты Цімох Сяргейчык, Анатоль Трус, Анатоль Шэлег, Яніна Глебаўская, Алена Радзялоўская, Мікалай Звездачотаў, Фёдар Шмакаў.

Спектакль «Улада цемры» (1969) у пастаноўцы выдатнага беларускага і расійскага рэжысёра Барыса Эрына быў першым моцным выпрабаваннем для маладога артыста. Гэта была першая ў яго творчай біяграфіі цэнтральная роля, тым больш у класіцы, поруч з выдатнымі артыстамі – карыфеямі коласаўскай сцэны – Янінай Глебаўскай і Людмілай Пісаравай (Матрона), Анатолем Шэлегам (Пётр), Фёдарам Шмакавым (Акім), Галінай Маркінай (Анісся).

 

Няўмольная ўлада грошай над чалавекам – гэта быў лейтматыў спектакля. Мікіта, Анісся і Матрона – найбольш яркія вобразы ў пастаноўцы, і менавіта яны – носьбіты гэтага лейтматыву. Вось як пісаў пра ролю Мікіты, сыграную Леанідам Трушко выдатны беларускі тэатразнаўца, акадэмік Уладзімір Няфёд: «Л.Трушко ў ролі Мікіты маляваў вобраз чалавека знешне быццам моцнага і рашучага, а па сутнасці бязвольнага, які слепа падначальваўся жорсткім законам жыцця. Ён з адкрытым выклікам паводзіць сябе з мужам Аніссі – Пятром, цынічна пацяшаецца з Аніссі, разумеючы безвыходнасць яе становішча, фальшывіць перад бацькам Акімам і ўсё гэта робіць зухавата, без згрызот сумлення. Ён гатовы пайсці на любую подласць, на любы фальш і тут жа апраўдаць, заспакоіць сябе, лічачы, што ўсе хлусяць і гэта, маўляў, натуральна. Толькі ў фінальных сцэнах у яго нарэшце абуджаецца сумленне, калі ён каецца пры ўсім народзе».

У спектаклі «Амністыя» па п’есе Мікалая Матукоўскага (1971) тэатр зрабіў паспяховую спробу закляйміць тагачасны тып прыстасаванца з рабочых, які адкрыта здзекуецца з сумленных людзей, спекулюючы на чалавечай дабраце і гуманных законах.

 

Спектакль прайшоў з поспехам. П’еса атрымала яркае камедыйнае прачытанне з багатым выкарыстаннем прыёмаў гіпербалы. Найбольшая ўдача спадарожнічала акцёру Л.Трушко ў ролі Салавейчыка, таго самага «траянскага каня», слесара-самародка, з-за якога пакутуе цэлая фабрыка дзіцячых цацак. Арганічнае спалучэнне блатной развязнасці са знешняй прывабнасцю ў многім тлумачыла, чаму гэтаму герою так доўга і лёгка ўдаваліся ўсе яго штукарствы.

П’еса Генадзя Бокарава «Сталявары» была напісана па замове Алега Яфрэмава для Маскоўскага мастацкага тэатра пад яго кіраўніцтвам. Гэта быў адзін з першых драматычных твораў на так званую вытворчую тэму. Ужо потым пойдуць п’есы Аляксандра Гельмана, Ігната Дварэцкага. Па-рознаму можна сёння адносіцца да гэтых твораў, але, несумненна, яны з’явіліся новай цікавай старонкай у гісторыі савецкага тэатра і кіно 70-80-х гадоў. Не абмінула гэтая тэматыка і Коласаўскі тэатр. П’есу «Сталявары» паставіў у 1974 годзе на той час галоўны рэжысёр тэатра Сямён Казіміроўскі, у галоўнай ролі Віктара Лагуціна выступіў Леанід Трушко.

 

Малады рабочы Віктар Лагуцін прыходзіць на буйны металургічны завод. На вытворчасці ён сутыкаецца з парадкамі, якія лічыць недапушчальнымі, і пачынае змаганне: адмаўляецца здаваць няякасную сталь – тым самым зрывае план завода па выпуску гатовай прадукцыі. Гэтым настройвае супраць сябе не толькі начальства, але і калег-рабочых. За прахадной завода Лагуцін таксама дзейнічае рашуча: сядае ў бульдозер і зносіць піўны намёт ля завода – рассаднік, на думку Лагуціна, п'янства. Няпроста складаецца і асабістае жыццё галоўнага героя: у цэнтры падзей – высвятленні адносін з некалі блізкай яму жанчынай Зояй, намёкі на любоўны трохкутнік. Зрэшты, тут прагледжваўся той самы тып актыўнага героя, які пазней, на пачатку 80-х, быў ярка паказаны праз вобраз Яўгена Сталетава ў рамане і фільме «І гэта ўсё пра яго».

Цікавай старонкай у гісторыі Коласаўскага тэатра была пастаноўка трагікамедыі Андрэя Макаёнка «Трыбунал» з бліскучымі акцёрскімі работамі народных артыстаў Беларусі Іосіфа Матусевіча ў ролі Цярэшкі Калабка і Зінаіды Канапелькі (Паліна). У гэтай рабоце цікава сябе праявіла і моладзь тэатра – Алесь Лабанок і Баляслаў Сяўко ў ролі Валодзькі, Галіна Бальчэўская і Любоў Нісневіч у ролі Надзеі, Леанід Трушко ў ролі начальніка паліцыі Сырадоева. Артыст стварыў вобраз нахабнага, цынічнага чалавека са схільнасцямі садыста.

Набліжэнне да сталасці

Новы этап у творчасці Трушко звязаны з прыходам у тэатр маладой беларускай рэжысуры – Валерыя Мазынскага, які ў 1977 узначаліць мастацкае кіраўніцтва тэатра, і Валерыя Маслюка. Лепшыя іх работы, несумненна, гэта пастаноўкі моцных эпічных палотнаў, у якія добра ўпісваліся яркія тыпажы і індывідуальнасці артыстаў-коласаўцаў таго часу – Уладзіміра Куляшова, Яўгена Шыпілы, Леаніда Трушко, Пятра Ламана, Тадэвуша Кокштыса, Валянціна Цвяткова, Таццяны Мархель, Валянціны Петрачковай.

У спектаклі «Званы Віцебска» Мазынскага па п’есе Уладзіміра Караткевіча Леанід Трушко стварыў вобраз Дарафея – аднаго з паплечнікаў Іясафата Кунцэвіча, а ў «Кастусі Каліноўскім» сыграў аднаго з удзельнікаў сялянскага паўстання Бронюса Марцявічуса.

У прыпавесці «Клеменс» Казіса Саі – адна з цэнтральных роляў – смаляр Алялюмас, мудры народны філосаф, які стаў пакутнікам, пайшоў на катаргу, узяўшы на сябе віну свайго духоўнага вучня Скалнаса.

Артыст праводзіў усю лінію ролі ў стрыманай манеры, але за гэтай стрыманасцю і нешматслоўнасцю, унутранай засяроджанасцю і спакоем хавалася цэлая біяграфія героя, яго вялікі жыццёвы досвед і набытая з гадамі пранікнёнасць, мудрасць. Гэта ўжо была работа сталага майстра, адна з лепшых у творчай біяграфіі выдатнага артыста.

У многім супярэчлівым, неадназначным па сутнасці паўстае перад гледачом вобраз святара Іярама Кандэлакі ў спектаклі «Закон вечнасці» паводле рамана Н.Думбадзе, пастаўленым Валерыем Маслюком у 1981 годзе. У гутарках, спрэчках з ім галоўнага героя Бачана Рамішвілі гучыць перавага дзейснай барацьбы, штодзённага змагання за шчасце людзей. Персанаж Трушко, у адрозненне ад гэтага, адстойвае хутчэй ідэю пасіўнага існавання, дагматычна-дэкларатыўную пропаведзь «дабра наогул».

 

Жывыя характары нашых сучаснікаў

Кожны герой Леаніда Трушко – гэта жывы характар, за якім стаіць жывы чалавечы лёс. Так можна вызначыць яго работу і ў спектаклі «Стары дом» па п’есе А.Казанцава ў пастаноўцы Валерыя Маслюка, яшчэ адзін спектакль-легенда, які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў тагачаснай моладзі.

 

Леанід Ігнатавіч стварыў вобраз Максіма Ферапонтавіча – бацькі Сашы, п’янчугі, дамашняга тырана, дэспата, з-за якога пакутуе ўся сям’я. Па сутнасці, з-за яго дачка з’язджае ў іншы горад, сын становіцца алкаголікам. Кантрастам да першай дзеі з’яўляецца другая, дзе галоўныя героі становяцца дарослымі людзьмі і вяртаюцца сюды, у стары дом. Герой Трушко зусім непадобны да таго, ранейшага. Цяпер ён прыкаваны да ложка, не можа, не ў стане вымавіць слова і толькі выціскае з сябе нейкія гукі. Жонка не збіраецца за ім наглядаць, бяжыць на спатканне з чарговым кавалерам. І знаходзіць ён спачуванне толькі ў дачкі, якой калісьці ён зламаў жыццё. І тое, што з ім адбываецца зараз, успрымаецца гледачом і героямі спектакля як адплата за ранейшыя грахі.

І яшчэ адзін вобраз, які нельга абмінуць. Гэта Андрэй Буслай з драмы Аляксея Дударава «Парог», пастаўленай Валерыем Мазынскім у 1982 годзе. Галоўны персанаж спектакля – чалавек ад прыроды разумны і душэўна шчодры, але спіты, які стаіць ужо ля той мяжы, за якой заканчваецца чалавек. Не патрэбна яму жонка, якая разумее, якая кахае яго ўжо няма за што. Не патрэбен сын. І само жыццё не патрэбна Буслаю. Ён скарыўся ўласнай слабасці і пакланіўся ёй як боскасці. Андрэй Буслай праходзіць праз страшнае выпрабаванне: ён як бы ўбачыў з боку ўласную смерць. Міліцыя выявіла труп змерзлага некалькі месяцаў таму чалавека, у кішэні якога быў пашпарт Андрэя Буслая. Пашпарт дазволіў выказаць здагадку міліцыі, што загінуў ён – Андрэй. Але насамрэч Андрэй жывы, а загінуў і пахаваны яго сабутэльнік. Загінуў, таму што страціў чалавечае аблічча і таму што не сустрэў, як Буслай у фатальную хвіліну, чалавечай дабрыні. Гэта страшная памылка прымушае Андрэя з велізарнай сілай адчуць небяспеку, якая яму пагражае, усвядоміць будучыню і з роспаччу кінуцца назад, дахаты, у роднае сяло. Закрычаць, што ён жывы! І папрасіць прабачэння ў свайго маленькага сына.

Леанід Трушко паказаў працэс цяжкага абуджэння Буслаевай душы, адраджэння чалавека да жыцця. У адрозненне ад іншага выканаўцы ён паказвае Андрэя больш напорыстым, актыўным у імкненні адшукаць вінаватых і тым самым апраўдаць амаральнасць свайго існавання. Прасвятленне героя Трушко адбываецца не заўсёды паслядоўна. Тым не менш выканаўца прымушаў свайго героя спазнаць цяжкі прысуд асабістаму сумленню.

Пазней Леанід Трушко выконваў ролю бацькі Буслая.

Застацца чалавекам

Спектакль «Радавыя», пастаўлены Валерыем Мазынскім па п’есе А.Дударава, быў яшчэ адной удалай спробай дакрануцца да тэмы вайны, да тэмы Вялікай Перамогі. Пяцёра салдат… Кожны з іх нясе ў сабе і пачуццё ўласнай віны, і асабісты рахунак ворагу. Маральным цэнтрам спектакля быў персанаж Леаніда Трушко. Вакол Дзерваеда ці, як цёпла завуць яго, Дзеда, канцэнтруецца дзея. Да яго ідуць салдаты са сваімі сумненнямі, штодзённымі клопатамі. Да яго горнуцца жанчыны, што вяртаюцца з канцэнтрацыйнага лагера. Побач з імі Дзерваед робіцца яшчэ больш маўклівым, але актыўна жадае дапамагчы жанчынам хоць бы чым-небудзь, усцешыць неяк.

 

Дзерваеду бязмежна цяжка даецца кожная хвіліна гэтай вайны, кожны яе стрэл. Рэжысёр уводзіць у спектакль сцэны успамінаў – размовы з жонкай. Фашысты забілі яе разам з дзіцем на вачах у мужа, і ён у іх гібелі вінаваціць сябе. Але віна і бяда толькі ўзмацнілі яго помсту забойцам, а не азлобілі на ўвесь белы свет. Ён застаецца чалавекам.

Апошні перыяд. Нечаканая кропка

Апошні перыяд у творчасці Леаніда Трушко быў таксама даволі плённы і багаты на новыя ролі, новыя здабыткі. Вяршыняй яго творчасці, несумненна, з’яўляецца вобраз караля Ліра ў аднайменнай трагедыі У.Шэкспіра. Роля, пра якую марыць кожны акцёр. Пастаноўка Валерыя Маслюка з’явілася даволі эксперыментальнай, непадобнай на традыцыйныя ўвасабленні класічнай трагедыі. Гэта чыталася і ў авангарднай рэжысёрскай канцэпцыі, і ў сцэнаграфіі, і ў касцюмах (спалучэнне сучасных элементаў з гістарычнымі). Прызначэнне на галоўную ролю Леаніда Трушко таксама не ўпісвалася ў кананічную трактоўку гэтага вобраза. Мажны целасклад ды не зусім старэчы ўзрост выканаўцы мала адпавядалі традыцыйным уяўленням пра кволага, нікчэмнага, выжыўшага з розуму манарха. Выканаўца і не спрабаваў прабіць вонкавую ўмоўнасць: яго Лір фізічна здаровы, тым больш што акцэнтуюцца знямоглыя ад катаванняў кароль Французскі і герцаг Бургундскі. Ён пазбаўлены маральных комплексаў тыран, які ўзгадаваў цэлую зграю лісліўцаў і крывадушнікаў. Зло ў спектаклі пачынаецца менавіта з Ліра. Але якія ж намаганні павінен быў здзейсніць акцёр, каб сыграць ператварэнне такога Ліра-караля ў Ліра-чалавека!

 

Спектакль «Кароль Лір», бадай, упершыню за ўсю гісторыю Коласаўскага тэатра быў паказаны ў далёкім замежжы: яму апладзіравалі гледачы нямецкага Нінбурга, і артыст пачуў у свой адрас шмат цёплых словаў.

 

Сярод іншых работ Трушко апошняга перыяду можна назваць суддзю Ляпкіна-Цяпкіна з «Рэвізора» і Яешню з «Жаніцьбы» М.Гогаля, Цецерава з «Мяшчан» М.Горкага, Эфраіма Кэбата з «Любові пад вязамі» Ю.О’Ніла, Жульена Ферона ў «Загадцы дома Вернье» Р.Тама, сіньёра Баптыста з «Утаймаванне наравістай» У.Шэскпіра, Барталамеа дэла Скала, герцага Веронскага з «Чумы на вашы дзве сям’і!» Р.Горына, Гапона Барычку з «Залётаў» В.Дуніна-Марцінкевіча, Старога з камедыі «І наяве часам такое бывае, што і ў сне не прысніш» паводле «Святой прастаты» А.Макаёнка, Абеля з «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка.

 

У 1996 годзе Леанід Трушко атрымаў ганаровае званне «Народны артыст Беларусі». У адным з інтэрв’ю артыст засведчыў: «Ролі, ролі, узлёты, падзенні… Я – Леанід Трушко – сын Ігната з-пад Оршы, артыст, чалавек, беларус… Ідзе жыццё. І за гэтыя гады сыграна так многа, што часам ужо не адрозніць, дзе я сам, дзе персанаж, дзе ягоныя словы і думкі, дзе мае?.. Дзіўная ўсё ж такі прафесія! Я – віцебскі малец і раптам: кароль, бомж, сталявар, забойца, каваль, шэльма, філосаф, ваяр... Усе мы, артысты, падобныя. Кожнаму здаецца, што ён – адзіны. І лёс, і рэжысёры несправядлівыя толькі да яго асабіста. Я на лёс не наракаю: і званне, і нават слава, мая, у мяне ёсць… Але прыходзіш на працу, а вочы шукаюць паперку з размеркаванне роляў… Прачытаў: «Абель – Л.Трушко. «Сола для гадзінніка з боем». Падумаў: «Сола для Трушко з боем». Ну, не апошняя ж роля. Праб’ёмся!» На жаль, артыст памыляўся.

 

Роля Абеля стала апошняй у яго творчай біяграфіі. Раптоўная хвароба паставіла кропку ў яго творчай біяграфіі, і ён у 1999 годзе быў вымушаны сысці на заслужаны адпачынак. Праўда, тэатр не забываў: кожны год, найчасцей у кастрычніку прыходзіў на адкрыццё чарговага сезону. Ды і коласаўцы не забывалі яго, наведевалі Леаніда Ігнатавіча.

Памёр народны артыст Беларусі Леанід Трушко 10 студзеня 2010 года і быў пахаваны ў Віцебску, на могілках «Мазурына».

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X