КОЛАСАЎЦЫ НА РЭСПУБЛІКАНСКІМ ФЕСТЫВАЛІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДРАМАТУРГІІ імя В.І.ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА
З 28 лістапада па 3 снежня ў Бабруйску праходзіць ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сярод удзельнікаў – прафесійныя тэатры з розных гарадоў Беларусі. 1 снежня (19:00) тэатр імя Якуба Коласа пакажа на фестывалі ваенную драму «Сотнікаў» паводле аднайменнай аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
Спектакль «Сотнікаў» быў пастаўлены ў 2024 годзе і прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава.
Люты 1942 года. Беларусь. Вялікая Айчынная вайна. Двое партызан – Барыс Сотнікаў і Мікалай Рыбак – па заданні камандзіра атрада ідуць шукаць правізіі ў бліжэйшыя вёскі. Пасля перастрэлкі з паліцаямі яны трапляюць у палон да фашыстаў. Для хворага, параненага Сотнікава і больш прыстасаванага да жахлівай ваеннай рэальнасці Рыбака ўзнікае маральны выбар. Яны павінны скарыцца перад гітлераўскай машынай або годна змірыцца са смерцю і такім чынам атрымаць незалежнасць ад ворагаў. Вырашыць, ці жыццё каштоўнае само па сабе, ці ўчынкі і прынятыя вырашэнні вызначаюць яго каштоўнасць для сябе і для людзей навокал?
У бесчалавечных абставінах вайны адказаць на пытанне вымушаны не толькі байцы, абавязаныя прысягай перад Радзімай, але і простыя людзі – бацька чырвонаармейца, стараста вёскі Пётра Качан, маці чацвярых дзетак Дзёмчыха, яўрэйская дзяўчынка Бася...
Увасобіў сцэнічны твор мастацкі кіраўнік коласаўскага тэатра Канстанцін Ганчароў. Аўтар інсцэніроўкі Алесь Замкоўскі. Сцэнаграфія і касцюмы галоўнага мастака тэатра Святланы Макаранка. У фестывальным паказе возьмуць удзел Яўген Бераснеў (Сотнікаў), Дзмітрый Філімоненкаў (Рыбак), Вераніка Траяноўская (Бася, яўрэйская дзяўчынка), уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан (Пётра Качан, стараста), Валянціна Багданава (жонка старасты), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (следчы Партноў), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна (Кабета з вёскі Лясіны), Ніна Обухава (Дзёмчыха), Вадзім Асвяцінскі (паліцай Тарасюк), Міхаіл Асанаў (Кат-паліцай Будзіла), Цімур Жусупаў (паліцай Стась Піліпёнак-Гаманюк), Ілля Блыкін (Фашысцкі афіцэр).
Зычым коласаўцам удалага выступлення на фестывалі!
Праграма Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі складаецца са спектакляў паводле твораў беларускіх аўтараў. У конкурснай праграме прымаюць удзел 11 спектакляў. Сярод калектываў, сцэнічныя работы якіх былі адабраны для фестывалю, – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, Тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача, Новы драматычны тэатр (Мінск), Гомельскі абласны драматычны, Палескі драматычны тэатр (Пінск), Магілёўскія тэатры – абласны драматычны і тэатр лялек, гаспадары свята – Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска.
Добавить комментарий