ГІСТОРЫЯ ПРА ВАЙНУ І КАХАННЕ

На працягу двух дзён у Віцебску, на сцэне коласаўскага тэатра праходзілі гастролі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска. Віцебская трупа добра ведае і гэты калектыў, і той горад, адкуль ён прыехаў, бо коласаўцы перыядычна бываюць на Рэспубліканскім фестывалі беларускай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. Віцебскі глядач убачыў два дарослыя і адзін дзіцячы спектакль. Адметнасць гэтых гастроляў палягае ў тым, што пад час іх віцябляне змаглі паглядзець сцэнічны твор, літаратурную аснову якога склала п’еса віцебскіх аўтараў – Аркадзя Шульмана і Яна Карпінскага «Песя і Янка», прысвечанага тэме Халакосту на беларускай зямлі.
Паказу спектакля, які ў розных сацыяльных сетках актыўна анансаваўся, папярэднічала творчая сустрэча ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна са стваральнікамі спектакля. У ёй бралі ўдзел адзін з аўтараў п’есы «Песя і Янка», вядомы віцебскі журналіст, галоўны рэдактар часопіса «Мішпоха» Аркадзь Шульман, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча Дзмітрый Нуянзін і артысты, якія выконваюць у спектаклі цэнтральныя ролі, Ігар Бурак (Янка), Марыя Дарагабед (Песя) і Павел Мікулік (Самуіл). З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуліся загадчык аддзела краязнаўства і беларускай літаратуры абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова і літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, тэатразнаўца Юрый Іваноўскі.
Аркадзь Львовіч расказаў пра гісторыю стварэння п’есы, якая нарадзілася з апавядання, што выйшла ў адным з нумароў часопіса «Мішпоха». Яно настолькі зацікавіла мастака-сцэнографа (які некаторы час працаваў галоўным мастаком Коласаўскага, а потым і бабруйскага тэатра) Пятра Анашчанкі, што пён прапанаваў напісаць на аснове яго п'есу. Пазней ён пад псеўданімам Яна Карпінскага выступіць суаўтарам Шульмана ў напісанні лірычнай драмы пад той жа назвай. Дарэчы, Пятро Анашчанка выступіў і ў якасці сцэнографа спектакля. П’еса пра вайну і каханне, можна сказаць, прайшла доўгі шлях, пакуль не патрапіла на бабруйскую сцэну. Доўга шукалі мецэнатаў – спонсараў праекту, пакуль не выйшлі на Льва Логінава, заснавальніка фонду Зелінгера. У свой час, пасля вайны, ён збіраў рэшткі забітых у Бабруйску яўрэеў і хаваў іх. Пазней дзякуючы яго ж намаганнямі, а таксама Марыі Мінц, цудам уратаванай пасля расстрэлу бабруйскага гета, быў узведзены мемарыял. Фонд Зелінгера выдзяліў сродкі на пастаноўку, але пры ўмове, што спектакль будзе пастаўлены менавіта ў бабруйскім тэатры.
Дзмітрый Нуянзін распавёў пра гісторыю тэатральнага жыцця ў Бабруйску і пра сваю першую пастаноўку – «Анёлы не плачуць», якую госці таксама паказалі пад час гастроляў. Дарэчы, ён зусім нядаўна, а дакладней, з 6 студзеня прызначаны галоўным рэжысёрам тэатра драмы і камедыі. Ён жа падзяліўся сваімі цікавымі развагамі пра спектакль сваіх калег – «Песя і Янка».
Ігар Бурак распавядаў, як ішла работа над спектаклем, над сцэнічным вобразам Янка, ходам якой артыст засвоіў шэраг цыганскіх слоў, якія і выкарыстоўвае ў розных сцэнах. Як засведчыў Аркадзь Шульман, які некалькі разоў бачыў спектакль, колькасць іх пастаянна павялічваецца.
Сцэнічны твор так пабудаваны, што ў ім з’яўляецца гераіня ў пажылым і маладым узросце. Але яе іграюць адпаведна дзве выканаўцы (ролю Песі ў пажылым узросце выконвае старэйшая актрыса бабруйскага тэатра Жанэта Зарэмба). І такім чынам на сустрэчы прагучала пытанне, адрасаванае адной з іх – Марыі Дарагабед: што ж іх аб’ядноўвае? Па словах актрысы, Песя не вельмі змянілася. Яшчэ ў юнацтве адбыліся самыя важныя падзеі, якія яе сфарміравалі як чалавека. У тэхнічным плане (і мы гэта пабачылі ўвечары на спектаклі) выканаўцы імкнуцца знайсці нейкія агульныя рысы ў паходцы, у жэстах, каб глядач зразумеў, што гэта адзін і той жа чалавек.
Калі Янка напрыканцы вайны на дзесяць год знікае, у гераіні з’яўляецца другі мужчына, які вярнуўся з фронту – Самуіл, які змог упэўніць жанчыну, што са стратай каханага жыццё не скончылася і што трэба далей жыць. Выканаўца гэтай ролі Павел Мікулік распавёў пра свайго персанажа, для якога каханне – гэта не юнацкая палкая жарсць, гэта хутчэй уратаванне жыцця, душы. Што ж датычыцца вайны, то на ёй сапраўды страшна. Вайна – гэта найперш смерць. Але яшчэ і жыццё, можа, больш кароткае, але болей насычанае, калі чалавек найбольш выразна праяўляе сябе ў пэўных сітуацыях, выяўляючы альбо лепшае, альбо горшае ў сабе.
Увогуле сустрэча прайшла ў вельмі цёплай атмасферы. І прысутным вельмі захацелася прыйсці вечарам на спектакль. Думаецца, што яны не пашкадавалі пра гэта. Кожны з выканаўцаў здолеў стварыць не проста запамінальны вобраз, кожны з іх паказаў і абсалютна праўдзівы характар, і жывы чалавечы лёс. Многія гледачы выходзілі са спектакля са слязьмі на вачах.
Добавить комментарий