ГАЛІНА КАРАЛЬКОВА. ЖЫЛА Ў ВІЦЕБСКУ АКТРЫСА

19 студзеня 2023 года заслужанай артыстцы Рэспублікі Беларусь Галіне Аляксандраўне Каральковай споўнілася б 80…

 

Віцебскія аматары тэатра добра памятаюць Галіну Каралькову. У 60-90-я гады мінулага стагоддзя гэта была адна з прыгажэйшых актрыс коласаўскай трупы. Цудоўныя знешнія дадзеныя, выдатны голас, эмацыянальнасць, здольнасць дакладна выбудаваць партытуру ролі, стварыць запамінальны пластычны малюнак, дабіцца псіхалагічнай дакладнасці і праўдзівасці існавання на сцэне – усё гэта было ўласціва яе творчай індывідуальнасці.

Нарадзілася яна ў Віцебску, у далёкім 1943-м годзе. Сям'я доўгі час жыла ў падвальным памяшканні гарадской ратушы, бо іх кватэра згарэла. З маленькага акенца дзеці назіралі за будзённым і святочным жыццём горада. У школе пачала захапляцца тэатрам. Тым больш, што яе класная кіраўніца, настаўніца мовы і літаратуры Марыя Якаўлеўна Сусед вяла драматычны гурток. Яна і прывіла дзяўчынцы любоў да тэатральнага мастацтва. Ставілі ўсё больш сур’ёзныя, класічныя творы – «Мядзведзь» Чэхава, «Цыганы» Пушкіна.  Яшчэ ў школе Галя лічылася актрысай.

Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, уладкавалася на завод радыёдэталяў («Маналіт»). І вось аднойчы на вуліцы яе ўбачыў галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра Барыс Браганцаў. Ён быў настолькі ўражаны прыгажосцю дзяўчыны, што запрасіў яе паступаць у студыю. Выкладалі выдатныя майстры-коласаўцы – народныя артысты БССР Цімох Сяргейчык, Алена Радзялоўская, Фёдар Шмакаў, заслужаны работнік культуры БССР Якаў Буракоў. Дарэчы, сюды ж трапіла і сяброўка Галіны, будучая заслужаная артыстка БССР Людміла Пісарава. Ставілі ўрыўкі з п’ес Гогаля, Астроўскага, сучасных савецкіх аўтараў. У Галіны была бліскучая характарная роля Уліты ў студыйным спектаклі «Выхаванка» - камедыі Астроўскага.  Гэта было так нечакана, незвычайна смешна, калі велічна-павольна выплывала яна на сцэну. Ужо праз год вучобы Галіна Каралькова была залічана ў штат Коласаўскага тэатра.

Першай роляй была Лідачка ў камедыі А.Сухаво-Кабыліна «Вяселле Крачынскага», па сутнасці адзін з цэнтральных персанажаў. На той час гэта была вялікая рэдкасць, каб дэбютантцы адразу далі вялікую ролю. Партнёрамі актрысы былі карыфеі коласаўскай трупы – народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі (Расплюеў), народны артыст БССР Анатоль Шэлег (Крачынскі). Іх ігра была для пачынаючай актрысы сапраўднай кнігай, падручнікам. Моладзь вельмі паважала старэйшае пакаленне, глядзела на іх з захапленнем, баялася, што называецца, дыхаць побач з імі. Вельмі шанавала традыцыі і не лічыла, што свет пачаўся з іх. Было жаданне вучыцца, лавіць на ляту кожнае іх слова, параду.

 

 

У першы ж год работы ў тэатры былі сыграныя яшчэ тры цэнтральныя ролі – Алёнка ў «Пунсовай кветачцы» І.Карнаухавай, Л.Браўсевіч паводле С.Аксакава, Кардэлія ў «Каралі Ліры» У.Шэкспіра і Інга ў «Чатырох крыжах на сонцы» А.Дзялендзіка. Ва ўсіх гэтых работах актрысе ўдалося перадаць душэўную высакароднасць, не толькі знешнюю, але і ўнутраную прыгажосць сваіх вобразаў, іх самаахвярнасць, паэтычнасць, рамантычнасць. Дзякуючы гэтым ролям за актрысай замацаваўся вобраз лірыка-драматычнай гераіні.

 

Крытыка ўхваляла яе за пранікнёны лірызм, жыццёвы псіхалагізм, напружаны драматызм створаных вобразаў. Апрача названых роляў ранняга перыяду, варта яшчэ прыгадаць яе Соню з «Дачнікаў» М.Горкага, Насцю з «Трэцяй, патэтычнай» М. Пагодзіна, Нісу з «Дурнічкі» Лопэ дэ Вегі, Элеанора з камедыі «Каханне - не жарты» П.Кальдэрона. 

Крыху разгубілася Галіна, калі раптам атрымала ролю пані Барнаўскай у спектаклі «Гісторыя граху» С.Жэромскага. Гэтая бабулька ніяк не пасавала да яе ўзросту, знешняга выгляду.Быццам паставіла крыж на сваёй творчай біяграфіі. Але дарэмна. Сталенне таленту супала са сталеннем яе гераінь. Праз пэўны час набыты вопыт ёй яшчэ  спатрэбіцца, калі  сыграе ролю Бабулі ў дэтэктыве «Восем жанчын закаханых» па п'есе Рабэра Тама.

Увогуле Галіне Каральковай была ўласціва мелодыя адзіноты і нерастрачанага кахання. Прыгадаем яе Юлію Міхайлаўну са спектакля «Стары дом» па п'есе А.Казанцава, які паставіў Валерый Маслюк у 1980 годзе. Якая прыгожая, тонкая і далікатная жанчына! Ёю захапляецца падлетак – яна ж мае патрэбу ў каханні сапраўднага мужчыны, разумнага, шчырага, пяшчотнага. Ёй не хапае спагады, спачування, абароны. Што можа даць інфантыльны хлапчук? І Юлія Міхайлаўна яшчэ глыбей увойдзе ў сябе і ў такім «скафандры» перажыве сваё грэхападзенне.

 

У спектаклі «Маленькія радасці жывых» па п’есе А.Паповай (1990) зноў гучыць тая ж мелодыя, але тут яе Маргоша сама ідзе на блізкасць з жанатым чалавекам і набывае… адзіноту, безабароннасць. Але наперадзе нясе шчыт незалежнасці. Паглядзіце, як яна ходзіць па сцэне ў гэтым шырокім адзенні. Здаецца, што ёй мала сцэнічнай прасторы. Як заліхвацка папраўляе яна свой капялюшык  і ў канцы напяльвае яго на вочы, усведамляючы сваю безвыходнасць. Гэты спектакль глядзелі аднойчы госці з Польшчы, і адна з іх прыслала ў тэатр узнёслае пісьмо. «П'еса мне не спадабалася, - пісала жанчына з Кашаліна, - занадта публіцыстычная і ў нядобрай старой манеры, але пані Каралькова такая цудоўная, што я магла б колькі гадзін глядзець і яшчэ горшую п'есу. У Польшчы, грамадзянкай якой я з'яўляюся і дзе жыву, дужа рэдка і толькі ў асобных варшаўскіх тэатрах калі-нікалі можна пабачыць такое прыгожае, вялікае акцёрства,як я пабачыла ў пані Каральковай».

 

Галіна Паўлаўна ў «Блытаных сцежках» К.Крапівы (1983) – чалавек неардынарны. Знешне абаяльная, разумная, крыху неўраўнаважаная. Яна хацела паступіць у інстытут, быць карыснай людзям. Але мары не здзейсніліся, работа манікюршы абрыдла. Тыя задаткі, што дала прырода, растрачаны. Мужу з ёю займацца часу не стае. Галіне Паўлаўне трэба камусьці выказаць пра сваё набалелае. Ёй патрэбны высокія словы аб каханні, прагныя позіркі мужчын. Менавіта гэта прывяло яе да Якаўца (заслужаны артыст РБ Генадзь Шкуратаў) – хапугі, дзялка, прыстасаванца…

 

Асабліва пераканальным атрымаўся ў актрысы вобраз Ніны з дудараўскага «Парога» (1982). Пэўна, свой жыццёвы досвед быў перад вачыма. Проста бяры ўласнае, сваё, набалелае і перанось, увасабляй у вобраз. Па сюжэце Ніна кідае свайго мужа-алкаголіка і бярэцца шлюбам з іншым мужчынам. Але, здаецца, што каханне да Андрэя Буслая яшчэ жыве, яшчэ цепліцца ў яе сэрцы, яе душы. І ў маналогу, што прамаўляе гераіня перад маці Буслая, быццам апраўдваючы свой учынак, адчуваецца столькі нявыказанага гора, столькі пакут і разам з тым прагі звычайнага жаночага шчасця.

На жаль, актрыса далёка не поўнасцю змагла рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Вельмі мала яна іграла ў рускай і сусветнай класіцы. Разам з тым гэтыя, хай сабе і другарадныя ролі запомніліся гледачу. Гэта Паўла ў «Зыкавых» М.Горкага (1968), Вара ў «Вішнёвым садзе» Чэхава (роля была адзначана дыпломам Беларускага тэатральнага таварыства,1980), Баяркіна («Ах, які пасаж!» П.Фёдарава, У.Салагуба, 1986), , Элеанора ў «Бабскіх плётках» К.Гальдоні (1990), Фёкла Іванаўна ў «Жаніцьбе» М. Гогаля (1996). 

Сярод вобразаў, сыграных актрысай у сучасным  рэпертуары варта назваць мадам Буасьер («Будзьце здаровы!» П.Шэно, 1986), Элеанору ў абсурдысцкай камедыі С.Мрожака «Танга» (1988), Нехта ў драме «Жаночы стол у «паляўнічай зале» В.Мярэжкі (1987), Наталі з камедыі Лявона Вашка «Любоў па перапісцы». І, на жаль, гэта была яе апошняя работа на коласаўскай сцэне. Цяжкая хвароба і смерць спынілі яскравае творчае жыццё гэтай жыццярадаснай жанчыны.

 

Яна памерла 9 кастрычніка 2001 года. Пахавана на могілках «Мазурына». Калі коласаўцы наведваюць яе магілу, яны заўсёды прыгадваюць самыя светлыя моманты яе жыцця, яе жарты, яе гасціннасць і ўменне дапамагчы чалавеку.

Пра заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь Галіну Каралькову распавядае актрыса Зінаіда Грубо на вечары памяці «Акцёр пакідае часцінку душы» (2015).

Камедыя «Жаніцьба» (1996). У ролі Свахі - Галіна Каралькова.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X