ГАЛІНА БУКАЦІНА. ПАТЭНЦЫЯЛ АКТРЫСЫ НЕВЫЧЭРПНЫ

У заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, вядучага майстра коласаўскай сцэны Галіны Букацінай сёння, 27 студзеня, юбілей! Гераіні актрысы заўсёды па-жаноцку прыцягальныя: бывае, што рамантычныя, летуценныя, бывае, што ахопленыя жарсцю – моцным каханнем або прагай да ўлады. Але нават у лірычных ролях за тыпова славянскай прыгажосцю актрысы, жаночай, нават чараўніцкай прывабнасцю моцна адчуваюцца характар, інтэлект, высакародства (якога б паходжання яны не былі і ў якім бы часе не існавалі), унутраная, духоўная моц, здольнасць супрацьстаяць неспрыяльным абставінам. На працягу амаль 40 год сцэнічнай творчасці заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна стварыла больш за 70 жаночых вобразаў .

Першыя апладысменты…у вясковай хаце

Калі Галіна Букаціна ўпершыню адчула сябе актрысай? Можа, калі зусім маленькім дзяўчом разыгрывала канцэрты на вясковай печы, быццам на нейкім подыуме? Бабуля, цётухна ды іхнія сяброўкі ўзнагароджвалі юную артыстку гучнымі апладысментамі, а потым усе частаваліся смачнай гарбатай. А можа, пазней, калі выходзіла на школьную сцэну або іграла ў народным тэатры свайго роднага Маладзечна пад кіраўніцтвам першага педагога Надзеі Іванаўны Сідарэнка?

Перад выпускным балем у дзяўчыны з выдатнымі знешнімі дадзенымі, а яшчэ добрымі здольнасцямі да пераўвасаблення ўзнікла дылема: альбо спорт, альбо акцёрская прафесія. Галіна выбрала тэатр.

Знаёмства з купалаўцамі і Андрэем Макаёнкам

Набіраў студэнтаў галоўны рэжысёр купалаўскага тэатра Валерый Мікалаевіч Раеўскі. Гэта быў яго першы акцёрска-рэжысёрскі курс. Галіна Букаціна вучылася разам з Генадзем Мушпертам, у будучым галоўным рэжысёрам Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, Андрэем Душачкіным (цяпер артыстам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага ў Мінску), Георгіем Лойкам, Вадзімам Асвяцінскім, Наталляй Фацеевай, Таццянай Анікінай, якія разам з ёй трапяць у Коласаўскі тэатр.

Ужо на другім курсе Раеўскі пачаў актыўна займаць студэнтаў у масавых выхадах на купалаўскай сцэне. Спярша гэта была «Аптымістычная трагедыя», дзе яны былі занятыя ў масоўках. Іншым разам іх, маладых, разыгрывалі, але гэта не бянтэжыла. Галоўнае – панюхаць сцэну.

Потым былі «Пагарэльцы» А.Макаёнка, дзе Галіна Букаціна сыграла ролю сакратаркі Стэлы. Гэты спектакль быў як выбух бомбы, таму што там ішла размова пра нядобрасумленных чыноўнікаў. Лішні білецік пачыналі пытацца яшчэ з купалаўскага скверу. Раеўскі пазнаёміў актрысу і з аўтарам п’есы Андрэем Макаёнкам, які сам даў сваю згоду на яе прызначэнне. У спектаклі ігралі народныя артысты Віктар Тарасаў, Павел Дубашынскі, Генадзь Аўсяннікаў, Арнольд Памазан. Апошні падарыў ёй саламяную цацку з паштоўкай, дзе было напісана: «Цяпер ты разумееш, Стэла, у чым складанасць сучаснага моманту». Яна і да гэтага часу захоўваецца ў Галіны Мікалаеўны як своеасаблівы талісман.

 

Потым была Зоська ў беларускіх вадэвілях «Ажаніцца не журыцца», партнёрам яе быў Віктар Манаеў. Першыя ў жыцці гастролі – у Гродне, дзе артыстаў надзвычай цёпла прымалі. Здавалася б, усё ішло да таго, каб застацца ў Мінску. Але па размеркаванню яна трапіла ў Коласаўскі тэатр. Спярша меркавала, што гэта часова, на год-два. Аказалася – на ўсё жыццё. Менавіта наш тэатр стаў для Галіны Букацінай лёсам.

Першыя крокі на коласаўскай сцэне

Спярша было складана і нязвыкла. Жылля не было, давялося год туляцца ў гасцініцы, пасля яшчэ год – у самім тэатры. Займала свабодны пакойчык. Па вечарах чытала кнігі ці блукала па тэатры. Адчувала пах куліс і быццам далучалася да жывой гісторыі, уяўляла тых вялікіх, выдатных акцёраў, што тварылі калісьці на гэтай сцэне.

Першай роляй, сыгранай у Коласаўскім тэатры, была Аня з чэхаўскага «Вішнёвага саду» ў пастаноўцы В.Мазынскага. Гераіня Галіны Букацінай атрымалася трапяткая, летуценная, імпульсіўная, поўная дзявочых мар і веры ў лепшае жыццё. Гэта была добрая заяўка.

Потым была юная, але ўнутрана спустошаная Лідка з дудараўскіх «Радавых», чыю маладосць загубіла, знішчыла вайна.

 

З асаблівай цеплынёй актрыса і сёння прыгадвае супольную працу з выдатным майстрам Барысам Эрыным. Першы вопыт быў у драме «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага, дзе яна працавала разам з мэтрамі коласаўскай сцэны – народнымі артыстамі Беларусі Галінай Маркінай, Уладзімірам Куляшовым і Георгіем Дубавым, набіралася вопыту, вучылася майстэрству. У пастаноўцы яна сыграла правінцыйную актрысу Карынкіну, крывадушную інтрыганку і зайздросніцу, якая добра ўмее іграць не толькі на сцэне, але і ў жыцці. Няпроста было ўнутрана апраўдваць для сябе яе не вельмі благія ўчынкі. Акцёр жа адвакат сваіх роляў!

 

У спектаклі «Філумена Мартурана» па п’есе Эдуарда дэ Філіпа яна стварыла вобраз легкадумнай Дзіяны, маладой саперніцы галоўнай гераіні.

У «Хаме» паводле Э.Ажэшкі перад ёй паставілі яшчэ больш складаную задачу – у даволі маладым узросце сыграць 40-гадовую вясковую кабету. Рэжысёр Барыс Эрын сказаў: «Трэба пашыраць палітру. Вось гэтага ты яшчэ не ўмееш. Гэтаму трэба вучыцца». І спярша было вельмі складана. Але рэжысёр вёў яе. Крок за крокам. Гэта тая школа, якой актрыса і зараз карыстаецца.

Іншая школа

Рэжысёрам, які зусім па-іншаму раскрыў Галіну Букаціну, быў Віталь Баркоўскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Спярша працаваць з ім было складана, бо гэта была іншая школа, іншы накірунак. Але з цягам часу яны сталі разумець адно аднаго. За вобраз Галы, жонкі галоўнага героя, кранальна-вытанчанай, пяшчотнай, грацыёзнай, самаахвярнай у спектаклі «…таму што люблю...» А.Паповай актрыса была ўзнагароджаная дыпломам «За лепшае выкананне жаночай ролі» на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. Ходам работы над роляй хацела больш даведацца пра іншую Галу, жонку Сальвадора Далі, у нейкім сэнсе правобраз сваёй гераіні. Многа чытала пра яе. Пры ўсёй непадобнасці гэтых жанчын знаходзіла нешта агульнае паміж імі, зразумела сутнасць ролі.

 

За вобраз каралевы Боны Сфорца ў «Чорнай нявесце» А.Дударава ўганаравана спецыяльным дыпломам «За яскравае ўвасабленне ролі» і прызам камітэта па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама на Міжнародным тэатральным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы».

 

У спектаклі «Позняе каханне» паводле п’есы А.Астроўскага Галіна Букаціна стварыла вобраз Варвары Лябёдкінай, гэткай халоднай спакушальніцы, якая разлічвае кожную інтанацыю і жэст, а да ўсяго рэжысёр прыдумаў для яе доўгую і пранізліва-драматычную сцэну маўклівага дыялогу з лялькай накшталт прызнання ў самых патаемных пачуццях.

 

У пастаноўцы «Дадому» А.Паповай яе гераіня – немаладая жанчына Лора Васільева, якая спрабуе абараніць сваё шчасце, забіваючы саперніцу.

 

Незаўважных роляў не было

Галіна Букаціна не вылучае аднаго рэжысёра: праца з кожным з іх, лічыць яна, для яе карысная і плённая. Вось, напрыклад, у тандэме з Рыдам Таліпавым быў створаны цікавы вобраз ханжы Турусінай у камедыі «Мудрацы…» А.Астроўскага. Адметна, што пасля аднаго з паказаў на абмеркаванні рэжысёр адзначыў гэтую ролю як найбольш удалую ў спектаклі.

 

Многія другарадныя ролі, дзякуючы майстэрскаму выкананню актрысы, часта выходзілі на першы план. Напрыклад, служанка Понсія ў драме «Дом Бернарды Альбы» Ф.-Г.Лоркі, пастаўленай балгарскімі рэжысёрамі Дзімітрам Дзімітравым і Йорданам Славейкавым. Дзень за днём, хвіліна за хвілінай яна назапашвае ў сабе нянавісць і прагу помсты. Пакуль у фінале спектакля сама бярэ ў рукі стрэльбу і нацэльвае на Бернарду, увасабляючы сабой расплату. Роля выходзіць на першы план, становіцца лагічнай развязкай сямейнай драмы.

 

Складаны, супярэчлівы характар Ізабэлы П’емонцкай, якая цягам спектакля вядзе складаны псіхалагічны паядынак з ігуменняй манастыра, стварыла Галіна Букаціна ў спектаклі «П’емонцкі звер» А.Курэйчыка. П’есу паставіў Юрый Лізянгевіч.

 

Актрыса вельмі ўдзячная і гэтаму рэжысёру. Бо у свой час, калі не было роляў, ён заўважыў яе і заняў у сваім спектаклі «І паміраючы дрэвы стаяць», дзе яна сыграла Марыю-Ісабэль. Цікавы вобраз, дзе межы паміж ігрой, у якую яна міжволі ўцягваецца, і сапраўднымі чалавечымі пачуццямі, раптам пачынаюць знікаць, а зусім чужы чалавек становіцца блізкім, родным, сваім.

 

Вышэйшы, непадробны клас акцёрскай ігры

Сёння Галіна Букаціна актыўна занятая ў дзіцячым рэпертуары. Прыгадаем яе гратэскавы вобраз фрэкен Розенблюм з яскравай сцэнічнай фантазіі Ірыны Цішкевіч «Пэппі» паводле вядомай кніжкі А.Ліндгрэн і мюзікла Ю.Кіма. Яна галоўная антаганістка Пэппі Доўгаяпанчоха. Напэўна, актрысе не вельмі цікава было сыграць гэткага вельмі правільнага персанажа, і таму яна дадае вобразу яшчэ адну фарбу, прыўносіць у спектакль тэму жаночай неўладкаванасці. У гратэскавым плане вырашаны і другі яе казачны персанаж – малодшая графіня Вішня ў «Прыгодах Чыпаліна» па матывах вядомай кнігі Д.Радары.

 

З дарослых вобразаў вылучым яе Мод з лірычнай камедыі «Гаральд і Мод» К.Хігінса, Агустыну з дэтэктыва «Восем закаханых жанчын» Р.Тама і Мар’ю Ярмілаву з жыццёвых гісторый «Яшчэ раз пра каханне» паводле апавяданняў В.Шукшына (навела «Восенню»).

У адметнай трактоўцы рэжысёра Уладзіміра Савіцкага чароўная Мод зусім не выглядала жанчынай вельмі сталага ўзросту, хутчэй наадварот. Справа тут была зусім у іншым, хутчэй у адносінах да навакольнага свету, да людзей, да жыцця. Мод быццам адкрывала яго перад Гаральдам . Такім чынам паглыбляўся сэнс і ролі, і спектакля.

 

Шалапутнай, дзівакаватай і эгаістычнай паўстае ў спектаклі «Восем закаханых жанчын» Агустына, сястра галоўнай гераіні. Нейкае спалучэнне амаль звар’яцелай на глебе сквапнасці, пажадлівасці і рэўнасці жанчыны і наіўнага, кранальнага дзіцяці.

 

У спектаклі «Яшчэ раз пра каханне» роля Галіны Букацінай – не з цэнтральных. Тым не менш, актрыса аказваецца здольнай прыўнесці ў спектакль дасцэнічнае мінулае сваёй гераіні, перадаць яе душэўны боль, кранальную пяшчоту і памяць аб тым далёкім юнацкім каханні, якое яна здолела пранесці праз усё жыццё.

 

Патэнцыял актрысы багаты, невычэрпны. Пра гэта яшчэ раз падумалася на вечары памяці Зінаіды Канапелькі, дзе Галіна Мікалаеўна выйшла ў ролі Міроніхі, адзінокай вясковай старой з аповесці Валянціна Распуціна «Апошні тэрмін». Ну што, здавалася б, агульнага ў гарадской інтэлігентнай, вытанчанай жанчыны з простай кабетай сталага веку, ды яшчэ з далёкай Сібіры? Але было жыццёвае праўдападабенства. Нават адметным вымаўленнем актрыса пераконвала, што такая і мусіць быць гэтая Міроніха. Гэта быў самы вышэйшы, непадробны клас акцёрскай ігры.

Коласаўскі тэатр віншуе Галіну Мікалаеўну Букаціну з юбілеем!
Зычыць ёй моцнага здароўя, трываласці, духоўнай моцы, натхнення,
новых яскравых роляў і выдатнага настрою!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X