ФРАНЦУЗСКАЯ МЕЛАДРАМА ФРАНСУАЗЫ САГАН

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа распачаліся рэпетыцыі новага спектакля – «Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва» паводле п’есы знакамітай французскай пісьменніцы Франсуазы Саган. Гэта першая пастаноўка твора на беларускай сцэне!

Прэм’ера адбудзецца 30 красавіка, а 19-й гадзіне.

Над новай пастаноўкай працуе малады беларускі рэжысёр Дар’я Марчанка (г.Мінск). У мінулым годзе яна стала адной з пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу рэжысёрскіх эксплікацый, які праводзіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, чым і заваявала права пастаноўкі на коласаўскай сцэне.

Пераклад п’есы на беларускую мову ажыццявіў паэт, артыст, вядучы майстар коласаўскай сцэны Пятро Ламан. Над сцэнаграфіяй і касцюмамі працуе коласавец Андрэй Жыгур. На яго рахунку работа над такімі спектаклямі, як «Пахавайце мяне за плінтусам», «Белы анёл з чорнымі крыламі», «Цень думкі нашай…», «Смешныя людзі» і іншыя.

Па жанру новы спектакль – меладрама. Камусьці яе сюжэт здасца блізкім, адносіны галоўных герояў у нечым нагадваюць стасункі Настассі Філіпаўны і князя Мышкіна з вядомага рамана Фёдара Дастаеўскага «Ідыёт».

Шмат год Шарлота, жанчына не самых прыстойных паводзін, жыве са сваім палюбоўнікам Антуанам за кошт адзінокіх багатых спонсараў. Разам махляры мараць назапасіць досыць грошай і абсталявацца ў Парыжы. Але планы разбураюцца, калі апошні ўтрымальнік Шарлоты памірае, пазбаўляючы яе спадчыны. Увесь велізарны здабытак пераходзіць незнаёмаму маладому пляменніку Леапольду. Шарлота вырашае, чаго б гэта ні каштавала, ачмурыць юнака і займець усю маёмасць. Але блізкае знаёмства з Леапольдам, які захаваў у сабе чысціню і непасрэднасць дзіцяці, змяняе Шарлоту, нараджае сапраўднае каханне, абуджае скрыпкі яе душы...

Але хто ведае, што мацней – шчырае пачуццё ці прага багацця, чым усё скончыцца...

У спектаклі занятыя артысты Ульяна Ацясава і Алена Шарэпчанка (Шарлота), Георгій Лойка (Антуан), Арцём Герак і Яўген Лук’янаў (Леапольд), Анжаліка Баркоўская і Вольга Куляшова (Агуста), Пятро Ламан (Венклер), Зінаіда Гурбо (Сэлія).

Франсуаза Саган (1935–2004) — вядомая французская пісьменніца, драматург. У 1985 годзе ўганараваная прэміяй князя Манака за ўнёсак у літаратуру.

Ужо ў 19 гадоў стала вядомай дзякуючы першаму раману «Прывітанне, сум!» (1954), які меў бліскучы поспех, быў перакладзены на 30 моў свету. Яна шакіравала сваёй простай гісторыяй, расказанай у фрагментарным і «расчараваным» стылі пра непаўналетнюю дзяўчынку, чуллівую і амаральную, якая ашукала легкадумнага бацьку разам з яго каханкай. Раман малюе, перадусім, унутраны свет самай Саган, які ўжо не змяняўся з той пары: асяроддзе, што складаецца з бяздзейных і павярхоўных людзей, якія знаходзяцца ў пошуку іншай рэальнасці, чым той свет, у якім яны жывуць.

Потым былі іншыя раманы, шматлікія навелы, п'есы, аповесці, напрыклад: «Ці кахаеце вы Брамса?» (1959), «Няшмат сонца ў халоднай вадзе» (1969), «Страчаны профіль» (1974), «Намаляваная лэдзі» (1981), «Тая, што стамілася ад вайны» (1985). Усе творы Саган — пра каханне, адзіноту, незадаволенасць жыццём; яны адрозніваюцца выразнасцю апавядальнай манеры і дакладнасцю псіхалагічнага малюнка.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X