«ДЗЕЦІ. ВЁРСТЫ» БУДУЦЬ ПАКАЗАНЫЯ НА ТЭАТРАЛЬНЫМ ФЕСТЫВАЛІ «БЕЛАЯ ВЕЖА» Ў БРЭСЦЕ

16 верасня Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прымае ўдзел у ХХVII Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа», арганізатарам якога з’яўляецца Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы. Коласаўцы пакажуць спектакль «Дзеці. Вёрсты» на сцэне Брэсцкага тэатра лялек.
Пастаўлены ў лістападзе 2022 года спектакль быў прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Драматург Арцём Казюханаў напісаў п’есу паводле абразка «На дарозе жыцця» і трылогіі «На ростанях». Шляхі Станцыйнага наглядчыка і Кабеты перасякаюцца на дарозе жыцця. У віхуры ўспамінаў яны аб’яднаныя адным пытаннем: куды жыць? Памяць адкрывае старонкі мінулага – адну за адной. Сям’я, пачуццё абавязку, немагчымасць зразумець бліжняга, любоў маці і сына, самалюбства... Насычаны глыбокімі роздумамі, народным гумарам, лірычным настроем, спектакль пераасэнсоўвае спадчыну сусветна вядомага беларускага пісьменніка і яшчэ раз паказвае, што жыццё – гэта моцная сумесь трагічных і камічных эпізодаў.
Рэжысёр-пастаноўшчык Інэс Амамі. Сцэнаграфія і касцюмы Андрэя Жыгура. Кампазітар Павел Салдацікаў. Харэограф Сяргей Талкач.
Ролі на форуме будуць выконваць Святлана Жукоўская (Кабета) і Генадзь Гайдук (Станцыйны наглядчык), а таксама Антон Бараноўскі, Таццяна Рогат, Ксенія Камінская, Міхаіл Асанаў, Цімур Жусупаў, Яўген Бераснеў.
Тэатр імя Якуба Коласа неаднаразова прымаў удзел у фестывалі «Белая Вежа». У 2000 годзе спектакль «Шагал… Шагал…» У.Драздова атрымаў Дыплом і прыз за лепшы спектакль па творах беларускай драматургіі. Праз год Брэст убачыў спектакль «Зямля» паводле творчасці Якуба Коласа. У 2004 годзе паказаная драма «Бацька» А.Стрындберга. Народная артыстка Беларусі Святлана Акружная ўзнагароджаная дыпломам за лепшае выкананне жаночай ролі Лауры. Усе тры пастаноўкі ўвасобленыя колішнім мастацкім кіраўніком тэатра, заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталем Баркоўскім. У 2010 годзе форум вітаў народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса, які выходзіў у цэнтральнай ролі Старога ў спектаклі «Бездань» паводле Р.Брэдберы. У 2019 годзе тэатр адкрываў фестываль спектаклем «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа, дзе Тадэвуш Кокштыс увасобіў чатыры вобразы.
«Белая Вежа» – адзін з найбуйнейшых і найбольш прэстыжных культурных беларускіх форумаў. Штогод на фестывалі працуе міжнароднае журы, у склад якога ўваходзяць аўтарытэтныя спецыялісты, якія вызначаюць узровень і творчае аблічча сучаснага тэатра. У 2023 годзе ў фестывалі возьмуць драматычныя і лялечныя тэатры з 9 краін свету: Беларусі, Расіі, Балгарыі, Даніі, Азербайджана, Казахстана, Узбекістана, Арменіі, Славеніі. Усяго ў праграму ўключаныя 29 спектакляў.
Добавить комментарий