«ЦЕНЬ ДУМКІ НАШАЙ...» НА МІЖНАРОДНЫМ ТЭАТРАЛЬНЫМ ФОРУМЕ «ТЭАРТ»

Адно з самых высокіх дасягненняў тэатра імя Якуба Коласа ў 2017 годзе – удзел у праграме BELARUS OPEN Міжнароднага форума «ТЭАРТ».
15 кастрычніка, у 19.00, у Мінску, на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, коласаўцы пакажуць спектакль «Цень думкі нашай...» – фантазію паводле творчасці беларускага драматурга, аднаго з заснавальнікаў айчыннага тэатра Францішка Аляхновіча.
«ТЭАРТ» праводзіцца з 2011 года. У афішы форума не бывае выпадковых назваў: усе запрошаныя пастаноўкі – прызнаныя ўзоры тэатральнага мастацтва, адзначаныя рознымі ўзнагародамі на прэстыжных міжнародных фестывалях. Імёны рэжысёраў-пастаноўшчыкаў вядомыя ва ўсім свеце: Васіль Бархатаў, Канстанцін Багамолаў, Юрый Бутусаў, Кшыштаў Варлікоўскі, Дзмітрый Валкастрэлаў, Рамэа Касталучы, Ян Клята, Оскарас Каршуновас, Крысціан Люпа і іншыя. Шырокая геаграфія Форума: Аргенціна, Беларусь, Венгрыя, Германія, Ізраіль, Італія, Латвія, Літва, Польшча, Расія, Эстонія, Францыя. «ТЭАРТ» робіць акцэнт на эксперыментах і мастацкім наватарстве ў тэатры.
Арганізатары – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» і ААТ «Белгазпрамбанк» пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Прэм’ера фантазіі «Цень думкі нашай…» адбылася на коласаўскай сцэне 11 сакавіка 2016 года. Рэжысёр-пастаноўшчык Ніна Обухава. У тым жа годзе спектакль быў заяўлены на атрыманне Нацыянальнай тэатральнай прэміі, у 2017-м з поспехам паказаны ў Вільнюсе, па запрашэнню Таварыства беларускай культуры ў Літве.
У спектаклі іграюць артысты-коласаўцы Наталля Аладка, Георгій Лойка, Ульяна Ацясава, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Раман Салаўёў. Мастак-пастаноўшчык – Андрэй Жыгур. Пластыка лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Сяргея Таўкача.
На форуме «ТЭАРТ» спектакль будзе паказаны на беларускай мове, адначасова будуць ісці англійскамоўныя субтытры.
Добавить комментарий