БРЭСЦКІЯ АРТЫСТЫ Ў КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ

26 і 27 лютага на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі. Госці з горада над Бугам прывязуць два спектаклі для дарослага гледача і адзін для дзяцей.
26 лютага 19:00 Бертольд Брэхт МЯШЧАНСКАЕ ВЯСЕЛЛЕ Камедыя Вяселле – самы важны і шчаслівы дзень у жыцці маладых. Усё павінна быць ідэальна: нявеста – неадменна самая прыгожая і незаганная, жаніх – надзейны і рашучы, госці – самавітыя, а бацькі маладых – расчуленыя да слёз. Але варта зазірнуць пад пакровы вонкавай прыстойнасці, як ідэальная выява шлюбу ператвараецца ў эксцэнтрычную карыкатуру на саму сябе. «Мяшчанскае вяселле» – п'еса нямецкага драматурга Бертольда Брэхта, аднаго з самых прагрэсіўных і неардынарных тэатральных практыкаў XX стагоддзя. Шчырая сацыяльная сатыра ў гэтай камедыі спалучаецца з разбурэннем «чацвёртай сцяны». Падхапіўшы саркастычны тон драматурга, рэжысёр Ігар Казакоў намаляваў урачыстае застолле ў спектаклі ў знарочыста гратэскавай манеры з элементамі клаўнады. І праз гэтую насмешку ясна праглядаецца туга па шчырасці, якой у сучасным грамадстве так бракуе. Рэжысёр-пастаноўшчык – Ігар КАЗАКОЎ. У ролях: Узроставае абмежаванне – 18+ Больш фота і трэйлер спектакля - на сайце Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. |
27 лютага 19:00 Франсіс Вэбер ДАРАГІ СКАРБ Камедыя …Франсуа Піньён - няўдачнік. У яго няма працы, жонка пайшла да іншага мужчыны, юрыдычная кар'ера не задалася. Але, нягледзячы на невясёлыя акалічнасці, спадар Піньён не губляе наяўнасць духу. Няма нічога прасцей – пусціць навакольным пыл у вочы. І вось ужо паўзуць чуткі пра незлічоныя багацці звычайнага, нічым не адметнага вартаўніка. Франсіс Вэбер — французскі сцэнарыст і рэжысёр, лаўрэат прэміі «Сезар». Яго дэбютам у кіно стала праца над фільмам «Цацка» са знакамітым П'ерам Рышарам у галоўнай ролі. Гэта чуллівая камедыя прынесла Франсісу Вэберу сусветную слыннасць. Рэжысёр-пастаноўшчык – Цімафей ІЛЬЕЎСКІ. У ролях: Узроставае абмежаванне – 16+. Больш фота і трэйлер спектакля - на сайце Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. |
Усе спектаклі Брэсцкага тэатра драмы ідуць на рускай мове.
Квіткі на гастрольныя спектаклі
можна набыць у касе тэатра імя Якуба Коласа (тэлефон 62-63-81).
У гэтыя ж дні Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа будзе гастраляваць у Брэсце. Коласаўцы пакажуць прэм’ерную камедыю «Мая жонка – падманшчыца» М.Мэё і М.Энэкена, іранічную мілую драму «Пазычанае шчасце» Ф.Палачаніна і музычную казку «Вядзьмарка і Дыназаўрык» А.Якімовіча.
Жадаем усім гледачам – і віцебскім, і брэсцкім – прыемных уражанняў!
Добавить комментарий