БРЭСЦКІ ТЭАТР ДРАМЫ Ў ВІЦЕБСКУ

З 25 па 27 кастрычніка Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы наладзіць гастролі ў Віцебску на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Госці з горада над Бугам прывязуць тры спектаклі для дарослага гледача.

Фрыдрых Шылер. «Крывадушша і любоў». Меладрама.
25 кастрычніка. 19.00. 

Гісторыя пра Папялушку сутыкнулася з жорсткай рэальнасцю – дэспатычны канцлер зусім не рады таму, што яго адзіны сын і наследнік Фердынанд пакахаў простую небагатую дзяўчыну. Луіза не здольная забяспечыць маладому чалавеку ні кар’ерны рост, ні буйны пасаг. Крывадушша, падробленыя лісты, падман і подкуп стануць сапраўдным выпрабаваннем для пачуццяў маладых людзей.

Вялікі нямецкі драматург Фрыдрых Шылер стварыў трагедыю «Крывадушша і любоў» у XVIII стагоддзі. Адлічвае свае гады XXI стагоддзе, але, як і раней, кіпяць супярэчнасці, што хвалявалі аўтара стагоддзі таму.

На што абаперціся, калі ўвесь свет супраць цябе, і ці можа чыстае пачуццё супрацьстаяць падступнаму падману? Адказ на гэтае актуальнае пытанне дасць нямецкі рэжысёр Марсель Крон.

Аляксандр Вампілаў. «Старшы сын». Камедыя ў стылі рэтра.
26 кастрычніка. 19.00.

Людская даверлівасць – адчыненыя дзверы для ўсялякага роду прайдзісветаў. Але калі даверлівасць настолькі шчырая і безаглядная, што кранае нават самую халодную душу?

Студэнт Бусыгін, спазніўшыся на электрычку, разам са сваім сябрам Сільвай уцягваецца ў авантуру – падманвае праставатага Сарафанава і яго дзяцей, прыкінуўшыся пазашлюбным сынам і зводным братам. Але вясёлы падман паступова перастае быць гульнёй. Шчырая радасць Сарафанава, яго блазнаватая дзівакаватасць, прыгажосць ягонай дачкі Ніны, сямейныя нягоды – усё разам абуджае ў Бусыгіне сумленне і спачуванне да гэтых слаўных людзей. Але як жа цяпер прызнацца ў падмане?

Лірычная камедыя ў стылі рэтра, гісторыя аб заблытаных чалавечых адносінах здольная абудзіць лепшае не толькі ў героях п’есы, але і ў гледачах.

Сайман Мос. «Вясёлы ўдавец». Камедыя.
27 кастрычніка. 19.00. 

Горай чумы для маладой пары, Рычарда і Харыет, можа быць толькі прыезд бацькі сямейства. Пра прыгоды Томаса Мэдзісона ходзяць легенды. На пахаваннях уласнай жонкі ён ледзь не скакаў, ніводнай слязы смутку не скацілася па яго шчацэ. І вось ён прыехаў у Лондан перад самым абвяшчэннем тэстаменту памерлай жонкі. Ён ужо прадчувае здабыццё багацця, чым страшна дакучае свайму сыну, паспяховаму рэкламнаму агенту, у якога якраз гарыць праект.

Камедыя становішчаў брытанскага драматурга Саймана Моса, напоўненая тонкім ангельскім гумарам і кур'ёзнымі сітуацыямі, пастаўлена Аляксандрам Козакам адмыслова да юбілею заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Міхала Мятліцкага. І, нягледзячы на неадназначнасць галоўнага героя, яна кажа з гледачом пра сямейныя каштоўнасці. Бо менавіта дружная сям'я - найкароткі і самы надзейны шлях да шчасця.

Адначасова ў тыя ж дні ў Брэсце будуць праходзіць абменныя гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Коласаўцы пакажуць камедыі «Доктар філасофіі» Браніслава Нушыча і «Шукаем тэнара!» Кена Людвіга, а таксама п’есу Джона Патрыка «Дзіўная місіс Сэвідж». Для маленькіх гледачоў - казку «Снежная каралева» Яўгена Шварца паводле Ханса-Крысціяна Андэрсена.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

НФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

               

 

X