БРАВА, РАМАН!

30 лістапада ў Мінску, на сцэне Купалаўскага тэатра, адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння III Нацыянальнай тэатральнай прэміі – найвышэйшай тэатральнай узнагароды рэспублікі, нашага беларускага «Оскара», які з’яўляецца прызнаннем самых яркіх творчых здабыткаў і перамог цэлых тэатраў і асобных акцёраў, рэжысёраў, сцэнографаў.
Коласаўскі тэатр прэзентаваў на прэміі трагікамедыю «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аповесці Паўла Санаева. Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка. Па выніках прэміі малады артыст Раман Салаўёў адзначаны ў намінацыі «Лепшая акцёрская работа ў спектаклі тэатра драмы» за высокае мастацкае выкананне ролі Сашы Савельева.
Пастаноўка дала магчымасць акцёру выступіць у дзвюх узроставых іпастасях: дзіцяці, якое намагаецца спасцігнуць таямніцы быцця, і дарослага, які згадвае мінулае з лёгкай іроніяй. Арганічнае існаванне, глыбокае пранікненне ў псіхалогію героя, гнуткасць псіхатэхнікі, умелае балансаванне на мяжы сур’ёзнага і камічнага ацэнены журы прэміі, крытыкай, калегамі і гледачом. Спадзяемся, што ў маладога акцёра добрая будучыня, што, зрэшты, ён пацвярджае. Толькі за адзін сезон акцёр стварыў тры абсалютна розныя і даволі значныя работы: Саша Савельеў, Косцік («Гэта ўсё яна» А.Іванова) і Рамэа («Рамэа і Джульета» У.Шэкспіра).
Коласаўцы ганарацца поспехамі маладога перспектыўнага акцёра!
З фотаздымкамі з цырымоніі ўручэння III Нацыянальнай тэатральнай прэміі можна пазнаёміцца Ў ГАЛЕРЭІ.
Добавить комментарий