БОЛЬ і ПАМЯЦЬ ЗІНАІДЫ ГУРБО

Самастойную працу – монаспектакль «Незагойная рана» па матывах твораў класікаў беларускай літаратуры Васіля Быкава, Янкі Брыля і Уладзіміра Караткевіча – падрыхтавала адна са старэйшых актрыс коласаўскага тэатра, вядучы майстар сцэны Зінаіда Міхайлаўна Гурбо. Папярэднюю абкатку гэтая работа прайшла 9 мая ў Арт-прасторы – вядомай віцебскай творчай пляцоўцы, дзе ажыццяўляюцца розныя культурніцкія праекты. Зрэшты, тэатральны варыянт, прадстаўлены мастацкай радзе, па словах самой актрысы, значна адрозніваецца ад таго, папярэдняга.

Творы, уключаныя ў кампазіцыю, прысвечаныя тэме і падзеям Вялікай Айчыннай вайны, тым пакутам, якія давялося вынесці нашаму народу ў часы той страшнай чорнай навалы. Работа, паказаная актрысай, уяўляе сабой свайго роду спектакль-рэквіем, спектакль-споведзь. Так можна вызначыць яе жанр. Гэтаму спрыяе чорнае адзенне сцэны і свайго роду аканіцы-краты, завіслыя ў паветры (сцэнаграфія Андрэя Жыгура).

На сцэне – толькі адна актрыса. Яна выходзіць у абліччы жанчыны–маці. Але гэта не канкрэтны, а хутчэй абагульнены, метафарызаваны вобраз. Нездарма ж кампазіцыю адкрывае маналог маці-Беларусі са славутай трагедыі Уладзіміра Караткевіча “Кастусь Каліноўскі”.

Спектакль складаецца з трох навел. Першая з іх – «Незагойная рана» па апавяданню народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Ваенныя падзеі тут быццам і не ўзнікаюць, але страшная трагедыя народа падаецца праз прызму ўспрыняцця простай вясковай кабеты Тэклі, якая згубіла свайго сына-салдата, і ніяк не можа прымірыць сваю свядомасць з гэтай самай цяжкой для яе стратай. Падзеі другой сцэнічнай навелы – «Memento mori» – па аднайменнаму апавяданню Янкі Брыля, які адным з першых у беларускай літаратуры ўзняў тэму «вогненных» вёсак, вельмі нагадваюць жудасную трагедыю Хатыні. Герой яе – просты пячнік, які адмаўляецца прыняць ад ката ў падарунак жыццё і ідзе на смерць разам са сваімі аднавяскоўцамі. Кульмінацыйны момант спектакля – дыялог зондэрфюрэра з печніком. Актрысе выдатна ўдалося перадаць супрацьстаянне двух характараў, а праз іх двух сістэм, адной, заснаванай на маральных, духоўных каштоўнасцях, і другой – антычалавечнай. Завяршае спектакль трэцяя навела – паводле «Балады смяротнікаў» яшчэ аднаго выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Гэта свайго споведзь і разам з тым абвінавачванне вязняў лагера смерці.

Нягледзячы на тое, што на сцэне была толькі адна актрыса, якая змагла трымаць, зараджаць сваёй энергетыкай, сваёй эмацыянальнай узрушанасцю глядзельную залу, не пакідала ўражанне, што за адной постаццю, за адным абагульненым вобразам узнікаюць многія іншыя, чые лёсы, чые душы, чые сэрцы спапяліла вайна.

Пакуль новы спектакль пабачыла толькі мастацкая рада тэатра, але мяркуем, што хутка ён з’явіцца ў афішы Коласаўскага тэатра.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X