«АЗЪ ЕСМЬ БЕСКОНЕЧНОСТЬ» – ГАСТРОЛЬНЫ СПЕКТАКЛЬ ПРА АДВЕЧНЫЯ ПЫТАННІ ЧАЛАВЕЧАЙ ДУШЫ

29 сакавіка (19:00) запрашаем гледачоў на драматычную камедыю «Азъ Есмь Бесконечность» паводле п’есы ўкраінскага драматурга Віктара Панізава «Азъ Есмь Тварь».
Пакінуўшы гэты свет, герой спектакля трапляе ў Чысцец, дзе перад ім паўстае ўсё яго жыццё, напоўненае грахамі і заганамі. Аказваецца, пасля смерці няма проста выбару паміж Раем і Пеклам. А ёсць або існаванне абноўленай Душы, або яе ліквідацыя! І каб яе не «ліквідавалі», чалавек павінен шчыра пакаяцца ў сваім самым галоўным граху. А як жа не хочацца! Як жа не адпускае цябе ўсё зямное: звычкі, ганарыстасць, фанабэрыя, упэўненасць у тым, што табе ўсё даруецца... Калі сустракаешся са сваімі грахамі твар у твар, аказваецца, што самае складанае і пакутлівае – гэта насамрэч зразумець, якія былі твае самыя вялікія памылкі ў жыцці і шчыра папрасіць за іх прабачэнні. Ці пройдзе наш герой усе выпрабаванні праўдай і пакаяннем, ці яго душа будзе кідацца паміж светамі вечна, бясконца пачынаючы ўсё спачатку?
Правакацыйная пастаноўка закранае перш за ўсё спрадвечныя, глыбінныя пытанні чалавечай душы. Ці існуе абсалютнае дабро і абсалютнае зло? І якое яно?
Неймаверны шэраг інтрыгоўных падзей, узрушальная акцёрская ігра і нечаканы фінал не пакінуць гледача абыякавым да таго, што адбываецца на сцэне. Спектакль глядзіцца лёгка, на адным дыханні, гучыць сучасна. І пасля спектакля ідзеш акрылены, упэўнены ў тым, што зараз усё будзе па-іншаму! І ты знойдзеш у сабе сілы задумацца над кожным сваім учынкам, перш чым здзейсніць яго. І свет вакол цябе, нарэшце, зменіцца да лепшага!
Ролю Добрага ў спектаклі іграе папулярны расійскі артыст Ігар Ліфанаў. У кіно ён галоўным чынам герой-каханак, брутальны, моцны мужчына, што не сумняецца ў сабе. Роля ў спектаклі «Аз Есмь Бесконечность» дазваляе раскрыцца ўсім бакам акцёрскага майстэрства Ігара Ліфанава. Ён паўстае не толькі непахісным, але смешным і кранальным, эмацыйным і пакутным, які праз слёзы раскрывае сваю душу навыварат.
У спектаклі таксама занятыя маладыя, але ўжо вядомыя акцёры Сяргей Балашоў (Дрэнны) і Анастасія Ліфанава (Ахвяра).
Спектакль ідзе на рускай мове. Працягласць спектакля - 1 гадзіна 40 хвілін з адным антрактам.
Квіткі на спектакль «Азъ Есмь Бесконечность»
можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
і праз сайт kvitki.by.
Чакаем вас у тэатры!
Добавить комментарий