7 ВЕРАСНЯ «ГУЛЬНЯ Ў ДЖЫН» У ПАСОЛЬСТВЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ У РАСІЙСКАЙ ФЕДЭРАЦЫІ

7 верасня артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа выступаюць у расійскай сталіцы. У межах святкавання Дня беларускага пісьменства ў Маскве, у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, адбудзецца паказ трагікамедыі «Гульня ў джын». Пачатак спектакля ў 19:00.
Коласаўскі тэатр даўно падтрымлівае супрацоўніцтва з Дзелавым і культурным комплексам, паказаў там некалькі пастановак. Маскоўскі гледачы шчыра прымалі музычна-паэтычны вечар «Как я люблю глубину твоих ласковых глаз…» (2015), тэатральны аповяд пра Максіма Багдановіча «Калісь глядзеў на сонца я…» (2018), шлях навяртання «Ваўкалак» паводле Яна Баршчэўскага (2022).
«Гульня ў джын» – трагікамедыя па п’есе амерыканскага драматурга Дональда Лі Коўбэрна ў перакладзе на беларускую мову Уладзіміра Дзюбы.
Адзінокія Уэлер Марцін і Фонсія Дорсі выпадкова сустракаюцца, знаёмяцца і бавяць час за гульнёй у карты. У двух супрацьлеглых па характары людзей – усё ў мінулым, і аб’ядноўвае іх толькі адсутнасць будучыні. У нейкі момант няхітрая забава гульнёй у джын, простыя лекі ад маркоты робяцца для іх сэнсам і нават метафарай жыцця. Ці змогуць героі адкрыць усе карты? І хто ж выйдзе пераможцам у гэтай тэатральнай партыі – адзінокія людзі або ўсё ж такі іх лёс?
Пастаноўка, сцэнаграфія і касцюмы Андрэя Жыгура. Музыка і музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча. Ролю Уэлера выконвае Пятро Ламан, уладальнік медаля Францыска Скарыны, ролю Фонсіі – Анжаліка Баркоўская.
Спектакль ужо займеў поспех на некалькіх тэатральных фестывалях. У 2022 годзе стаў лаўрэатам VIII Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Смаленскі каўчэг» (Расія) у намінацыі «Лепшы спектакль малой формы». Сёлета ў расійскім Навашахцінску на VII Міжнародным тэатральным фестывалі «Пагаворым пра любоў...» Пятро Ламан і Анжаліка Баркоўская атрымалі дыплом «Лепшы акцёрскі дуэт».
Добавить комментарий