28 снежня 2022 года ВЯДУЧЫ МАЙСТАР СЦЭНЫ АЛЕНА ШАРЭПЧАНКА АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ
Алена Віктараўна Шарэпчанка нарадзілася ў вёсцы Новыя Вайханы Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці. Адразу пасля заканчэння сярэдняй школы, маючы выдатныя знешнія і ўнутраныя дадзеныя, выдатную арганіку, вакальныя здольнасці, змагла патрапіць на акцёрскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (курс прафесара, народнага артыста Беларусі Валерыя Раеўскага). У 1993 годзе прыйшла на працу ў Коласаўскі тэатр, якім на той час кіраваў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерый Маслюк.
Ужо першымі сцэнічнымі работамі маладая актрыса звярнула на сябе ўвагу як гледачоў, так і калег па трупе. З буйных роляў гэта была Настачка ў «Несцерцы» Віталя Вольскага і Анэля ў меладраме Ігара Сідарука «Плач, саксафон!».У першым выпадку было сваё, акцёрскае бачанне і прачытанне адпаведна сваёй індывідуальнасці дастаткова традыцыйнага вобраза лірычнай гераіні. Актрыса аднеслася да свайго ўдзелу ў гэтай хрэстаматыйнай пастаноўцы абсалютна сур’ёзна і адказна, прыўнесла ў гэтую ролю адметнасць – нечаканы драматызм і псіхалагізм. Ці не таму сцэны з удзелам актрысы сталі на той час найбольш моцнымі ў пастаноўцы, якая не сыходзіць з рэпертуару больш за 90 гадоў і зазнала розныя пакаленні выканаўцаў.
Даволі скаладаная работа была прапанавана актрысе ў спектаклі «Плач, саксафон!», пастаўленым Міхасём Краснабаевым на камернай сцэне ў 1996 годзе. Па сюжэце 18-гадовая Анэля (яе іграла Алена Шарэпчанка) уступае ў грахоўную сувязь са сваім бацькам (гэтую ролю іграў Валянцін Салаўёў), каб адпомсціць за здраду сям’і. Спектакль нёс элементы эпатажу (як і п’еса, што зведала ўплыў заходнееўрапейскай і амерыканскай драматургіі 20 стагоддзя, напрыклад, таго ж Артура Мілера альбо Тэнэсі Уільямса), але гэта было натуральна для таго часу. Актрыса, здаецца, упершыню для сябе атрымала спробу папрацаваць у складанай плыні псіхалагічнага тэатра. І ёй гэта ўдалося. Шкада, што спектакль ненадоўга затрымаўся ў рэпертуарнай афішы.
І яшчэ пра адну акцёрскую работу таго ж сезону хочацца ўзгадаць. З аўтарскага спектакля Міхася Краснабаева «Вераб’іная ноч» паводле пралогу рамана «Леаніды не вернуцца на Зямлю» («Нельга забыць») Уладзіміра Караткевіча. Алена Шарэпчанка іграла жонку Грынкевіча, удзельніка і аднаго з арганізатараў паўстання 1863 года на Беларусі. Яна становіцца ахвярай чалавечай подласці і падступства з боку царскага генерала Мураўёва. Ёй удаецца выпрасіць у яго дазваленне на памілаванне мужа, але праз кур’ера галоўны вешальнік перадае другі загад аб неадкладным пакаранні смерцю бунтаўшчыка.Актрысе выдатна ўдалося перадаць унутраную моц і вялікую духоўную прыгажосць сваёй гераіні, найперш у паядынку, які вядзе з Пора-Леановічам (В.Салаўёў).
Пазней актрыса неаднойчы сустрэнецца з гераінямі твораў Уладзіміра Караткевіча. Спярша гэта будзе Смерць у музычнай легендзе «Ладдзя Роспачы» па аднайменнай аповесці знакамітага аўтара. Спектакль паставіў Міхась Краснабаеў. Смерць прыходзіць да Гервасія Вылівахі ў яго «самы салодкі час». Каралева падземнага царства не любіць прыходзіць па такіх, як Гервасій, бо яны «прагныя да жыцця» і «так любяць гэтую зямлю», што яна ў сваіх пячорах пачынае «на хвіліну зайздросціць ім». Смерць спраўна выконвае свае абавязкі. І ўсё было добра, калі б не такія, як ён. З яго паводзін, з таго, як ён трымаецца, зразумела, што гэта чалавек з моцным характарам. Смерць спрабуе зламаць яго, але безвынікова. Будучы ўпэўненай ў сабе жанчынай, спаборніцтва з Гервасіем у шахматы яна ўспрымае як гульню. Калі рагачовец прайграе першы раз, дае яму другі шанец, бо пераканана ў сваёй непераможнасці. Галоўнай рысай Смерці з’яўляецца спакой, але праз Гервасія яна яго страчвае. Мабыць так, як Выліваха, не паводзіў сябе ні адзін чалавек, які трапляў у яе царства. У спектаклі па товры Караткевіча сцвярджаецца права чалавека на свабоду: ніхто не мае права здзекавацца з людзей, вымяшчаць злосць на іншых. Таму відавочна, што Гервасій перамагае ў шахматах. Сваёй кемлівасцю і жыццялюбствам ён перахітрыў саму Смерць. Гэта перамога Дабра над Злом, Жыцця над Смерцю.
І гледачы, і тэатральныя крытыкі высока ацанілі вобраз Барбары Радзівіл, які стварыла актрыса ў містычнай легендзе «Чорная нявеста» Аляксея Дударава (пастаноўка Віталя Баркоўскага). Вось што пісала кандыдат мастацтвазнаўства Тамара Гаробчанка пра гэтую работу актрысы: «А.Шарэпчанка таленавіта перадае тое, што на сцэне ўвасобіць вельмі цяжка. Яе гераіня літаральна пранізана каханнем. Барбару немагчыма зламаць, пакуль у сэрцы жыве вера ў каханне. Але змаганне аказваецца няроўным. З розных крыніц да яе даходзяць весткі пра здраду Жыгімонта.Душэўныя хістанні адразу ж выклікаюць Пачвару (У.Ацясава), якая каршуном кружыцца вакол жанчыны, спакушае, цягне ў цемру.Паступова зло завалодвае думкамі гераіні, пранікае ў душу. Барбара і Пачвара твар утвар сядзяць на авансцэне і неадрыўна глядзяць адна адной у вочы. Яны вымаўляюць адны і тыя ж словы – маналог пакуты, маналог развітання. Пачвара перамагае. Барбара выпівае атруту».
Пастаноўкі Віталя Баркоўскага наклалі пэўны адбітак і на творчыя лёсы акцёраў коласаўскай трупы. Іншая эстэтыка, якую ён прыўнёс ў мастацкую палітру спектакляў, зусім не адмаўляла сутворчасці акцёра-выканаўцы і рэжысёра-пастаноўшчыка. Артысты вучыліся поруч з ім больш паглыбляцца не толькі ў свой вобраз, але і ў сэнсавую сутнасць драматургічнага твора. Спектакль «Шагал…Шагал…» па п’есе Уладзіміра Драздова – гэта выдатная старонка ў гісторыі коласаўскага тэатра апошняга перыяду. Ён адкрыў своеасаблівую трылогію пра выдатных беларускіх мастакоў. У гэтай пастаноўцы Алена Віктараўна атрымала ролю Бэлы – вечнай спадарожніцы жыцця славутага майстра, яго музы-натхняльніцы. У выкананні актрыса яна паўстала велічнай, мудрай, загадкава прыцягальнай. З гэтым спектаклем Алена Шарэпчанка разам з іншымі выканаўцамі аб’ездзіла многа краін свету, пабывала на шматлікіх фестывалях.
І яшчэ адна знакавая работа актрысы – рэвалюцыянерка Рашэль у класічнай п’есе Максіма Горкага «Васа». Рэжысёрам гэтага спектакля выступіў яшчэ адзін выдатны майстар – Рыд Таліпаў. Ён адметна вызначыў сэнсавы цэнтр спектакля, не супрацьпастаўляючы, а як бы параўноўваючы пазіцыі Васы (нар.арт.Беларусі Святлана Акружная) і Рашэлі. Псіхалагічныя паядынкі галоўных гераінь былі пабудаваны скрупулёзна і дакладна. У сваім дачыненні да мацярынства гэтыя дзве жанчыны выяўляюць дзіўную аднастайнасць. Яны аддаюць перавагу першым чынам справе, а ўжо потым думаюць аб мацярынстве. Кволы і хворы Фёдар, сын Васы , які памірае за мяжой, не годны яе ўвагі, яна думае толькі пра ўнука. Яе нявестка Рашэль гатова дзеля справы ахвяраваць уласным сынам: «А для мяне няма жыцця па-за гэтай справай. І хай я страчу, ніколі не ўбачу Колю…» А ў выніку, пакуль Рашэль агітуе за гвалт дзеля будучай выгоды, Васа жыве і дзейнічае паводле гэтых перакананняў.
Роўна праз дзесяць гадоў Алена Шарэпчанка сустрэнеца зноў з драматургіяй Горкага, выступіць у ролі Соф’і Каламійцавай у спектаклі «Апошнія», які паставіць новы мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў. Для актрысы ў нейкім сэнсе пераломнай з’яўляецца сцэна са спадарыняй Сакаловай (А.Баркоўская). Сум, нудота, туга па ранейшым каханні да Якава ў першай палове спектакля змяняюць пераасэнсаванне сваіх адносін да дзяцей, страх, непакой і адчуванне сваёй віны перад імі. І калі яна разумее, што наўрад ці зможа штосьці змяніць (слабыя, кволыя дзеці аказаліся зломленымі жорсткасцю людзей і свету), то просіць на каленях у іх даравання.
Знешняя высакароднасць, шляхетнасць у спалучэнні з жорсткасцю, уладарнасцю, прагматызмам, патрыярхальнымі заганамі уласціва сіньёры Капулеці з трагедыі Уільяма Шэкспіра «Рамэа і Джульета», якую паставіў у тэатры ў 2014 годзе народны артыст Расіі Валерый Беляковіч. У спектаклі ёсць пэўнае падабенства ў бацькоў Джульеты і разам з тым вылучаеш больш моцны, валявы характар менавіта ў маці.
Нягледзячы на тое, што актрысе бліжэй вобразы драматычных гераінь (сюды трэба яшчэ дадаць Марыю Крывіц ды Ірыну Гораву з інсцэніровак раманаў Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прыпыніўся ў Гародні» і «Леаніды не вернуцца на Зямлю», Настассю Галіцкую з «Крыжа Еўфрасінні» І.Масляніцынай, Магдалену з «Дома Бернарды Альбы» Ф.-Г.Лоркі), яна з задавальненнем выходзіць у камедыйных пастаноўках, у дзіцячых спектаклях. З першых можна вылучыць Даміцэлю з «Жартаў» паводле М.Чарота, Л.Родзевіча, Я.Купалы, Паўлінку з «Дзвярэй» С.Кавалёва, Дораці Дэбні з «Перабору» Х.Бергера, Дзіяну («Шукаем тэнара!» К.Людвіга), Шыпучыну са «Смешных людзей» (п’еса-жарт «Юбілей») паводле А.Чэхава. Ёсць ва ўсіх гэтых работах выразнасць, дакладнасць, лёгкасць.
Так, у спектаклі «Шукаем тэнара!», лёгкай, забаўляльнай камедыі, дзе на першым плане моцная, ліха закручаная інтрыга з пераапрананнямі, «двайнікамі», любоўнымі непаразуменнямі актрыса стварае вобраз на дзіва раскаванай ва ўсіх сэнсах спявачкі Дыяны, нахабнай і ўнутрана пустой істоты, якая спакусіла добрую палову мужчын кліўлендскай трупы. Прыезд славутага тэнара для яе выдатны шанец. Ужо тут яна не схібіць, не дасць промаху, каб дамагчыся свайго: трапіць на зорны алімп. Праз гэты вобраз выканаўцы ўдалося паказаць заганы правінцыйнага закуліснага асяродку.
У ролі Таццяны Аляксееўны Шыпучынай з «Юбілею» (адной з частак спектакля «Смешныя людзі») актрыса стварыла тыпова чэхаўскі тып псеўдарамантычнай жанчыны – гэтакай паскакухі, страказы, якая з лёгкасцю пералятае з адной кветкі на другую, пераходзіць ад тугі да весялосці, гэтак же легкадумна адносіцца да жыцця і людзей.Жыццё для яе тая ж гульня, той жа тэатр.
Сярод цэлай галерэі казачных персанажаў, сыграных на коласаўскай сцэне Аленай Віктараўнай, хочацца адзначыць ролі Бабулі ката Леапольда («Дзень нараджэння ката Леапольда» А.Хайта), Ластаўкі з «Прыгод Дзюймовачкі» П.Ісайкіна, Снежную каралеву з аднайменнай п’есы Я.Шварца, Капітаншы з «Вясёлага Роджэра» Д.Салімзянава, Коткі з «Афрыкі» Л.Пранчака, Чорта са спектакля «Я буду зоркай!» паводле біблейскай п’есы С.Кавалёва «Шлях да Бэтлеема». У апошняй прэм’еры коласаўскага тэатра «Дванаццаць месяцаў Алеся Замкоўскага паводле творчасці Самуіла Маршака Алена Шарэпчанка стварыла цікавы вобраз Маладой фрэйліны, спалучыўшы ў гэтым характары даволі супярэчлівыя рысы – наравістасць і зашуганасць, языкатасць і пакорлівасць.
За выдатныя заслугі ў галіне сцэнічнага мастацтва Алена Віктараўна Шарэпчанка была ўдастоена Граматы (2010) і Ганаровай граматы (2014) Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама нагруднага знака «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2016).
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
сардэчна віншуе вядучага майстра сцэны Шарэпчанка Алену Віктараўну з юбілеем
і зычыць моцнага здароўя, творчага плёну,
новых яскравых роляў і цікавых праектаў, вытрымкі і бадзёрасці духу!
Добавить комментарий