16 і 24 снежня - ПРЭМ'ЕРА КАМЕДЫІ «НЕЧАКАНАЯ РАДНЯ»

30.10.2025
Камедыі заўсёды карыстаюцца папулярнасцю сярод гледачоў, таму Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа з радасцю звяртаецца да лепшых п'ес. 16 і 24 снежня (19:00) на вялікай сцэне адбудуцца першыя паказы спектакля «НЕЧАКАНАЯ РАДНЯ» па п'есе Браніслава Нушыча «Засмучаная радня».
Гэты сербскі драматург добра вядомы віцебскай публіцы па спектаклі «Доктар філасофіі», пастаўленым коласаўцамі ў 2017 годзе і па сёння знаходзіцца ў актыўным рэпертуары. Новы спектакль таксама будзе напоўнены гумарам, сатырай, яркімі характарамі і раскрывае заўсёды актуальную праблему - прагу людзей да грошай.
Хто не марыць пра вялікую спадчыну, якая вырашыць усе жыццёвыя праблемы? Засмучаныя родзічы, большасць з якіх «дзясятая вада на кісялі», спаборнічаюць у сваім нібыта горы, быццам бы аплакваюць нядаўна памерлага сваяка. Кожны з іх спрабуе давесці, што любіў нябожчыка больш, чым усе іншыя, быў яму неверагодна блізкі і дарагі. Вядома, яны ведаюць, што спачылы пакінуў неблагую спадчыну. І больш таго, у чаканні абвяшчэння волі нябожчыка, радня пачынае загадзя дзяліць прывіднае багацце. Хто ж сапраўды атрымае спадчыну? І на што здольныя сваякі, каб адхапіць вялікі кавалак багацця? Прыходзьце на наш спектакль - і абавязкова даведаецеся!
Рэжысёр спектакля «Нечаканая радня» - Віктар Чэпелеў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, ён жа аўтар сцэнічнай версіі п'есы. Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка, галоўнага мастака тэатра. Музыка і музычнае афармленне Міхаіла Рудака. Харэаграфія Ульяны Ацясавай. Пераклад п'есы на беларускую мову Пятра Ламана, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь.
У спектаклі занятыя: Вячаслаў Грушоў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь / Юрась Цвірка, уладальнік медаля Францыска Скарыны (Агатон), Крысціна Ульяненка (Сімка, жонка Агатона), Георгій Лойка, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (Танасія), Святлана Жукоўская (Віда, жонка Танасіі), Пятро Ламан, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (Трыфун), Яўген Бераснеў / Генадзь Гайдук, уладальнік медаля Францыска Скарыны (Прока), Ніна Обухава (Гіна, жонка Прокі), Вікторыя Шамардзіна (Сарка, удава), Дзмітрый Філімоненкаў (Міча), Вераніка Малашкевіч (Даніца), Таццяна Ліхачова, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь (Цётка, старая жанчына), Аляксей Анісеня (Доктар Петравіч, адвакат), Даніла Катовіч (Паліцэйскі).
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі на спектакль «Нечаканая радня» можна набыць анлайн
- 16 снежня (19:00)
- 24 снежня (19:00)
- 8 студзеня 2026 года (19:00)
- 24 студзеня 2026 года (18:00)
Квіткі таксама ёсць у касе тэатра.
Тэлефон (+375 212) 62 63 81.
Рэжым работы касы:
панядзелак-нядзеля - з 9:30 да 19:30;
перапынкі на абед - 12:00-12:30, 15:30-16:00.
Каса працуе без выходных.



















Добавить комментарий