15 і 16 САКАВІКА – ГАСТРОЛІ МАГІЛЁЎСКАГА АБЛАСНОГА ТЭАТРА ДРАМЫ і КАМЕДЫІ

 

15 і 16 сакавіка на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Артысты з Бабруйска прапануюць віцебскім гледачам спектаклі, якія паспелі займець папулярнасць публікі.

15 сакавіка, 19:00, – лірычная драма «ПЕСЯ і ЯНКА» па п’есе Аркадзя Шульмана і Яна Карпінскага. Прэм'ера адбылася ў верасні 2021 года.

 

Аўтары пазначылі жанр вельмі проста – п'еса пра вайну і пра каханне... Пра вайну, таму што ў аснове сюжэту — падзеі ваеннага часу. Пра каханне, таму што перад намі — гісторыя кахання маладзенькай яўрэйкі Песі і дарослага цыгана Янкі, якія цудам выратаваліся ад знішчэння фашыстамі. У спектаклі суіснуюць два часовыя планы. У ваенным Песя і Янка спрабуюць выжыць ва ўмовах, у якіх выжыць немагчыма. У сучасным састарэлая Песя ўпершыню, з вялікай складанасцю і асцярогай, дзеліцца сваёй гісторыяй з маладым журналістам Ягорам.

 

Для Бабруйска і ўсёй Беларусі такая пастаноўка – заканамерная з’ява. Гістарычныя падзеі 80-гадовай даўніны, часоў Другой сусветнай вайны, жахаюць бесчалавечнасцю і жорсткасцю. Колькі яўрэяў было закатавана і знішчана ў многіх гарадах нашай краіны!.. Каменданцкая гадзіна, жоўтыя шасцігранныя нашыўкі, ізаляцыя ў гета, забарона на гатаванне ежы… Канчатковае знішчэнне бабруйскага гета адбылося ў лютым 1942-га. Агульная колькасць знішчаных бабруйскіх яўрэяў – 25 тысяч чалавек.

 

Вялікую ролю ў пастаноўцы адыграла фінансавая падтрымка Фонду Зелінгера. Адзін з актывістаў – Леў Логінаў (Лондан, Вялікабрытанія), праўнук Меера Зелігера, вядомага ў Бабруйску гадзіншчыка. Пасля вайны ён збіраў па горадзе астанкі загінулых і перавозіў на месца іх масавага расстрэлу ў Каменку. У 1978 годзе на месцы забойства вязняў намаганнямі Меера Зелігера і Марыі Мінц, якая цудам уратавалася ад расстрэлу ў лістападзе 1941 года, узведзены мемарыял, рэканструяваны ў 2006 годзе.

Рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Дарагабед. Мастак-пастаноўшчык Пятро Анашчанка. Музычнае афармленне Аляксандра Петруша. Балетмайстар Маргарыта Папруга.

 

Па выніках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча ў 2022 годзе артыстка Юлія Еўтушэнкава стала лаўрэатам у намінацыі «Лепшая жаночая роля». У намінацыі «Лепшая п’еса сучаснага беларускага аўтара» перамагла п’еса «Песя і Янка».

Узроставае абмежаванне – 16+. Працягласць – 1 гадзіна 55 хвілін з антрактам. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

16 сакавіка, 19:00, – фантасмагорыя «АНЁЛЫ НЕ ПЛАЧУЦЬ» па п’есе расійскага драматурга Асі Катляр. Прэм’ера адбылася ў лістападзе 2022 года.

 

У спектаклі-фантасмагорыі «Анёлы не плачуць» нейкім цудоўным чынам перасякаюцца мінулае і будучыня. У адной кватэры сустракаюцца дзве жанчыны. Адна — алкагалічка, якая пражыла няпростае жыццё, сутыкнулася са здрадай, страціла дзіцё. Другая толькі пачынае жыццёвы шлях, верыць у людзей, дабро і светлую будучыню. Падзеі развіваюцца на сцэне, і паступова гледачы разумеюць, што ў адным месцы ў адзін і той жа час сустрэліся будучыня і мінулае. І Анёлы, якія курыруюць гэту сустрэчу, спрабуюць выратаваць будучыню…

 

Паставіў спектакль і стварыў сцэнаграфію Дзмітрый Нуянзін.

Узроставае абмежаванне – 16 +. Працягласць – 1 гадзіна 20 хвілін без антракту. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайтах:
- kvitki.by
-
24afisha.by
- bycard.by

16 сакавіка бабруйскі тэатр прапануе для юных віцебскіх гледачоў музычную казку «МУХА-ЦАКАТУХА» паводле Карнея Чукоўскага. Пачатак спектакляў – у 11:00 і ў 13:00.

 

Многія ведаюць класічную пра тое, як Муха набыла самавар, запрасіла гасцей. Але з’явіўся страшны злыдзень Павучок, які захацеў загубіць гаспадыню, а выратваў яе смелы Камарык.

У спектаклі гастралёраў – усё крыху па-іншаму. Перад гледачамі з’явяцца Мурашка, Блыха, Конік, Матылёк, Пчала. У кожным – яркі характар, пластыка, адмысловы танец.

 

А патрывожаны Павук з’явіцца нечакана з... самавара і вырашыць... жаніцца з прыгажуняй Мухай! Вось тут ужо і прыляціць Камарык... Чым скончыцца гісторыя – раскажа маляўнічы, вясёлы спектакль.

Рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Кашпур. Сцэнаграфія і касцюмы Наталлі Толак.

Прэм'ера адбылася ў сакавіку 2019 года. Узроставае абмежаванне – 0+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X