БЕНЕФІС АРТЫСТКІ ДРАМЫ, ВЯДУЧАГА МАЙСТРА СЦЭНЫ РАІСЫ ГРЫБОВІЧ

28.10.2026

27 кастрычніка  глядзельная зала Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа была перапоўнена. Прыхільнікі таленту актрысы, вядучага майстра сцэны Раісы Грыбовіч прыйшлі на яе бенефіс з нагоды юбілею. Сапраўды, у Віцебску яе добра ведаюць і любяць. Безумоўна, гэта тая актрыса, спектаклі з удзелам якой карыстаюцца попытам у гледача.

  

Тэатр імкнуўся ў гэты вечар стварыць для публікі добры настрой. У фае іграла віяланчэль (актрыса запрасіла паўдзельнічаць у вечары свайго добрага сябра Леаніда Волкава), на экране дэманстравалася прэзентацыя фотаздымкаў лепшых вобразаў Раісы Сцяпанаўны. А потым адбыўся спектакль «Дамы і гусары» па п’есе Аляксандра Фрэдры, дзе майстра сцэны выконвае адну з цэнтральных роляў – пані Арганову. Публіка вельмі станоўча прымала пастаноўку, адмыслова рэагуючы на ўсе павароты сюжэту, неаднойчы пад час яе гучалі апладысменты.

  

А пасля спектакля адбылася віншавальная частка. Яе адкрылі саксафаніст Яўгеній Карнееў і навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў (кіраўнік групы Кацярына Кацар-Трахіменка). Раісу Сцяпанаўну вітаў намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Віктар Глушын, ён жа ўручыў актрысе Падзяку старшыні Віцебскага гарвыканкама. Шмат цёплых слоў выказаў таксама ў адрас юбілярцы і Глеб Лапіцкі. Ён уручыў Раісе Грыбовіч Ганаровую грамату ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта , якое з нядаўняга часу ўзначальвае. Дарэчы, Раіса Сцяпанаўна павіншавала яго з гэтым прызначэннем.

  

У  Алены Сабіравай была таксама прыемная місія – уручыць Ганаровую грамату Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

  

Вядома, было надзвычай прыемна прымаць віншаванні ад сваіх калег. Ад усіх творчых супрацоўнікаў Коласаўскага тэатра Раісу Грыбовіч вітаў  мастацкі кіраўнік нашага калектыву Канстанцін Ганчароў. Дарэчы, гэты ж дзень ён адзначаў свой уласны дзень нараджэння, аб чым і было аб’яўлена публіцы з вуснаў актрысы.

  

Ад імя ўсіх сяброў і шматлікіх прыхільнікаў таленту актрысы Раісу Сцяпанаўну павіншавала намеснік дырэктара па ідэалагічнай, сацыяльнай рабоце і гаспадарчай частцы ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка «Ганна» Раіса Яршова.

Даволі арыгінальны нумар падрыхтаваў акцёр Беларускага тэатра «Лялька» Сцяпан Малашкевіч, які наўмысна пераапрануўся ў касцюм гусара і ў гэтым вобразе віншаваў з юбілеем віноўніцу ўрачыстасці.

Гледачы яшчэ доўга не адпускалі актрысу са сцэны: абдымалі, уручалі кветкі, казалі цёплыя словы. І Раіса Грыбовіч старалася трымаць залу ў добрым настроі: спявала, жартавала, адным словам, была на ўздыме.

Зычым Раісе Сцяпанаўне моцнага здароўя, яшчэ многа выдатных роляў!
Няхай яе творчы шлях яшчэ доўга будзе асветлены сцэнічнымі сафітамі!

 

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

         

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X